прабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; пр. прабраў, ‑брала; заг. прабяры; зак., каго-што.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказаць моцнае ўздзеянне (пра холад, мароз). Пад раніцу нас прабраў холад. Пянкрат. / у безас. ужыв. Я рушыў да вогнішча. — Прабрала ж цябе, — ажыў Мікола: у яго быў сіплы голас. Чыгрынаў. // перан. Ахапіць, авалодаць. Цяпер толькі [апамяталася] дзяўчына, што нарабіла, і сполах дурны прабраў яе. Нікановіч.

2. Разм. перан. Зрабіць суровую вымову за што‑н., вылаяць. Прабралі адстаючых, потым гаварылі аб лепшых. Шынклер. Вольга Усцінаўна глядзела на мужа са страхам: яе абразіла зяцева бестактоўнасць, але прабраць яго не адважылася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́філь, ‑ю, м.

1. Абрыс, від збоку (твару, прадмета). [Кузьма] убачыў Верын профіль, кароткі нос з роўнай пераносіцай, востры падбародак, акруглы лоб. Дуброўскі. З худым аскетычным тварам, глыбокімі вачамі і густымі сівымі брывамі .. [Гукан] нагадваў у профіль ястраба. Шамякін.

2. Спец. Вертыкальнае (папярочнае або падоўжнае) сячэнне якога‑н. ўчастка, паверхні, прадмета; від, форма чаго‑н. у разрэзе. Профіль канала. Профіль дарогі. Профіль участка зямной паверхні. // Форма папярочнага сячэння пракатнага вырабу; выраб такой формы. Усю змену, пад наглядам Івана, [Змітрок] замацоўваў дэталі, рабіў больш складаныя профілі, чым дагэтуль. Ваданосаў.

3. Сукупнасць асноўных тыповых рыс, якія характарызуюць гаспадарку, прафесію, спецыяльнасць. Профіль прадпрыемства. Профіль інстытута. Спецыяльнасць шырокага профілю.

[Ад іт. profilo — абрыс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбо́р, ‑а, м.

1. Камплект, набор прадметаў для карыстання. Чарнільны прыбор. Чайны прыбор. □ Стол быў акуратна накрыты. На ім стаялі прыборы, чаркі, бутэлька наліўкі, вяндліна і ёмкая скаварада яечні з дзябёлымі, сакаўнымі скваркамі. Колас.

2. Спецыяльнае прыстасаванне, апарат, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння чаго‑н., кіравання чым‑н. і пад.). Вымяральныя прыборы. □ Навіна [самалёта], галоўныя прыборы былі разбіты, левае крыло разарвана. Шамякін. Лабараторыі нарыхтоўчых пунктаў забяспечаны прыборамі для вызначэння якасці клубняў. «Звязда».

3. толькі мн. (прыбо́ры, ‑аў). Абл. Уборы, адзенне. Сотняй звітых вясёлак паркаль Усміхаўся з палатак на сонцы, І каралі цвілі на руках Прадаўцоў, у прыборах бясконцых. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Засвоеная на працягу часу схільнасць, манера паводзін, дзеянняў, якая стала звычайнай, пастаяннай. Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Гэтую прывычку набыў ён за час свайго вандроўніцтва. Колас. [Тапурыя:] — Ты пакінь сваю дрэнную прывычку лезці ў размову, калі гаворыць старэйшы за цябе. Самуйлёнак. // Уменне, набытае вопытам, практыкай. Бач, паэму напісаць Цяжкавата без прывычкі... Крапіва. [Васіль:] — Давай руку, бо тут без прывычкі ногі паламаць можна. Шамякін. // Звычай; звычайны спосаб дзеянняў. Бацька і маці звычайна спакойна выслухоўвалі дзеда — яго заўсёдашняя пахвальба была ім у прывычку. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перажыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да перажыць (у 1, 4 знач.).

2. што і без дап. Быць у стане душэўнага неспакою ў сувязі з чым‑н., хвалявацца, нервавацца з прычыны чаго‑н. — Не перажывай, — суцяшаў я Паліну, — я сам вінаваты больш, чым ты і Лебяда разам. Пальчэўскі. Ні адну яшчэ няўдачу .. [Карп] не перажываў так пакутліва, як гэтую. Шамякін.

3. што. Аднаўляць у памяці мінулае, перажытае. Вера шырока расплюшчыла вочы, нібы перажываючы нанова свой ранейшы спалох. Зарэцкі.

4. Спец. Пранікацца пачуццямі, думкамі персанажа (пра акцёра). Паў ліпка ўвесь час на сцэне, яна дзейнічае, змагаецца, перажывае, хвалюецца. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.

