прызва́нне, ‑я, н.
Унутраная цяга і здольнасць да якой‑н. справы, прафесіі. Але прызванне Максімкі было не ў гэтым. Музыкай ён займаўся толькі ў час адпачынку, а больш за ўсё яму хацелася будаваць. Гурскі. З фельчарскімі абавязкамі вы спраўляецеся някепска, але мне здаецца, што па прызванню вы ўсё ж не медык. Арабей. Арганізоўваць, камандаваць — гэта .. [Сцёпкава] прызванне, яго стыхія. Жычка. // Прызначэнне. — Знаеце, што я вам скажу, Міцкевіч? — узрушана прамовіў Кудрынскі. — Беларускі верш — вось ваша сапраўднае прызванне! С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыўзня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца; зак.
1. Трохі ўзняцца, перамясціцца ўгару. Матор напружана ўзвыў, вал пад’ёмніка закруціўся, кузаў прыўзняўся. Вышынскі. Шырокія бровы прыўзнялася, а вейкі ледзь прыкметна ўздрыгнулі. Васілёнак.
2. Трохі прыўстаць, падняцца. Угледзеўшы настаўніка на парозе канцылярыі, пісар прыўзняўся ў крэсле, працягнуў суседу руку, як добры знаёмы, як прыяцель. Колас. Георгій напружана прыўзняўся, абапіраючыся на мыліцы, твар яго пабялеў. Мележ.
3. перан. Стаць лепшым, радасна-ажыўленым. Настрой яшчэ больш прыўзняўся, калі вечарам мы сышліся ўсе разам. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыхарашы́цца, ‑рашуся, ‑рошышся, ‑рошыцца; зак.
Разм.
1. Апрануцца прыгожа, хораша, лепш, чым раней, чым звычайна. Купіла.. [Марылька] за тыя грошы сабе новую сукенку, чаравікі, прыхарашылася так, што ўсе сяброўкі зайздросцяць ёй. Якімовіч. І неўзабаве мы, прыхарашыўшыся, наколькі дазвалялі небагатыя ўборы, што меліся ў нас, выправіліся да дзяўчат. Марціновіч.
2. Надаць сабе больш прыгожы, прыгажэйшы выгляд. Маладзіца ўжо ў кабіне выняла люстэрка і какетліва паправіла спадаўшыя на лоб завіткі. Прыхарашылася, схавала люстэрка і неспадзявана закранула Лявонаў локаць. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расшы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
1. Зрабіць больш шырокім. Расшырыць вуліцу. Расшырыць праход. Расшырыць зрэнкі. □ Саўка прылёг, адгарнуў ад каменя зямлі і памаленьку выкаціў яго з-пад падрубы, а дзірку пракапаў, расшырыў і нырнуў у яе. Колас. // Спец. Павялічыць у аб’ёме. Расшырыць шляхам награвання.
2. Павялічыць колькасна, у аб’ёме. Расшырыць завод. Расшырыць сетку кінаў становак. Расшырыць сетку медыцынскіх устаноў.
3. Распаўсюдзіць на што‑н. (кола дзеяння чаго‑н.); узмацніць. Расшырыць дэмакратызм. Расшырыць сферу ўплыву. Расшырыць правы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
руплі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які імкнецца зрабіць як мага больш і лепш; дбайны. Быў .. [бацька Сушкевіча] чалавек руплівы, дбайны, любіў усюды бачыць парадак, любіў, каб усё было зроблена ў свой час і акуратна. Дуброўскі. [Лукашу], рупліваму і гаспадарліваму, хацелася хутчэй пачынаць уборку [у калгасе]. Кавалёў. // Клапатлівы, старанны. Дзеду хацелася есці. Зняў з-за плячэй стрэльбу, паляўнічую торбу, куды бабка Наста рупліваю рукою палажыла паўбахана хлеба і кавалак .. сала. Колас. Даніла Платонавіч спыніўся непадалёку і з любоўю сачыў за руплівай працай дзяцей. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіфо́н, ‑а, м.
