касмы́ль, ‑я, м.

Разм. Скудлачаная пасма валасоў. Міхась.. стаў поркацца каля хамута: выцягнуў з-пад яго касмыль грывы і роўна расчасаў пальцамі. Якімовіч. Мядзведзі цяпер выглядалі неяк сіратліва. Поўсць на іх звісала бруднымі касмылямі, бакі пазападалі. Даніленка. // Пук, шматок (сена, ваты і пад.). Карней Адамавіч на пальчыках падышоў да другой сцяны, выдраў з паза касмыль моху. Жычка. // перан. Клубок, шматок, абрывак (хмары, туману і пад.). [Туман] кудзеліўся яшчэ невялікімі касмылямі. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што-не́будзь, чаго-небудзь і пад. (гл. што ​1), займ. неазначальны.

Які‑н. прадмет, з’ява і пад. з шэрага падобных або ўсё роўна які прадмет, з’ява і пад. [Лена] заўсёды што-небудзь прывозіла .. [Андрэю] з дарогі. Скрыган. І вось, бывала, калі ён [Цімошка] гнаў каровак на пашу, то Кустрэй .. кожны раз што-небудзь скажа яму. Колас. [Гаспадар:] «Але і я не без галавы. Што-небудзь і я кумекаю. Не лыкам шыты». Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даве́рху, прысл.

Роўна з верхнімі краямі. Каструля была вялікая, на пяць літраў, і налілі ў яе амаль што даверху — на выпадак, калі хто папросіць дабаўкі. Дамашэвіч. На другі дзень Кастусь Махнач сустракаў каля кузні першую падводу, даверху нагружаную старым жалезным ламаччам. Курто.

•••

Знізу даверху — а) усюды, у любым месцы. У кошыку знізу даверху былі баравікі; б) ад ніжэйшых інстанцый да вышэйшых. У кнізе звыш двухсот дакументаў... Тут прадстаўлены ўвесь урадавы апарат знізу даверху. Г. Кісялёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе і ладава́ць, ‑ду́ю, ‑ду́еш, ‑ду́е; заг. ла́дуй і ладу́й; незак., што.

Разм. Прыводзіць у парадак, падпраўляць. Ладаваць збрую. □ — Ты ўчора прыходзіў да мяне? — стоячы на праходзе, спытаў Андрэйка, калі Паўлік пачаў ладаваць кнігі ў парце. Краўчанка. // Роўна, парадкам укладваць. У кожным двары выцягвалі косы, граблі, ладавалі ў вазы. Мележ. // Збіраць, рыхтаваць, укладваць. У дарогу збіралася ледзь не ўся вёска — кляпалі косы, ладавалі торбы, падмазвалі каламаззю восі, падганялі хамуты і вупраж. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасяле́нец, ‑нца, м.

Той, хто перасяляецца, перасяліўся на новае месца. На нашы позіркі ён усміхнуўся І адказаў: — Я магілёўскі родам. Перасяленец. Сёлета вясною Было паўвека роўна, як адтуль... Гілевіч. / Пра расліны, жывёл, птушак і пад. Вясной дрэўца пусціла першыя зялёныя пятачкі глянцавітага лісця, і ўзрадаваўся Мітрафан: перасяленец прыняўся. Ракітны. За адзінаццаць год усурыйскія яноты размножыліся і разбрыліся далёка ад таго месца ў Парыцкім раёне, дзе былі выпушчаны першыя далёкаўсходнія перасяленцы. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эква́тар, ‑а, м.

Уяўная лінія, якая праходзіць вакол зямнога шэра на роўнай адлегласці ад абодвух полюсаў і падзяляе зямны шар (ці нябесную сферу) на Паўночнае і Паўднёвае паўшар’і. Грае май, Пояс сонечны выткаўшы За экватар даўжэй. Калачынскі. // Прылеглая да гэтай лініі мясцовасць.

•••

Магнітны экватар — лінія, якая злучае ўсе пункты Зямлі, дзе нахіленне роўна нулю.

Нябесны экватар — вялікі круг нябеснай сферы, які падзяляе яе на два паўшар’і, усе кропкі якога адыходзяць ад полюсаў свету на 90°.

[Лац. aequator ад aequus — роўны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

воўк, ваўка́ і во́ўка, мн. ваўкі́, ваўко́ў, м.

Драпежная жывёліна сямейства сабачых, звычайна шэрай масці.

Колькі ваўка ні кармі, ён усё роўна ў лес глядзіць (прыказка). І ваўкі сыты і авечкі цэлы (прымаўка). Хоць воўкам вый (вельмі дрэнна, бязвыхаднае становішча). Воўкам глядзець (пазіраць) (глядзець панура, варожа).

Біты воўк (разм.) — пра бывалага, вопытнага чалавека.

Марскі воўк (разм., адабр.) — пра бывалага, вопытнага марака.

|| памянш. ваўчо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м.

|| зб. ваўкаўё, -я́, н.

|| прым. во́ўчы, -ая, -ае і ваўчы́ны, -ая, -ае (разм.).

В. апетыт (вельмі моцны).

Воўчы білет (пашпарт) — у царскай Расіі: дакумент з адзнакай паліцыі аб палітычнай ненадзейнасці яго ўласніка.

Воўчы закон — беззаконне, якое падтрымліваецца грубым насіллем.

Воўчыя грыбы — агульная назва неядомых грыбоў.

Воўчыя ягады — чырвоныя або чорныя плады ядавітых лясных раслін.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

падо́нкі, ‑аў; адз. падонак, ‑нка, м.

1. адз. няма. Рэшткі вадкасці з асадкамі на дне пасудзіны.

2. перан. Дэкласаваныя, разбэшчаныя, злачынныя элементы грамадства. [Завербаваныя] былі выпадковыя людзі, розныя падонкі, якія трапілі ў рады Чырвонай Арміі, ратуючыся ад суда і следства, ім было ўсё роўна, каму служыць, абы толькі не сядзець за калючым дротам і не галадаць... Машара. Рэакцыя Іры была зусім нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважліва і на поўны голас, пры маці, сказала: — Падонак ты! Што ты разумееш? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уху́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Адзець у што‑н. цёплае, загарнуць, абгарнуць з усіх бакоў. І слова не змагла выгаварыць Зося.. Ухутала дзіця і выйшла з пакоя. Крапіва. Надзя адчула холад, ухутала ногі сенам і посцілкай, якая ляжала ў перадку саней. Бураўкін. Паслухмяная машына бегла роўна, весела звінеў матор, тугі паток стрэчнага паветра страляў брызентам, якім грузчыкі старанна ўхуталі тры такарныя станкі. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Пільнавалі хмары некага, каб ухутаць яго сваёй мультановаю посцілкаю. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўсло́ва, ‑а, н.

Палавіна слова, няпоўнае слова. Тут Павел Іванавіч і паўслова не сказаў, бо пэўна ведаў: высадзі Якава, дык пехатою пойдзе, а ўсё роўна пабывае на шахтбудзе. Кулакоўскі. // Мала, некалькі слоў. З паўслова Гарбулёва, выцягнутага нібы абцугамі, .. [Саламон] стараўся ўлаўліваць галоўны сэнс розных спраў. Бядуля.

•••

З паўслова — адразу, з першых слоў (зразумець, засвоіць і пад.).

На паўслова — для кароткай размовы, паведамлення (выклікаць, папрасіць і пад.).

На паўслове — не дагаварыўшы пачатага (змоўкнуць, спыніцца і пад.) або не даслухаўшы субяседніка (перапыніць, перабіць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)