аддзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.

1. Вылучыць з агульнай адзінай масы што‑н. або адасобіць тое, што знаходзіцца ў злучэнні з чым‑н. Аддзяліць бялок ад жаўтка. □ [Клаўдзя:] — Колькі я табе гаварыла, каб аддзяліць калгасных кароў ад агульнага статка. Шамякін. // Адасобіць, раз’яднаць. Аддзяліць царкву ад дзяржавы.

2. Вылучыць, пазнаць. Аддзяліць істотнае ад выпадковага, галоўнае ад другараднага. Аддзяліць праўду ад хлусні.

3. Раздзяліўшы, засланіўшы, адмежаваць. Новы напор ветру густой заслонай пылу аддзяліў.. [Берднікава] ад групы людзей. Мікуліч.

4. Выдзеліць каму‑н. долю з агульнай гаспадаркі і даць магчымасць весці самастойную гаспадарку. [Данілка:] Дык.. [Сымона і Зоську] аддзяліць трэба, калі ім кепска з намі жыць. Купала. [Мікіту Лазуну] не дае спакою грамадскі выган, дзе ён хацеў бы паставіць другую хату, каб аддзяліць жанатага сына. Хромчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. Незак. да адмовіць.

2. Выступаць праціўнікам чаго‑н.; не прызнаваць існавання, значэння, мэтазгоднасці чаго‑н. Адмаўляць існаванне бога. □ У процівагу В. Дуніну-Марцінкевічу паэт-грамадзяін Ф. Багушэвіч адмаўляў увесь тагачасны, і дзяржаўны лад. Шкраба. Помніць толькі [Сяргей], што ён нешта нігілістычна адмаўляў, і не столькі ад цвёрдага пераканання, колькі ад простай мужчынскай ўпартасці. Шамякін.

3. Абвяргаць што‑н., не згаджацца з кім‑, чым‑н. Да гэтага часу Скуратовіч прызнаўся, што некалькі разоў бачыўся з Толікам, але адмаўляў удзел сына ў забойствах. Чорны. [Уладзік:] — А таму нам [настаўнікам] трэба дагаварыцца загадзя; як трымацца на допыце, што казаць, а пра што маўчаць або адмаўляць зусім, каб не было супярэчлівых паказанняў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апраўда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Даказаць чыю‑н. невінаватасць. [Шашы] хацелася апраўдаць Максіма. Шамякін. // Вынесці прыгавор, які заключае прызнанне падсуднага невінаватым.

2. Даказаць магчымасць чаго‑н. [Лабановіч:] — Калі за прыродаю пайсці, то можна апраўдаць рознае глупства, асабліва, калі пры гэтым пачнеш яшчэ патураць сабе. Колас. // Паслужыць асновай для апраўдання чаго‑н. Памог выпадак, які паклаў канец ваганням Веры Антонаўны і крыху апраўдаў яе ў вачах Васіля Пятровіча. Карпаў.

3. Праявіць сябе вартым чаго‑н. Умей адважна, друг, змагацца І ворагаў перамагаць, Каб добры гонар сына працы Жыццём і смерцю апраўдаць. Глебка.

4. Кампенсаваць, акупіць. [Осіпава:] — Больш, хоць забі, не дам. А то і ягад сваіх не апраўдаю. Пятніцкі.

5. Афіцыйна пасведчыць дакументамі зробленым выдаткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асвяжы́ць, асвяжу, асвяжыш, асвяжыць; асвяжым, асвежыце; зак., каго-што.

1. Зрабіць свежым, чыстым. Першы снег асвяжыў паветра, зрабіў яго прыемным для чалавека. Галавач. Разам з кветкамі ў пакой уварвалася вясна, асвяжыла яго, упрыгожыла. Васілевіч. // Выклікаць адчуванне свежасці, халадку; ахаладзіць. І хоць Алесю ў той час не хацелася піць, ён нахіліўся, і прыемны халадок асвяжыў яго ўсяго. Броўка.

2. Аднавіць сілы, вярнуць бадзёрасць. Тацяна.. напілася, чэрпаючы ваду прыгаршчамі, пражыла вочы. Вада асвяжыла, прагнала сон. Шамякін.

3. Абнавіць, паднавіць. Асвяжыць фарбы. Асвяжыць туалет. □ Учора.. [суседка] прыйшла да іх, пасядзела трошкі, пагаварыла, ды кажа: — Пайду хіба дахаты. Думаю к святу аканіцы асвяжыць. Пальчэўскі.

4. Аднавіць у памяці. Трэба было яшчэ раз перад дзяржаўным экзаменам.. асвяжыць усё ў сваёй памяці. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асвятлі́ць, асвятлю, асветліш, асветліць; зак., каго-што.

1. Зрабіць светлай якую‑н. прастору; напоўніць святлом памяшканне. Мігун не вытрымаў і асвятліў мясцовасць ракетай. Алешка. З горна, як агнявая птушка, узляцела полымя, сыпанула іскрамі ў столь, зашумела і асвятліла кузню чырвоным бляскам. Чарнышэвіч. // Накіраваць святло на які‑н. прадмет, зрабіць яго бачным. [Цётка Марына] з ліхтаром нахілілася да.. [Раманенкі], асвятліла яго твар. Шамякін. // перан. Ажывіць, зрабіць радасным, вясёлым. Танкіст-музыка, як дзяўчына, Усмешкай твар свой асвятліў. Колас.

