Сель1 ‘дасюль’: вады было роўна сель во (брасл., Сл. ПЗБ), ц.-слав. сель ‘так, настолькі’, сюды ж ст.-бел. селико ‘столькі’ (Ст.-бел. лексікон), ст.-слав. селико ‘столькі’. З се (гл. сей) + ль, часціца, што ўзыходзіць да канцавой партыкулы *‑lě/*‑li, параўн. рус. досе́ль ‘дасюль’ (ESJSt, 13, 798; Фасмер, 1, 531), часціца ‑ко яку серб.-харв. ко̏лико ‘сколькі’.

Сель2 ‘расколіна ў дрэве’, селява́ты ‘пра дошку з расколінай’ (Сл. рэг. лекс., Чэрн.). Параўн. балг. сель ‘раскапаная зямля з руданосным пяском’. Ад *sědlь < *sed‑ (гл. сядзець) з суф. ‑lь; адносна суф. параўн. Слаўскі, SP, 1, 105. Відаць, архаізм, параўн. прасе́ліна ‘шчыліна’ (Некр. і Байк.), рус. рассе́лина ‘расколіна’, ст.-славац. rozsedlina ‘расколіна; правал’, што ўзводзяцца да *sědati sę ‘пукацца, трэскацца’; з іншым вакалізмам ст.-чэш. saděl, sadel ‘сечаная рана’, гл. ESJSt, 13, 803; Фасмер, 3, 445; інакш адносна балгарскага слова БЕР, 6, 600 (з тур. sel ‘бурны паток’). Параўн. яшчэ каш. sedla ‘расколіна, рыска ў лёдзе’ (< *sědlʼa, SEK, 4, 255).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скрып, ‑у, м.

Рэзкі гук, які ўзнікае пры трэнні адзін аб адзін прадметаў ці іх частак. Скрып варот. Боты са скрыпам. □ Чуваць было, як стукнула аб прабой засаўка, пачуўся скрып іржавых завесаў. Пальчэўскі. Фурманка ўжо зусім блізка. Вось яна параўнялася з Панасам, абмінула яго і паехала далей гасцінцам, пакідаючы за палазамі саней пісклявы скрып умёрзлага снегу. Галавач.

•••

За адным скрыпам — разам, адным заходам. Пойдзем за адным скрыпам, мне ўсё роўна ў магазін трэба... — сказала .. [Арына]. Карпаў.

Са скрыпам — з цяжкасцю або нехаця, марудна (рабіць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хале́ра, ‑ы, ж.

1. Вострая інфекцыйная кішэчная хвароба, якая суправаджаецца рвотай, паносам. // Эпідэмія гэтай хваробы. У вёску ўвалілася халера.

2. Разм. груб. Ужываецца як лаянкавае слова. [Рыгор:] Шпіёна ловім. Мы стаім на сваім месцы, а ён не ідзе, халера. Чорны. [Клаўдзя:] — Прызнаюся, таіла тады думачку ў сабе, што Павел ужо мой будзе, а ён... да цябе [Дуняхі], халеры, прысох. Ракітны.

•••

Адна халера — тое самае, усё роўна.

Да халеры — вельмі многа.

Халера яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

[Лац. choléra.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хто́сьці, кагосьці, камусьці, кагосьці, кімсьці, аб кімсьці, займ. неазначальны.

1. Невядома які чалавек; нехта. Вечарам, калі Аня, падаіўшы карову, выходзіла з хлява, яе хтосьці ціха гукнуў з цемры. Мележ. На дарозе глухой Палявой Ён [хлопчык] убачыў з сястрой Кімсьці кінуты воз. Куляшоў. // Адзін з прысутных (не ўказваючы хто). — Вады! — крыкнуў хтосьці з гурту дзяцей. Якімовіч. Хтосьці з хлопцаў ступіў крок наперад і гучна спытаў: — А што тут будзе? Шыловіч.

2. Які‑н. чалавек, усё роўна хто. Толькі часамі ім апаноўвала ажыўленне, у .. [Міхала] з’яўлялася патрэба штосьці камусьці расказваць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адарва́ць, -ву́, -ве́ш, -ве́; -вём, -вяце́, -ву́ць; -ві́; -ва́ны; зак., каго-што.

1. Рыўком, пацягнуўшы, аддзяліць (частку ад цэлага, што-н. прымацаванае).

Адарваць лісток календара.

2. звычайна безас. Адрэзаць, знесці (пра галаву, часткі цела) машынай, снарадам і пад.

Выбухам бомбы адарвала ногі.

3. ад каго-чаго. Рэзкім рухам, пераадольваючы супраціўленне, адняць, аддаліць.

А. ад падлогі.

4. перан. Разлучыць; аддзяліць, пазбавіць сувязі з кім-, чым-н.