1. што. Разарваць, раздзяліць надвае, на часткі. Перарваць дрот. / у безас. ужыв. Трос перарвала, як нітку. Мележ.

2. што. Перапыніць, спыніць на некаторы час якое‑н. дзеянне, развіццё чаго‑н. Перарваць штодзённую работу. □ Апошняя вайна надоўга перарвала перапіску паміж сёстрамі. Васілевіч. // што. Парушыць які‑н. стан, працэс. Перарваць маўчанне. Перарваць сон. □ І раптам песню перарваў гучны і радасны крык. Шамякін. Змрочныя думкі Грыбоўскага перарваў лёгкі трэск галінак. Курто. // каго. Перабіць чыю‑н. размову, гутарку. — Хто там? — адразу перарваў сам сябе на няскончаным слове Скуратовіч. Чорны.

3. што. Разарваць, парваць на часткі ўсё, многае. Перарваць усе ніткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ўза, ‑ы, ж.

1. Кароткі перапынак у гучанні чаго‑н. [Насця:] — Каб вы ведалі, як цудоўна жыць і змагацца... Змагацца і, — яна зрабіла паўзу, а потым шэптам выдыхнула: — кахаць... Шамякін. — Нічога, хадзіў нагамі, пазіраў вачамі, слухаў вушамі, — з горкай іроніяй загаварыў Саўка. Войт і яго прыяцелі клюнулі насамі і прыгнулі галовы. Невялікая, няёмкая паўза, некаторае замяшанне. Колас.

2. Перапынак у якім‑н. дзеянні, занятку, працэсе. Раней Ганін дзень меў нейкія незапоўненыя паўзы, пустыя часіны. Грамовіч.

3. Спец. Перапынак у гучанні музычнага твора або якой-небудзь яго часткі. // Значок для абазначэння гэтага перапынку ў нотах.

4. Спец. Пропуск ненаціскнога складу ў вершы, пераважна ў трохдольным.

[Грэч. páusis — прыпынак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацяпле́ць, ‑ее; зак.

1. Стаць цёплым, цяплейшым. Як толькі пацяплела надвор’е і падсохла зямля, сабраў .. [Лабановіч] сваю маёмасць, а ўсё лішняе і не дужа патрэбнае пакінуў у брата, развітаўся з ім і рушыў у дарогу. Колас. Незнаёмы, хораша ўсміхаючыся, разглядаў братоў, як бы параўноўваючы іх, і вочы яго пацяплелі і не здаваліся такімі калючымі. Шамякін. / у безас. ужыв. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з’явілася спакойная ўпэўненасць. Лынькоў.

2. безас. Пра наступленне цяпла, цёплага надвор’я. Пацяплела. Вецер сціх. Чорны. З асаблівым нецярпеннем чакаў гэту вясну .. Сашка. Бацька яму паабяцаў: адразу як пацяплее, адвязе яго да дзеда ў вёску. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́нкі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Тое, што і сліна. [Марына Архіпаўна:] — Тым часам не ўправішся павярнуцца, як.. [Паўлік] зноў упадзе тварыкам на лахманы, і ажно слінкі цякуць у яго ад салодкага сну. Шамякін. — Я на шпільцы не люблю, — сказала Таццяна, а сама аж слінкі праглынула. Васілёнак. [Казік:] — Я ж бачыў, як гэты стары кот аж слінкі пускаў на свежанінку. Машара.

•••

Слінкі цякуць (пацяклі) — а) пра моцнае жаданне з’есці што‑н. смачнае. Тым часам бабка Ганна ставіла на стол снеданне. Яно было добрае: яешня з рудаватымі падсмажанымі скваркамі, булка і па конаўцы малака... У мяне аж слінкі пацяклі. Сабаленка; б) аб прадчуванні чаго‑н. прывабнага, спакуслівага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сні́цца, снюся, снішся, сніцца; незак.

Бачыцца ў сне, мроіцца. Пачало цягнуць да мора, снілася яно па начах. Кулакоўскі. [Максім:] — Кароў, кароў! Табе, Кацярына Васільеўна, толькі каровы і сняцца. Шамякін. Ці харошыя сняцца сны, Ці чуваць табе шум лясны? Бураўкін. / у безас. ужыв. Вярзецца — ні то сніцца, ні то думаецца Агею пра тое страшнае, што здарылася з ім у асеннюю раніцу, калі ўсе Мядзеедзічы ўзбуджаны былі пакражаю чацвярых коней. Крапіва.

•••

І (у сне) не снілася — пра тое, чаго нельга было ўявіць, прадбачыць. Вось.. [Аленка] што зробіць: яна возьме сваю кнігу, а такая кніга.. [Сцёпку] і не снілася, і пойдзе сабе пад магазін чытаць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)