дадо́му, прысл.
У свой дом, у сваю хату, кватэру; дамоў. Дзяўчынка з маёвага лесу Пад поўдзень дадому прыйшла, Бярэма сінюткіх пралесак З дзялянкі лясной прынясла. Калачынскі. — А цяпер, садоўнікі, .. дадому, абедаць! — камандуе дзед Мірон. Даніленка. // На радзіму, у родныя мясціны. Прыехаць дадому на пабыўку. □ Са зваротам дадому Прывіталі суседзі. Броўка. // У свой двор, у гаспадарку. — Усялякі каменьчык з поля добры гаспадар цягне дадому, каб даць яму лад. Чорны. Хлопцы прыпынілі статак. Гнаць дадому было яшчэ рана. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жва́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Паўторнае перажоўванне жвачнымі жывёламі ежы, якая адрыгаецца ў поласць рота. Згубіць жвачку. // Ежа, якая паўторна перажоўваецца. Падласка ляжыць каля плота, на сонейку, спакойна глядзіць і перажоўвае жвачку. Брыль.
2. Разм. Гумка, табака і інш., якія ўжываюцца для жавання. Гум[а]вую жвачку жуе У крэсле заморскім палкоўнік. Калачынскі. // перан. Нуднае, надакучлівае паўтарэнне аднаго і таго ж. Пішам пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. Панчанка.
•••
Жаваць жвачку гл. жаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зляпі́ць, зляплю, злепіш, злепіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць што‑н. лепкай. Зляпіць снежную бабу. Ластаўкі зляпілі гняздо пад страхой. // перан. Зрабіць неакуратна, хутка, на скорую руку. Вершы па заказу не пісаліся. Калі і злепіш які, выглядаў кволым, змардаваным. Калачынскі. — А раней злепіць чалавек халупу: мох сабе тырчыць, вуглы сабе, нават канцы бярвення не адпілуе... Васілевіч.
2. Разм. Злучыць чым‑н. ліпкім, клейкім; склеіць. Зляпіць лісты паперы. // Змацаваць кавалкі, часткі чым‑н. клейкім, ліпкім. Зляпіць кавалкі статуэткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
но́сьбіт, ‑а, М ‑біце, м.
1. Той, хто валодае, надзелены чым‑н., можа быць выразнікам, прадстаўніком чаго‑н. Людзі працы з’яўляюцца ў Купалы носьбітамі маральнай красы і высакародства. Івашын. Сейбіт волі, носьбіт гневу, Ён душой прарочай верыў: Бура грымне, бура грымне!.. Калачынскі.
2. Аб рэчах, прадметах і пад., якія валодаюць якімі‑н. уласцівасцямі. Ні самалёты, ні танкі з запыленай пяхотай на брані, ні носьбіты пераможнага гулу — гарматы — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпло́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Нованароджанае патомства (пераважна свойскіх жывёл або жывёл, якія маюць гаспадарчае значэнне). Гумно паўнела з кожным годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас. Праз некаторы час прывезлі яшчэ некалькі зуброў, якія хутка далі прыплод. В. Вольскі. // Прырост у свойскіх жывёл. Штогодні прыплод у жывёлагадоўлі. □ [Нікадзім:] — Не, сынку. Буду рабіць па-свойму. Мне яна [карова] яшчэ і прыплод дасць, вось пабачыш. Лупсякоў. Калісь ляснік калоду Да хвоі прывязаў, Ад пчол лясных прыплоду І ўзятку іх чакаў. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пупы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Зародак ліста, парастка або кветкі. Млеюць у .. [сонечных] праменях дрэвы, пупышкі на іх патрэскаліся, вось-вось загарацца зялёным агнём. Ермаловіч. [Марылька] трымала ў адной руцэ сумку з кніжкамі, а ў другой вярбовыя галінкі з маленькімі пупышкамі. Чарнышэвіч.
2. Разм. Мякаць на канцы пальца. Калола ў пальцы, у пупышкі, як іголкамі. Пташнікаў. Збываючы квецені лішкі, Сукі ахінуліся ў дым, І завязь, як пальцаў пупышкі, Ужо выступала пад ім. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сеа́нс, ‑а, м.
1. Публічная дэманстрацыя ці паказ чаго‑н. у вызначаны прамежак часу. Сеанс паказу мадэлей. □ Да пачатку сеанса было з паўгадзіны. Шыцік. І на прасёлачных дарогах, Вячэрні скончыўшы сеанс, Паіў і пасвіў ён [механік] гнядога Да самай поўначы не раз. Калачынскі.
2. Выкананне чаго‑н. (работы, лячэння і пад.) ва ўстаноўлены прамежак часу, а таксама прамежак часу, у які адбываецца што‑н. Сеанс гіпнозу. □ [Сяргей:] — Я партрэты хутка раблю, тры-чатыры сеансы — і гатова. Рэшту дапрацую без арыгінала. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліставы́ 1, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да ліста 1; у лістах. Ліставая салата. □ [Марцін] ачышчаў стол ад свайго тытуню, і крышанага і ліставога. Чорны. // Які мае лісце, пакрыты лісцем; лісцевы. Сасновы бор чаргуецца з дубровай, з бярозавым гаем, з грабавым лесам, з ліставымі змешанымі пералескамі. В. Вольскі. Лес, трыумфуючы па-свойму, Прыходу юных рады быў: Шумеў галлём узнёсла хвойны, А ліставы ў далоні біў. Калачынскі.
ліставы́ 2, ‑ая, ‑ое.
Зроблены ў выглядзе ліста 2 (у 1 знач.). Ліставое жалеза. Ліставая сталь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
міг, ‑у, м.
Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, момант. Воўк завыў ад болю і схаваўся пад вадой, але праз міг вынырнуў і штосілы паплыў назад. Краўчанка. Колькі ўсяго прагучала ў хвіліну, Колькі за міг занялася ў душы!.. Кірэенка. // Пэўны прамежак часу. І мы запомнілі той міг, Бо сэрцам верылі ў адно — У новы век для нас усіх Сам Ленін адчыніў акно. Калачынскі. Лета, кароткае лета, Міг урачыстасці кветак, Свята паўночнай красы. А. Александровіч.
•••
У адзін міг (момант, імгненне) — вельмі хутка, імгненна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паграні́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца каля граніцы, уздоўж граніцы. Пагранічная зона. □ Тут ляжала калісьці прасека Пагранічнай лясной паласы. Калачынскі. Пагранічная пушча вакол загула. Куляшоў. // Які адбываецца на граніцы. Пагранічны інцыдэнт. Пагранічная служба. // Які паказвае граніцу. На бурым .. фоне прыемна вылучаюцца паласатыя пары пагранічных слупоў. Брыль.
2. Які мяжуецца з кім‑, чым‑н. Пагранічная рэспубліка. Пагранічныя горы.
3. Які мае адносіны да аховы граніцы. Пагранічная варта. Пагранічная застава. Пагранічны гарнізон. □ Прыдзвінне ад Полацка да граніцы з Латвіяй было краем насцярожанай пагранічнай цішыні. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)