селяні́н, ‑а; мн. сяляне, ‑лян; м.
Жыхар сельскай мясцовасці, асноўным заняткам якога з’яўляецца апрацоўка зямлі. Бацькі Ціхона Піменавіча Бумажкова былі бедныя сяляне з вёскі Пудоўля на Магілёўшчыне. Чорны. // Да рэвалюцыі — прадстаўнік ніжэйшага падатковага саслоўя.
•••
Асадныя сяляне — сяляне ў Вялікім княстве Літоўскім, асноўнай павіннасцю якіх быў грашовы чынш.
Беглы селянін — селянін, які збег ад памешчыка.
Дзяржаўны селянін — у 18–19 стст. селянін, які знаходзіўся на дзяржаўнай зямлі і, акрамя падаткаў, плаціў аброк казне.
Прыгонны селянін — селянін, які з’яўляўся ўласнасцю памешчыка.
Прыпісныя сяляне — у Расіі 18–19 стст. дзяржаўныя сяляне, якія валодалі казённымі землямі і былі прыпісанымі цэлымі паселішчамі да казённых і прыватных прамысловых прадпрыемстваў для выканання дапаможных работ.
Часоваабавязаныя сяляне — былыя памешчыцкія сяляне ў Расіі, якія паводле рэформы 1861 г. вызвалены ад прыгону, але асталіся абавязанымі ў адносінах да памешчыкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Аванту́ра (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Гарэц.), авантурнік (Бяльк., Касп., КЭС), авантурыць (Бяльк.). Словаўтваральныя тыпы і фанетыка сведчаць аб запазычанні з польскай (XVII–XVIII стст.), у польскай мове з франц. avanture, якое ў сваю чаргу з с.-лац. adventura (< advenire ’адбывацца’), а, магчыма, польскае слова непасрэдна з лацінскай мовы. Шанскі, 1, А, 26.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
кабала́, ‑ы, ж.
1. Даўгавое абавязацельства ў Старажытнай Русі, якое ставіла пазычальніка ў асабістую залежнасць ад крэдытора.
2. Своеасаблівы від рабства на Русі ў 14–16 стст. — пажыццёвая асабістая залежнасць за нявыплату пазыкі, нядоімкі і пад.
3. Поўная залежнасць ад каго‑н.; паднявольнае становішча; прыгнёт. Памешчыцкая кабала. Трымаць у кабале. □ Гушка імкнуўся вызваліцца ад пана, а трапіў у кабалу да кулака. Пшыркоў.
[Араб.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кага́л, ‑у, м.
1. Яўрэйскае абшчыннае самакіраванне і сама абшчына ў Польшчы 16–19 стст.
2. перан. Разм. Шумны натоўп, зборышча. У час перакуру ў гаманлівым кагале .. [Тодар], здаралася, забываўся, неасцярожна заглядаўся на дзяўчыну. Вышынскі.
3. у знач. прысл. кага́лам. Разм. Сумесна, гуртам, усе разам. Адзін тут нічога не зробіш. Кагалам, гамузам трэба. Ермаловіч. Бабы кагалам наваліліся на .. [Лявона], адабралі кубак. Кудравец.
[Ад стараж.-яўр. kâhâl — сход.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
е́рась, ‑і, ж.
1. Рэлігійная плынь, варожая догматам пануючай рэлігіі. Барацьба з ерассю. □ Беларускія кніжнікі XVI–XVII стст. перакладалі рэлігійныя творы на «простую»мову, але з аглядкай — не нарабіць бы памылак, не адысці б ад царкоўных канонаў, не ўпасці б у ерась. Шакун. // перан. Разм. Адступленне ад агульнапрынятых правіл, палажэнняў. Абвінаваціць у ерасі.
2. перан. Разм. Бязглуздзіца, лухта. Несці ерась.
[Ад грэч. háiresis — секта.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чынш, ‑у, м.
