Табін, ст.-бел. табинъ ’гатунак тоўстай шаўковай тканіны’, табинокъ ’тая ж тканіна з прымессю воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. та́бін, таби́н, ’гатунак шаўковай тканіны’, рус. табенек, полутабенек ’від шаўковай тканіны’. Старабеларускія і польскія словы Булыка (Лекс. запазыч., 115; БЛ, 17, 64–65) выводзіць непасрэдна з тур.-перс. tabin = tabi ’тс’. Украінскае і рускае словы лічацца запазычаннямі адпаведна праз польск. дыял. tabin ’гатунак шаўковай тканіны’ або ням. Tabin ’тс’ з франц. tabis (у XIV ст. atabis) ’муараваная шаўковая тканіна’ праз ісп. tabí ’тс’ з араб. attābī ’тс’. Арабская назва тканіны паходзіць ад at‑Attābī́yah, назвы квартала, дзе яна выраблялася (ЕСУМ, 5, 499; Фасмер, 4, 6; Брукнер, 563).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бало́ння, ‑і, ж.

Капронавая плашчавая тканіна з аднабаковым непрамакальным пакрыццём. Паўлік быў у куртцы з балонні. Гаўрылкін. // Разм. Плашч або куртка з такой тканіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаз, ‑у, м.

1. Спец. Большая тоўстая частка шкуры з крыжа каня.

2. Уст. Лепшы край кавалка тканіны, як у час продажу клалі напаказ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мануфакту́ра ’фабрыка, тэкстыльная фабрыка’, ’тканіны’ (ТСБМ). Са ст.-польск. manufaktura ’рамесніцкая праца ў цэху’, ’вырабы (тканіны) тэкстыльнай прамысловасці’, якое з с.-лац. manufactura < лац. manu facere ’рабіць рукамі’ (SWO, 452; Голуб-Ліер, 302).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

балдахі́н, ‑а, м.

Заслона пераважна з каштоўнай тканіны на слупках над ложкам, катафалкам, насілкамі і пад. Спальня караля. Вялізны ўпрыгожаны ложак пад балдахінам. В. Вольскі.

[Іт. baldacchino.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перафарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.

1. Афарбаваць, пафарбаваць нанава, у іншы колер. Перафарбаваць тканіны. Перафарбаваць валасы.

2. Афарбаваць, пафарбаваць усё, многае. Перафарбаваць усе машыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перачарні́ць, ‑чарню, ‑чэрніш, ‑чэрніць; зак., што.

Разм.

1. Зрабіць вельмі чорным.

2. Пафарбаваць у чорны колер, пачарніць усё, многае. Перачарніць усе тканіны. Перачарніць усё серабро.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плашчані́ца, ‑ы, ж.

Прадмет культу ў праваслаўнай царкве ў выглядзе кавалка тканіны, з намаляваным Хрыстом у труне. Сярод царкоўкі плашчаніца Стаіць між елачак зялёных. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шму́ляцца, ‑яецца; незак.

1. Выцірацца, зношвацца ад частага ўжытку (звычайна пра адзенне). Шмуляецца каўнер.

2. Церціся, сцірацца, націрацца (пра скуру). Ад грубай тканіны шмуляецца шыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жгут, -а́, М жгуце́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Эластычная гумавая трубка, бінт або іншы прадмет для перавязвання канечнасці, каб спыніць кровацячэнне.

Налажыць ж.

2. Туга скручаны кавалак тканіны, пучок саломы і пад.

Саламяны ж.

|| памянш. жгу́цік, -а, мн. -і, -аў, м.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)