вартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.
1. Ахоўваць, сцерагчы каго‑, што‑н. Вартаваць грамадскае дабро. □ Вартуй свой край з усіх старон; Шануй, як скарб любімы. Глебка.
2. Падсцерагаць, чакаць з’яўлення каго‑, чаго‑н. Павярні ты направа, К гэтай сіняй вярбе: Прытаілася ў травах, Смерць вартуе цябе. Бялевіч. Рыбак не спіць, рыбак не дрэмле, А ўсё вартуе зручны час. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́цемна, прысл.
1. На світанні або на змярканні, прыцемкам. Ты прыцемна будзеш у Шацку, Пранікнеш у змроку цішком... Бялевіч.
2. безас. у знач. вык. Цемнавата. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана, і не паліўшы яго — прыцемна. Баранавых. Хаця было прыцемна, але востры позірк Варыва прыкмеціў на руках у старасты валёнкі і коўдру, а на плячы — вінтоўку. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбагаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць багатым. Легенда казала — на гэтых землях самы найлепшы касец, самы працавіты плугар не разбагацее. Бялевіч. Міналі гады, суседнія арцелі адбудаваліся, разбагацелі. Марціновіч. // на што. Набыць, атрымаць каго‑, што‑н.; разжыцца. Па сухіх месцах пайшоў у ход кустарэз, які як брытваю, зрэзвае не толькі кусты, але і самыя сосны. Разбагацеў ужо на тэхніку генерал. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расшавялі́ць, ‑вялю, ‑веліш, ‑валіць; зак., каго-што.
1. Шавелячы, змяніць становішча чаго‑н.; разварушыць. Расшавяліць вуголле ў печы. // Шавелячы, штурхаючы, вывесці са стану спакою; разбудзіць. Расшавяліць соннага.
2. перан. Абудзіць да дзейнасці, вывесці са стану вяласці, абыякавасці да навакольнага. Узварухнулі, расшавялілі, ускалыхнулі калгасны сход разумныя дакументы партыі. Бялевіч. — Бачу, прападае чалавек. Кругом музыка, а ён кісне. Думаю, пайду, расшавялю... Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раўнаду́шны, ‑ая, ‑ае.
Абыякавы да навакольнага, да таго, што адбываецца. Ні ён сам пра сябе, ні другія пра яго не маглі і не могуць сказаць, што чалавек ён абыякавы, марудны, раўнадушны. Бялевіч. Кастусь гарэў сам справаю паўстання і не мысліў сабе раўнадушнымі сваіх падначаленых. Якімовіч. // Які не выказвае цікавасці, пачуцця любві да каго‑н. // Які выяўляе раўнадушнасць. Раўнадушны погляд. Раўнадушны тон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перазво́н, ‑у, м.
Дзеянне паводле дзеясл. перазвоньваць (у 2, 3 знач.) і перазвоньвацца (у 2 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Перазвон Крамлёўскіх курантаў. □ Адчайна павісквалі скрыпкі, рассыпаліся з вясёлым перазвонам срэбныя бомы. Лынькоў. Касцы ў лугах пачалі сталёвы перазвон. Машара. А званы гудуць, плыве далёка Раніцаю свежай перазвон. Бялевіч. З самай раніцы і да позняга вечара з кузні даносіўся перазвон, малаткоў. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
салда́т, ‑а, М ‑даце, м.
1. Радавы ваеннаслужачы сухапутнага войска. Салдаты і матросы. Узвод салдат. □ Неўміручы подзвіг салдата Аляксандра Матросава, які грудзьмі засланіў амбразуру дзота, каб адкрыць шлях наперад сваім таварышам па зброі. «Звязда». // Ваеннаслужачы наогул. Салдаты вялікай Расіі ў Парыжы ўздымалі сцягі. Бялевіч.
2. перан. Ідэйна загартаваны барацьбіт, удзельнік якога‑н. руху, член якой‑н. арганізацыі. Салдат рэвалюцыі. Салдат партыі. □ Ён [Глебка] быў салдатам пакалення, што праз усе грамы прайшло, Сваё жыццё, сваё натхненне Айчыне роднай аддало. Прыходзька.
•••
Лясныя салдаты — партызаны. Трэба было наладзіць цесную сувязь з народнымі мсціўцамі, трэба, было камусьці пераправіцца да лясных салдат... Бялевіч. Выйшаў лясны салдат з блакаднага пекла ў бяссмерце... Барадулін.
Невядомы салдат — аб загінуўшым за высакародную справу салдаце, прозвішча якога невядома.
Савецкі салдат — баец Савецкай Арміі, вартавы заваёў сацыялізма.
У салдатах (быць, служыць і пад.) — на ваеннай службе.
У салдаты (ісці, браць і пад.) — на ваенную службу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здружы́цца, здружуся, здружышся, здружыцца; зак.
Завесці з кім‑н. моцную дружбу; падружыцца, пасябраваць. [Лабановіч] успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Колас. Расставанне было не лёгкім. За няпоўны год усе здружыліся, палюбілі сваю школу майстроў. Асіпенка. // Зжыцца, звыкнуцца з чым‑н. Пакуль жа за партай, у школе сваёй, Ты з кнігай здружыся юначай душой. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́церабіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.
1. Высечы, ссячы. У той жа дзень .. [Ігнат і Крылоў] выбралі вось гэту дзялянку, дзе яшчэ перад вайной былі высечаны старыя дубы, выцерабілі кусты і з дапамогай жонкі Ігната і яшчэ аднаго лесніка пасадзілі жалуды. Шамякін.
2. Вырваць (пра лён, каноплі і пад.). Умеюць .. [лён] вырасціць, выцерабіць, разаслаць, давесці да ладу шчырыя рукі ільнаводаў. Бялевіч.
3. Разм. Выесці, з’есці. Выцерабіць міску капусты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
галубі́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да голуба, належыць яму. Галубіныя пароды. Галубінае яйцо. // Уласцівы голубу, такі, як у голуба. Галубіны нораў. □ [Машка] рупліва тупала па пяску, тоўхаючыся ўперад галубінай хадой. Брыль. // Заснаваны на выкарыстанні паштовых галубоў. Галубіная пошта.
2. перан. Пяшчотны, ціхі, незласлівы. Галубіная душа. □ — Звонкай песняй, харошаю казкаю Ў душы маёй вернай жывеш, Бо сваёй галубінаю ласкаю Акрыляеш, мне сілы даеш. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)