2. Забяспечыць асвятляльнымі прыстасаваннямі, прыборамі, устаноўкамі; правесці электрычнае святло. Асвятліць вуліцу. Асвятліць дом.

3. перан. Падрабязна расказаць пра што‑н., растлумачыць, зрабіць агляд чаго‑н. Асвятліць падзеі тыдня. □ [Лізунок:] — Вось, таварышы, дазвольце вам тое-сёе сказаць і, як кажуць, асвятліць пытанне, каб была нейкая яснасць. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.

1. Падацца, нахіліцца ўбок; адхінуцца. Бацюшка адхіліўся ў другі бок і, каб не прыкмеціў Пётра, перажагнаўся. Чарот.

2. Збіцца, адысці ад прамога кірунку, ухіліцца ад галоўнага. — Куды ж мы адхіліліся? Дзе ж тут гумно? — раздумліва спытаў Лясніцкі. Шамякін. За гэту бамбёжку Косця атрымаў ад.. начальства вымову — ён адхіліўся ад маршруту. Навуменка.

3. Адгарнуцца, адсланіцца. Пачуліся крокі. Фіранка адхілілася, і ў бакоўку глянула гаспадыня. Пестрак.

4. перан. Пакінуць займацца чым‑н., думаць, гаварыць пра што‑н., перакінуўшы ўвагу на што‑н. іншае, заняўшыся чым‑н. іншым; адысці ўбок. Ну, не буду вам расказваць пра тыя дзівы, якія я ўбачыў назаўтра, бо тады я адхілюся ў бок ад галоўнага. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акуну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Апусціцца ў ваду на некаторы (звычайна кароткі) час. Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. Шамякін. Калі мы самі ўрэшце адважыліся акунуцца, адразу зразумелі, чаму так мала плыўцоў на гэтым гарачым беразе. Лынькоў. // перан. Быць ахопленым чым‑н.; апусціцца ў што‑н. Праваднік уключыў электрыку, і купэ акунулася ў бледна-зялёнае святло. Васілевіч. Мы выйшлі з сада на сенажатную дарогу і акунуліся ў сінія, шаўковыя туманы. Пестрак.

2. перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Восенню 1904 года Алаіза Пашкевіч пераехала ў Вільню, каб у губернскім горадзе акунуцца ў рэвалюцыйныя справы. С. Александровіч.

•••

Акунуцца з галавой у што — поўнасцю аддацца якой‑н. рабоце, дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.

1. Пазбавіць жыцця, гвалтоўна спыніўшы дыханне. Пагранічнікі.. накінуліся на дазорнага [немца]. Яны хацелі задушыць яго моўчкі, каб ён не ўзняў трывогу. М. Ткачоў. Пан і да аднаго доктара і да другога — ніхто не можа скулы вылечыць. А яна вось-вось задушыць яго. Якімовіч. // Не даць магчымасці дыхаць; атруціць (пра дым, пыл і пад.). — Хадзем, курцы, надвор, — сказаў Андрэй. — Тут пыл задушыць. Чарнышэвіч. // Разм. Загрызці, разарваць (пра драпежнікаў). Надоечы перад самым досвіткам жарабя задушылі [ваўкі]. Скрыган.

2. перан. Падавіць, не даць развіцца на поўную сілу. Задушыць паўстанне. □ Як ні імкнуліся царскія сатрапы задушыць баявое, рэвалюцыйнае купалаўскае слова, ім гэта не ўдавалася. Івашын. Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць, і намагаўся задушыць яе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’е́хацца, з’едуся, з’едзешся, з’едзецца; зак.

1. Сабрацца дзе‑н., прыехаўшы з розных месц (пра многіх, многае). — Я пачала ўжо не без трывогі чакаць, калі скончацца канікулы, з’едуцца настаўнікі і я прыйду ў школу. Шамякін. З’ехалася ўся радня, якая толькі была ў шляхецкай акрузе, і вырашыла, што Казімір павінен жаніцца. Пестрак.

2. Разм. Едучы, сустрэцца з кім‑н. дзе‑н. Хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося.. разам з’ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Чорны. — Якраз з Алесем Садовічам на станцыі з’ехаліся і разам дадому ішлі, — як бы апраўдваўся Лабановіч за свой «парожні» выгляд. Колас.

3. Разм. Паспець ехаць разам з кім‑, чым‑н. На веласіпедзе з машынай цяжка з’ехацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зна́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі намерам, колькасцю, сілай і пад. Значная частка. У значнай ступені. □ Малыя варожыя заслоны, якія трапляліся на шляху, — знішчалі [байцы]. Ад сустрэчы са значнымі сіламі ворага ўхілялася, заходзілі глыбей у лясы. Шамякін. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, .. тым болей, што для гэтага трэба зрабіць значны крук. Колас.

2. Важны па значэнню; істотны. Значныя падзеі. Значная роля. □ Астаючыся верным сабе, Кашын не прапускаў ніводнага больш-менш значнага сходу. Карпаў. // Разм. Які займае высокае становішча ў грамадстве; уплывовы. Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.

3. Разм. Бачны, прыметны. Вусны дзедавы складаліся ў ледзь значную ўсмешку. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)