Гіст. У феадальнай Еўропе — рэгулярныя натуральныя і грашовыя плацяжы зямельнаму ўласніку за карыстанне зямлёй. // На Беларусі і ў Літве ў 15–19 стст. — грашовы аброк. Селяніна на сувязь з рынкам штурхала перш за ўсё неабходнасць уплаты грашовага чыншу і выканання іншых павіннасцей, якія ўсё часцей замяняліся грашовым эквівалентам. «Весці». — Чынш да падатку не належыць, — уставіў слова паспакайнелы Сяргей. Чорны.
[Польск. czynsz ад лац. census — перапіс.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ікано́м ’кіраўнік маёнтка’, ’аканом у кляштары’, ’ашчадны гаспадар’ (Нас.), ікано́мія ’гаспода, панскі двор’ (Бяльк.), ст.-бел. икономъ, иканома ’эканом, загадчык гаспадаркі’. Формы з пачатковым відаць, са ст.-рус. икономъ, икономия (XI–XII стст.) < грэч. οἰκονόμος, οἰκονομία. Гл. Фасмер, 2, 125. Няма падстаў прыцягваць польск. ekonom для тлумачэння ст.-бел. икономъ, як Булыка, Запазыч. Гл. аканом.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заста́ва ’месца ўезду ў мясцовасць і яго ахова’. Рус., укр. застава ’тс’, укр. яшчэ ’залог; харугва’, польск. zastawa ’заслон’, уст. ’залог’, ’сталовы прыбор’, ’плаціна’, серб.-луж. zastawa ’шчыт (у плаціне)’, в.-луж. яшчэ ’залог’, чэш. zástava ’залог’, кніжн. ’сцяг, харугва’, ’натуральная перашкода з дрэў, крыг і г. д.’, славац. zástava ’сцяг’, уст. ’залог’, славен. zastȃva ’сцяг’, ’залог’, ’укладка’, серб.-харв. за̑става, за̏става ’сцяг’, балг. заста̀ва ’застава’, ’хмара, што закрывае сонца’. Ст.-рус. застава ’атрада які ахоўвае войска на маршы ці на месцы’ (XII–XV стст.), ’пост пры ўездзе ў мясцовасць’ (XVI–XVII стст.). Утворана ў прасл. з тэмай ‑a ад дзеяслова zastaviti, прэфіксальнага вытворнага ад staviti (гл. ставіць) ’ставіць нешта на шляху, выстаўляць нешта’ з далейшай спецыялізацыяй значэння ва ўсх.-слав. мовах (> балг.). Шанскі, 2, З, 63, БЕР, 1, 611.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
каза́к¹, -а́, мн. казакі́, -о́ў і каза́кі, -аў, м.
1. У 15—17 стст. ва Украіне і ў Расіі: член ваенна-земляробчай абшчыны пасяленцаў на ўскраінах дзяржавы, якія ўдзельнічалі ў абароне дзяржаўных граніц.
Данскія казакі.
2. Селянін, патомак гэтых пасяленцаў (на Доне, на Кубані і ў некаторых іншых мясцовасцях), а таксама радавы вайсковай часці з гэтых сялян.
Дывізіі кубанскіх і данскіх казакаў.
◊
Вольны казак — пра свабоднага чалавека, які ні ад каго не залежыць.
|| памянш.-ласк. казачо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м. (да 2 знач.).
|| прым. каза́цкі, -ая, -ае і каза́чы, -ая, -ае.
Казацкі конь.
Казачая дружына.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Вікінг ’старажытнаскандынаўскі марскі воін, член рабаўніцкіх марскіх дружын, якія ў VIII–XII стст. нападалі і грабілі еўрапейскія краіны’ (БРС, КТС). Гістарычны тэрмін, запазычаны з рус. викинг (Крукоўскі, Уплыў, 86) < швед. viking < ст.-ісл. vîkingr ’пірат, марскі рабаўнік’, ісл. víking ’паход вікінгаў, пірацтва’ < vîg ’барацьба, бой, забойства’ (Шанскі, 1, В, 97; Ёўгансон, 1, 114–115; Фальк-Торп, 1377).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)