дзябёлы, ‑ая, ‑ае.

1. Дужага целаскладу; поўны. Ростам Петрык не вызначаўся, але затое быў ён хлопчык дзябёлы, круглы з твару. Якімовіч. [Міхась] глядзеў на шырокія плечы, на дзябёлую, налітую сілай постаць майстра. Сіўцоў. Параска Клімаўна і да таго ніколі дзябёлаю не была, то тут, то там у яе калола. Кандрусевіч.

2. Тоўсты, грубы, трывалы. Вароты ў хляве былі дзябёлыя і крэпкія, замкнёныя моцным унутраным замком. Колас. Адны [лыжкі] былі дзябёлыя, важкія, арэхавыя ці грушавыя, другія — лёгкія, асінавыя, пафарбаваных. Якімовіч. // Тоўсты, шчыльны (пра тканіну). Дзябёлае сукно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́сціся, звядуся, звядзешся, звядзецца; звядзёмся, зведзяцеся; зак.

1. Перастаць існаваць; знікнуць. Раней тут коз было багата... Ды тая плойма ўся звялася, Так перадохла яна марна. Колас.

2. Страціць сілы, пахудзець. Звёўся чалавек. Не толькі якой працы, і пашпарта яму не давалі, цураліся яго, дурным празвалі. Гарэцкі.

3. да чаго. Абмежавацца, скараціцца; выразіцца ў чым‑н. нязначным, малым і пад. Звялася работа следчага, па сутнасці, да выканання чыста фармальных працэдур — збору прадугледжаных судаводствам дакументаў. Мехаў.

•••

Звесціся на нішто — страціць усякі сэнс, значэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радні́ць, радню, родніш, родніць; незак., каго-што.

1. Ствараць адносіны роднасці паміж кім‑н. Радніць адну сям’ю з другой.

2. Рабіць блізкім па духу, перакананнях і пад. — Толькі шчырасць збліжае, родніць людзей на ўсё жыццё. Шамякін. [Салдат] адчуў нешта такое, што радніла яго з гэтым незнаёмым, але ўжо блізкім таварышам. Сабаленка.

3. Рабіць падобным, сходным; збліжаць. Тут, дарэчы, ёсць нешта такое, што родніць .. [Багдановіча] з Лермантавым, паэтам, які, як і Багдановіч, надзелены выключнай інтэнсіўнасцю духоўнага жыцця, нават раннія праяўленні якога здзіўляюць сваёй глыбінёй. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разагна́цца, разганюся, разгонішся, разгоніцца; зак.

1. Павялічваючы скорасць свайго руху, давесці яе да найбольшай велічыні. Вось.. [бусел] трошкі разагнаўся, узмахнуў разы тры крыламі, і паволі падняўся ў паветра. Васілевіч. [Вадзімку] тут не было дзе і пабегаць. Толькі разгоніцца, а перад ім лава, ці ўслон, ці палаці. Сабаленка.

2. Захапіцца сваім заняткам, увайсці ў азарт. Гледзячы на гэтую Бабейкаву сядзібу, Ваўчок не любаваўся яе раскошай, а з трывогай думаў: «Ох і разагнаўся чалавек!» Хадкевіч.

•••

Не разгонішся — пра немагчымасць зрабіць што-небудзь у існуючых абставінах, умовах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разбіраць — разабраць (у 1–7 знач.).

2. (звычайна з прыназоўнікамі «з» і «без»). Разм. Выбар, адбор. Лес тут быў калгасны, высякалі яго многа і без разбору. Б. Стральцоў. Я разумею: крытыкаваць .. трэба, без гэтага нельга, але крытыкуй з разборам. Хадкевіч.

3. Разгляд судовай справы. Судовы разбор. □ [Сымон:] Адбудую хату нанава, гаспадарку нанава завяду.. Вось толькі .. разбору дзела дачакацца! Купала.

•••

На (пад) шапачны разбор; на разбор шапак — пад канец справы, пад канец (прыйсці, паспець, з’явіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разга́р, ‑у, м.

1. Пара самага высокага развіцця, самага моцнага праяўлення чаго‑н.; момант найвышэйшага напружання чаго‑н. Вясна ў разгары. Ціха і цёпла. Гаўрылкін. Вяселле было ў самым разгары, калі Фёдар Цімафеевіч раптам падняўся з-за стала і сказаў: — Вы тут, дарагія госцейкі, гуляйце, гуляйце, весяліцеся, а я пайду.. Васілёнак. — Калона бронемашын! — у самы разгар бою далажылі нашы разведчыкі, і камандзір выпусціў зялёную ракету — сігнал да агульнага адступлення. Карпюк.

2. Спец. Акісленне ўнутранай паверхні ствала гарматы ад прарыву парахавых газаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Зняць з каго‑н. верхняе адзенне. Галіна Фёдараўна зараз жа разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Верачку і паклала спаць. Паслядовіч. // Зняць з сябе (верхняе адзенне). — Калі ласка, распраніце шынель, я тут павешу, і праходзьце! — ветліва прапанавала дама. Карпюк. Віктар распрануў пінжак і павесіў яго на спінку крэсла. Даніленка.

2. перан. Зняць, скінуць покрыва (лісце, траву) з чаго‑н. Лістапад распрануў.. сад да апошняга лістка. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смалі́цца 1, смоліцца; незак.

Зал. да смаліць ​1.

смалі́цца 2, смалюся, смалішся, смаліцца; незак.

Разм.

1. Быць на сонцы, пячыся; загараць. «От табе і маеш, — думаў чалавек, — адпачыў, называецца. Я тут сабе смалюся на сонцы, купаюся ў моры,.. а пад мяне, мабыць, ужо там падкапаліся, мабыць, пастку паставілі». Сабаленка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыгараць, дыміцца і чарнець на агні. Голас .. [жанчыны] спыніўся на паўслове, бо ў печы пачаў смаліцца блін. Бядуля.

3. Зал. да смаліць ​2 (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спачы́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; зак.

1. Правесці некаторы час адпачываючы, аднавіць свае сілы ў адпачынку. Я вярнуся спачыць пасля цяжкіх дарог... Таўбін. На аселіцы.. [сябры] ўгледзелі сцірту саломы. Тут і засталіся спачыць. Кухараў. // Разм. Паспаць; аднавіць сілы сном. А там горац, пакінуўшы [статак], Лёг на ўзвышшы спачыць да зары. Гурло.

2. перан. Высок. Памерці, супакоіцца. Не будуць дзеткі Знаць, дзе татка іх спачыў. Колас. Імёны, імёны, імёны... Хто ўчора спачыў, хто даўно... Чэрня.

•••

Спачыць на лаўрах — задаволіўшыся дасягнутым, спыніць работу, дзейнасць і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ступа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да ступіць ​1.

2. Крочыць, ісці. Тут [на Палессі] асцярожна трэба ступаць нагой: трава расце на дрыгве, якая гойдаецца пад нагамі, з якое сочыцца вада. Чорны. Бацька глядзіць, як лёгка ступою я, і нешта думае. Сачанка. // на што. Рабіць апору на што‑н. пры хадзьбе. Боль пры хадзе меншы, калі ступаць не на пятку, а на насок. Навуменка.

•••

Нага не ступала гл. нага.

На парог не ступаць — не хадзіць да каго‑н., не бываць у каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)