1. Выгнутая трубка (труба) з каленамі рознай даўжыні, якая служыць для пералівання вадкасці з адной пасудзіны ў другую з больш нізкім узроўнем. Сіфоны для разліўкі расплаўленага металу. Сіфоны для паліўкі зямлі.
2. Пасудзіна для сельтэрскай вады і іншых шыпучых напіткаў, якія выліваюцца праз трубку пад ціскам вуглекіслаты. [Тамара:] — Зайдзі да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькі што прынеслі сіфон. І сіроп ёсць. Шамякін.
3. Спец. Прыстасаванне для павелічэння цягі ў топцы паравоза ў час стаянкі.
[Ад грэч. siphon — трубка, помпа.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спро́шчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спрасціць.
2. у знач. прым. Больш просты; прасцей, чым раней. Спрошчаная арфаграфія. Спрошчаны механізм.
3. у знач. прым. Недастаткова глыбокі, прымітыўны. Бясспрэчна адно: дзіцячы пісьменнік не мае права даваць чытачу спрошчанае ўяўленне аб жыцці, ён павінен умець проста і зразумела гаварыць аб складаным. Шкраба. Спрошчаны фінал у пэўнай меры перашкодзіў твору стаць цэласным, унутрана завершаным. Мушынскі.
4. у знач. прым. Разм. Вызвалены ад патрабаванняў маралі; празмерна вольны. Спрошчаныя адносіны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страфа́, ‑ы́; мн. стро́фы (з ліч. 2, 3, 4 страфы́), строф; ж.
У вершаскладанні — інтанацыйна-сэнсавае аб’яднанне некалькіх вершаваных радкоў, звязаных рыфмамі ці клаўзуламі. Байка [Багушэвіча] складаецца з чатырохрадковых строф з перакрыжаванай рыфмоўкай. Казека. // Адносна закончаная частка вершаванага твора. Я ні сабе, ні другу дараваць Больш не магу страфы ніводнай дрэннай. Панчанка. І Сцёпка стаў сам дэкламаваць некаторыя строфы, адступаючы ад тэксту. Колас. Строфы Купалы даводзілася сустракаць нават на сценах камер многіх астрогаў, куды толькі траплялі беларускія рэвалюцыянер ы. Таўлай.
[Грэч. strophē — кружэнне, абарот.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́шна, безас. у знач. вык.
Абл.
1. Ціха, зацішна. Лёгка і сцішна было ісці пад ценем разгалістых сосен, якія галінамі навісалі над дарогай. Пестрак. Потым нехта штосьці гаварыў, тады жалезныя рыдлёўкі то сцішна ўразаліся ў сырую зямлю, то прарэзліва скрыгаталі, трапляючы на каменне... Марціновіч.
2. Жудасна, страшна. Страшна, сцішна хлопцу стала; Увесь тросся ён, дрыжаў. Колас. // Сумна, нудна. Паслухаеш — і сэрцу сцішна: мы не сустрэнем больш таго, хто Беларусь, як песню, ўзвышаў і ў сэрца кінуў нам агонь. Таўлай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таргану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Рэзкім рухам крануцца з месца. Самалёт таргануўся і яшчэ больш заваліўся ўлева — шасі загразла. Хомчанка. Гулка страляючы круглымі колцамі шызага дыму, трактар шалёна зароў, таргануўся, як у ліхаманцы, наструніўся і асеў назад. Б. Стральцоў. // Зрабіць сутаргавы рух. — Даша! — У Загурскага раз-другі тарганулася шчака. — Ты жартуеш, Даша? Асіпенка. У маці нервова таргануліся вусны, яна памкнулася была сказаць ужо нешта злоснае... «ЛіМ». — Дачка... — Ігнатавы губы горка таргануліся. — П-памірае!.. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)