узвы́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узвысіць.

2. у знач. прым. Размешчаны на больш высокім узроўні; высокі. Нізкая вільготная мясцовасць змянілася ўзвышанай. В. Вольскі.

3. перан.; у знач. прым. Поўны глыбокага зместу, значэння; высакародны. З гэтай парослай муравою сцежкі, што вядзе мяне ад бацькоўскай хаты ў далёкі свет, пачынаецца тое, што мы называем вялікім і ўзвышаным словам Радзіма. Марціновіч. Рэвалюцыя акрыліла мастацтва прыгожымі і ўзвышанымі ідэаламі. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хмурне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца, станавіцца хмурным, воблачным. Чэзлі цьмяныя фарбы захаду на спадах гор, хмурнела далеч. Надыходзіла ноч. Самуйлёнак. Неба хмурнела. Зоркі пагаслі. Няхай.

2. перан. Станавіцца хмурным, панурым. Дзяўчына ўсё больш і больш хмурнела і гатова была заплакаць. Дамашэвіч. Калі [Іра] павітаецца, не глянуўшы мне ў вочы, я хмурнею і цэлы дзень думаю, што яна за нешта гневаецца на мяне. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыня́цца, прымуся, прымешся, прымецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Укараніцца, прыжыцца. Расада прынялася. Прышчэпак прыняўся. □ Зазелянелі, заслалі дол маладыя пахучыя сасонкі, — прыняліся на добрай зямлі. Пташнікаў. // Прышчапіцца (пра вакцыну). Воспа прынялася.

2. за што і з інф. Пачаць што‑н. рабіць; узяцца за што‑н. Нам, будучым курсантам, дачасна назначылі выпускныя экзамены за вучылішча, і мы спешна прыняліся за падрыхтоўку да іх. Марціновіч. Сідор усеўся за стол і прыняўся вячэраць. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смарка́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, у якога цякуць з носа смаркачы. Малыя, галапузыя, брудныя, смаркатыя дзеці наперабой крычалі есці. Арабей. // Запэцканы смаркачамі. Малыя з чырвонымі смаркатымі насамі ляпілі бабу. Сачанка.

2. перан. Зневаж. Малы, малады; нязначны, няўмелы. [Тарас Тарасавіч:] — Разганю я вашу к[а]мпанію, жаніхі смаркатыя. Асіпенка. — Ах ты, выпаўзень смаркаты, — як бы і не злосна загаварыў Асцюк, — красці вучышся? Марціновіч. / у знач. наз. смарка́ты, ‑ага, м. — Ідзі, ідзі, смаркаты! — махнула вёдрамі Касмініха. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усыры́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.

Абл.

1. Прыгаварыць да зняволення. [Пятро:] — Асудзілі [жонку] ўсё ж. Два гады ўсырычылі... Марціновіч. // Набіць. — Ой, баяцца цябе буду! — Пабаішся, як штаны здзяру ды трапкача ўсырычу. Паўлаў.

2. Даць з разлікам на пэўную выгаду. Але хлопец усё ж усырычыў.. [Арцёму] залатоўку. Машара. // Усадзіць шмат сродкаў за што‑н. [Вара:] — Клопат вялікі, што ні ў кога [тэлевізара] няма. — Няхай будзе ў нас першых. [Хілімон:] — Ды мо і грошы ўсе ўсырычыла за яе [штуковіну]. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няве́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

Наносячы фізічныя пашкоджанні, калечыць каго‑н. [Бярозка] усё больш і больш нагінала галаву, каб аслабіць вяроўку.. Тады збянтэжаны кат загадаў памочнікам, таптаць і нявечыць паланянку. Хадкевіч. Мірановіч нізашто не згаджаўся рэзаць шчаку, не хацеў яшчэ больш нявечыць твар. Марціновіч. // Ламаць, псаваць што‑н. Вецер бязлітасна .. зрывае дах з хат казацкіх, нявечыць, кідае вобзем ды так, што і рады няма як даць... Барашка. // перан. Рабіць дрэнны ўплыў на каго‑н.; псаваць. Нявечыць душу дзіцяці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напярэ́ймы, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. З мэтай перахапіць каго‑, што‑н., рухаючыся яму насустрач; наперарэз. Бегчы напярэймы. □ Людзі павыбягалі з хат і зямлянак, бягуць напярэймы, каб спыніць вала. Марціновіч.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «напярэймы» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на асобу або прадмет, якім імкнуцца зайсці наперад, каб перахапіць іх. Ад лесу ўлева напярэймы ўцекачу выбег польскі салдат. Колас. Удалечыні быў відзён яшчэ адзін трактар, і я пайшоў напярэймы яму. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхарашы́цца, ‑рашуся, ‑рошышся, ‑рошыцца; зак.

Разм.

1. Апрануцца прыгожа, хораша, лепш, чым раней, чым звычайна. Купіла.. [Марылька] за тыя грошы сабе новую сукенку, чаравікі, прыхарашылася так, што ўсе сяброўкі зайздросцяць ёй. Якімовіч. І неўзабаве мы, прыхарашыўшыся, наколькі дазвалялі небагатыя ўборы, што меліся ў нас, выправіліся да дзяўчат. Марціновіч.

2. Надаць сабе больш прыгожы, прыгажэйшы выгляд. Маладзіца ўжо ў кабіне выняла люстэрка і какетліва паправіла спадаўшыя на лоб завіткі. Прыхарашылася, схавала люстэрка і неспадзявана закранула Лявонаў локаць. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаз 1,

гл. лазы.

лаз 2, ‑а, м.

1. Невялікая адтуліна, шчыліна, праз якую можна прайсці, пранікнуць куды‑н. Зрабіць лаз у плоце. □ Волька адхінула кол, з асцярогай прасунулася ў лаз, і ўся вуліца — вось яна, перад вачыма, аж у самы канец. Марціновіч. Пад новую сцяну [дзед Андрэй] зрабіў лаз, на які лажылі вечка і засыпалі мятай, саломай і розным смеццем. Федасеенка.

2. Спец. Адтуліна ў сценцы апарата, машыны, катла і пад. для пранікнення ўнутр з мэтай агляду, рамонту, запраўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знячэ́ўку, прысл.

Разм.

1. Знянацку, нечакана, неспадзявана. Пытанне застала Віцю знячэўку. Ён схамянуўся і зірнуў у вочы Мікалаю Пятровічу. Нядзведскі. Каханне прыйшло ціха і знячэўку. Марціновіч. // Раптоўна. Рашэнне прыйшло знячэўку, і я паскорыла хаду. Савіцкі.

2. Выпадкова, мімаволі, незнарок. Аднойчы, будучы ў вельмі добрым настроі, Ігнась скакаў, абапіраючыся на парты рукамі, і знячэўку выліў чарніла Лазоўскай Анелі. Чарнышэвіч. А неяк выйшла аднаго разу, што Наташа, вылазячы з машыны, быццам бы зусім знячэўку, прыхінулася да шафёра. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)