падцягну́цца, ‑цягаўся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Трымаючыся за што‑н. рукамі, падцягнуць сваё цела куды‑н., да чаго‑н. Падцягнуцца на турніку. □ Хлопчык ухапіўся за голле, падцягнуўся і вылез на бераг. Хадкевіч.

2. Рухаючыся куды‑н., сабрацца, дагнаць пярэдніх. Падцягнуліся войскі да лініі фронту. □ Першая [падвода] прыпынілася і стала чакаць астатніх, пакуль падцягнуцца. Васілеўская. Самалёты парамі пабеглі на старт і цесным строем ірванулі ў паветра. Яшчэ на развароце заднія падцягнуліся, перастроіліся, і група лягла на курс. Алешка.

3. Разм. Падрасці, стаць большым. — Так... Хлопец не з дужых... І ростам не выйшаў... — Ну, рост не такі ўжо страшны, хлопец яшчэ падцягнецца. Лынькоў.

4. перан. Разм. Пачаць лепш выконваць работу, свае абавязкі, дагнаць лепшых, стаць больш дысцыплінаваным, акуратным. Пацягнуўся калектыў, вялікі давер натхняў, бадзёрыў. Узялі абавязацельствы працаваць яшчэ лепш. Кулакоўскі. Адных сакратар пакрытыкаваў, другім параіў падцягнуцца да ўзроўню перадавых. Кавалёў. — Малайчына, Ваня, — сказала настаўніца. — Вось толькі з пісьмом трэба падцягнуцца... С. Александровіч. // Стаць падцягнутым, строгім, акуратным. Пасля наведвання клуба кожны неяк падцягнуўся, стаў больш строгім, сабраным, старанным. «Звязда». Старшыня звыклым рухам паправіў рэмень, падцягнуўся і казырнуў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыл, ‑у; мн. тылы́, ‑о́ў; м.

1. Задняя частка, старана чаго‑н.; частка, старана, процілеглая пярэдняй. [Палякі] ніяк не чакалі, што гэта небяспека іх можа налучыць з тылу, з заходняй часткі вёскі, дзе і спыніліся чырвонаармейцы і партызаны. Колас. Агінаючы з тылу астравок, Высоцкі суцішыў крок, і пакуль ішоў, ні аб чым не думаў. Кірэйчык. // Знешняя паверхня рукі, процілеглая далоні. [Андрэй Данілавіч] вяртаецца назад, засяроджана выцірае губы тылам далоні і апускаецца зноў на канапку. Ракітны.

2. Тэрыторыя, размешчаная ззаду лініі фронту. Глыбокі тыл. □ [Андрэя], параненага пры вызваленні Мінска, адправілі ў далёкі тыл. Дуброўскі. Здаецца раем тыл заўсёды Байцу, які прайшоў франты. Непачаловіч. // Тэрыторыя, якая знаходзіцца ззаду таго ўчастка, які займае тое ці іншае вайсковае злучэнне. Тыл арміі. Тыл батальёна.

3. звычайна мн. (тылы́, о́ў). Сукупнасць часцей, падраздзяленняў і ўстаноў, якія ствараюцца для матэрыяльнага, тэхнічнага і медыцынскага забеспячэння войск. [Каралёў:] — Як новаму ў нас чалавеку, трэба ведаць, што мы — авіятэхнічны батальён. Асобная часць, тыл авіяцыі. Алешка.

4. Уся тэрыторыя краіны, якая вядзе вайну, разам з насельніцтвам, у процілегласць фронту. [Драздоў:] — Тыл дае арміі ўсё больш і больш зброі. Дудо.

•••

З тылу — акольным шляхам (зайсці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упра́віць, упраўлю, управіш, управіць; зак., каго-што.

1. Уставіць на месца што‑н. вывіхнутае. Дзед Беласпай управіў Паўліку вывіхнуты сустаў, і хлопчык ужо мог наступаць на хворую нагу. Беразняк.

2. Разм. Усунуць, уставіць што‑н. куды‑н. Шульц раздзьмуў мяхі і ўправіў у агонь кавалак жалеза. Гартны. Каб зрабіць больш-менш паслухмяным [бугая], яму патрэбна было ўправіць у ноздры кальцо. Ракітны.

3. Разм. Аддаць, прадаць. [Залман:] — Гэтулькі лесу чорту лысаму ўправіць! Лобан.

4. Разм. Даць увязнуць, увагнаць у што‑н. вязкае, грузкае. Так управіў воз у гразь, што ледзь выцягнулі. □ Цётка Іваніха зачыняе вароты, паказвае на дарогу: — Глядзіце ж, кабылу на.. грэблі не ўпраўце. Васілевіч.

5. Разм. Дагледзець, зрабіць усё па гаспадарцы. Маці працавала, мабыць, больш за нас усіх, разам узятых. Падумаць толькі! Дагледзець скаціну, управіць гаспадарку, напрасці і наткаць палатна і сукна на ўсю сям’ю. Дубоўка. [Андрэіха:] — Ай, Яўхім! Дзе б ты адным сваім канём дзве гаспадаркі ўправіў. Чарнышэвіч. Прошаным канём гаспадаркі не ўправіш. Прыказка.

6. перан. Разм. Загубіць каго‑, што‑н. Прыпала Зося губамі да болькі і заекатала, зайшлася з плачу.. Валасы рвала на сабе, праклінала, што сама сваё дзіця ўправіла. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадо́к, хадака, м.