Ад Васіля хлопцаў усё роўна не адарвеш.

5. перан. Перашкодзіць займацца чым-н., адцягнуць (ад думак і пад.).

А. ад работы.

А. ад чытання.

Адарваць з пупавінай — вырваць з коранем, выкараніць.

Вачэй не адарваць — вельмі захапіцца прыгажосцю каго-, чаго-н.

Вушы (галаву) адарваць (груб.) — набіць, пакараць.

З рукамі адарваць — узяць, купіць што-н. з вялікай ахвотай.

|| незак. адрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. адрыва́нне, -я, н. (да 1 знач.) і адры́ў, -ры́ву, м. (да 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

згавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑верыцца; зак.

1. Дамовіцца адносна якіх‑н. дзеянняў; дагаварыцца. — Мы згаварыліся, — сказала адна [таварышка], — прыйсці пазней, чым казалі табе, каб ты мела час адпачыць. Чорны. — Мы свой «фэст» наладзім, — казаў Сцёпка, бо моладзь згаварылася пусціць канал якраз у гэты дзень, калі збярэцца народ каля «святога» калодзежа. Колас.

2. Дасягнуць узаемнага разумення, дагаднення. Калі эшалон даў гудок адпраўлення, я ўскочыў у тармазную будку і лёгка згаварыўся з вартавым, які хадзіў па платформе. Навуменка. — З табой мы ўсё роўна не згаворымся. Ідзі ты, Канькоў, лепей у кантору, ды баб агітуй. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імяні́ны, ‑нін; адз. няма.

У католікаў і праваслаўных — асабістае штогадовае свята каго‑н., якое выпадае на той дзень, калі царква адзначае памяць аднайменнага святога. Ёсель хоць і быў непісьменны, але вёў строгі рэестр імянін і ўсіх сямейных свят у Панямонні. Колас. Сваю любоў і глыбокую пашану да мэтра, настаўніка і дэкана студэнты праявілі на ўсю паўнату маладых сэрцаў, калі адзначалі імяніны прафесара Ф. Рушчыца. Ліс. // Разм. Дзень нараджэння. У мяне, дарэчы, імяніны: Заўтра стукне роўна... дваццаць год! Гілевіч. // Святкаванне, бяседа з гэтай нагоды, у гонар гэтага дня. Справіць імяніны. Запрасіць на імяніны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аблі́ць, абалью, абальеш, абалье; абальём, абальяце і аблію, абліеш, абліе; абліём, абліяце; заг. аблі; зак., каго-што.

1. Намачыць, разліўшы што‑н. Абліць настольнік чарнілам. // Абдаць, паліць чым‑н. з усіх бакоў ці зверху. [Барташэвіч:] — З мяне ў снег сцякала вада і валіла пара, быццам маю вопратку абліў хто варам. Карпюк.

2. перан. Ахапіць, абдаць, напоўніць (святлом, пахам і пад.). Гарачае сонца прыветна пазірала, з неба на горад і роўна грэла і аблівала сваім цяплом і святлом. Колас.

•••

Абліць памыямі (граззю) — незаслужана зняважыць, абняславіць каго‑н.

Як халоднай вадой абліць — збянтэжыць, астудзіць чый‑н. запал.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

1. Уступіць у чым‑н., адступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Ведаў [Казік], што ўсё адно маці не папусціцца, настаіць на сваім, і ён ляжа спаць, як заўсёды, роўна ў дзевяць. Шыловіч.

2. Даць сябе ў крыўду. — Не будзе гнаць [ляснічы] цябе за слова: Няма прычын. А папусціся, Тады ідзі ды хоць тапіся. Колас. У крыўду ніхто цябе не дапусціць, дый сам ты не папусцішся. Шынклер.

3. Разм. Дапусціць, дазволіць што‑н. Сёння .. [Васіль] да спадобы Галіне. Можа, таму яна і папусцілася, калі ён у Ваўкаўні папраўляў у яе лыжы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нюх, ‑у, м.

1. Здольнасць да ўспрыняцця і адрознівання пахаў (адно з пяці знешніх пачуццяў). [Конь] хутка ўзяў нюхам дарогу і, весела пырхаючы, пайшоў роўна. Якімовіч. І верне пара аж у столь І смачным пахам нюх ласкоча. Крапіва.

2. перан. Чуццё, кемлівасць. Міхалка не адзін раз выбягаў на гэтую вуліцу і нюхам вясковага чалавека ўгадваў, што недалёка тут павінна быць поле. Колас. [Камбат:] — Старшына Шаплыкаў наогул мае схільнасць да розных пошукаў. У яго нюх — будзь здароў. Васілёнак.

•••

Ні за нюх (панюх) табакі — ні за што, дарэмна (загінуць, прапасці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)