1. Той, хто ходзіць пехатой. І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Асоба, якая паводле службовага або спартыўнага абавязку павінна многа хадзіць. Першы ішоў ляснік. За ім лёгкім крокам натрэніраванага хадака нячутна ступаў незнаёмец. Паўлаў. — Э, гэта недалёка! — быццам узрадаваўся стары. — Добры хадок да ночы дайшоў бы. Шамякін. // Разм. Той, хто пастаянна ходзіць па якіх‑н. справах. «Вось табе і хадок па судах», — успомніўшы тое, што сёння днём чуў пра Асмалоўскага, падумаў Сяргей з цеплынёй у душы. Сіўцоў.

2. Выбарная асоба, пасланая куды‑н. з даручэннем, хадайніцтвам. Вы ведаеце здарэнні, калі цар задавольвае просьбы. [Лабановіч:] — Але ці ведаеце вы такія здарэнні, калі цары высылалі хадакоў ад сялян у Сібір? А такія здарэнні былі. Колас. — Мяне сяляне паслалі да Леніна хадаком, з наказам, каб бальшавікі бралі ўладу. Гурскі.

•••

Не хадок куды — пра таго, хто больш не пойдзе, не хоча хадзіць. — Не, Ёсіп, з табою больш, я не хадок. Іду ў калгас угнаенні вазіць, — з нейкай асабліва вясёлай незалежнасцю паведаміў Макар. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. дапоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

1. Паўзучы, дасягнуць якога‑н. месца. Поўз [Міхась] на руках, з параненай нагой, толькі ў бялізне. Моўчкі дапоўз да ракі і, не могучы больш, пакаціўся зверху на лёд. Брыль. // перан. Паступова дайсці, пашырыцца да якога‑н. месца. Пад поўнач у некаторыя хаты дапаўзла нясмелая чутка, што «тут начуюць два бальшавікі». Чорны.

2. Разм. Марудна або з цяжкасцю дайсці, даехаць куды‑н. Толькі праз тыдн[і] два цягнік дапоўз ад Масквы да Мінска. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адле́гласць, ‑і, ж.

1. Прамежак паміж двума прадметамі. За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. // Адрэзак шляху пэўнай велічыні, працягласці. За мінуту штучны спадарожнік праходзіць велізарную адлегласць. □ Дзімін, відаць, хваляваўся, бо рукі ў яго былі закладзены за спіну і мераў ён адлегласць — крокаў дзесяць туды, крокаў дзесяць назад — таропка, нецярпліва. Карпаў. // Прамежак у часе. Адлегласць доўгую да перамогі Гадамі давялося вымяраць. Аўрамчык.

2. Больш-менш аддаленае месца; далечыня. Перадача электрычнай энергіі на далёкія адлегласці.

•••

Трымаць на адлегласці гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атрэ́сці, атрасу, атрасеш, атрасе; атрасём, атрасяце; пр. атрос, атрэсла і атрасла; зак., што.

Трасучы, ачысціць што‑н. ад чаго‑н.; абтрэсці. Старэйшая дзяўчына паднялася, атрэсла са спадніцы траву і пясок. Асіпенка. Капеж зіме хвіліны лічыць, атрэслі снег цяжкі лясы. Машара. // Абабіць што‑н. трасучы, калоцячы; абкалаціць. Атрэсці грушу. // перан. Пазбавіць ад чаго‑н. нежаданага, непрыемнага, дакучлівага. Народы нашы чорнай долі здзек атрэслі, І больш гісторыя кайданаў не начэпіць. Пушча. Зноў зацвітуць лугі, даліны, І атрасуць свой сон лясы. Колас.

•••

Рукі атрэсці гл. атрапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аздо́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

Упрыгожыць, надаць прыемны выгляд. Аздобіць сцены мазаікай. □ Даніла Саротнік стаў ля.. [дзяўчат], і хутка яго юнацкі басок аздобіў песню мужчынскім голасам. Чарнышэвіч. Шукаем, творым мы багацце ўпарта на полі, у горах, дзе хто мае змогу, каб ім аздобіць сонечнае заўтра. Дубоўка. Прарэзала неба вясёлка дугой, Аздобіла далі красою сваёй. Журба. // перан. Зрабіць больш поўным, багатым на ўнутраны змест. Казку дзіўную чуў у юнацтве: Некі волат, ці то чарадзей, Стагоддзі правёў у бунтарстве, Каб аздобіць шчасцем людзей. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акуля́ры, ‑аў; адз. няма.

1. Аптычная прылада з двух шкельцаў з аглабелькамі. Служыць для выпраўлення недахопаў зроку або засцярогі вачэй ад пашкоджанняў. Ад шкельцаў акуляраў, як ад люстэрак, па траве скакалі сонечныя зайчыкі. Хомчанка. У пісара былі чорныя вусы, праўда, кароткія, і рэзка азначанае месца барады, заросшае кароткаю густою шэрсцю, невялікі задзёрты нос і прыплюшчаныя блізарукія вочы, прыкрытыя цёмнымі акулярамі. Колас.

2. Кружок больш светлай або цёмнай афарбоўкі вакол вачэй у жывёл.

•••

Акуляры наставіць гл. наставіць.

Глядзець праз ружовыя акуляры гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абску́бці, ‑скубу, ‑скубеш, ‑скубе; ‑скубём, ‑скубяце; зак., каго-што.

1. Паабрываць, ачысціць, скубучы. [Кавалёў:] — Кажу — бяры! Хто там мне яго [цецерука] абскубе ды выпатрашыць. Чарнышэвіч. [Гукам:] — Колькі разоў я прасіў цябе: не чапай лісця. Дурная звычка! Гэтак ты за лета ўвесь каштан абскубеш. Шамякін. // Скубучы падраўноўваць, рабіць больш роўным, гладкім (пра сена, салому і пад.). Абскубці стог.

2. Пасашчыпваць, паз’ядаць траву (пра коней, авечак, птушак і пад.). Гусі і качкі абскублі.. [траву] так нізка і гладка, бы хто ножкамі штодзень рэгаў тут маладую атаву. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)