бічава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; незак., каго-што.

Біць, хвастаць бізуном, бічом. / Аб падобным уздзеянні чым‑н. на што‑н. Да крыві мне грудзі, твар Шторм бічаваў балюча. Танк. // перан. Выкрываць недахопы, рэзка крытыкаваць. З агідай бічаваў паэт духоўнае ўбоства ў вершах «Званковы валет», «На шашы». Лойка. Гаруе Насця і бічуе Сама сябе за свой парыў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збе́дніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць і збядні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Зрабіць бедным на што‑н., у якіх‑н. адносінах; абядніць. Збядніць прыроду, высекшы лес. // Пазбавіць каго‑, што‑н. выразнасці, сілы, своеасаблівасці. Збедніць літаратурны вобраз. □ Паасобныя ж нашы паэты непрыхільнасць да традыцыйнай вобразнасці распаўсюдзілі і на самую народную паэтыку, і гэта іх паззію толькі збедніла. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саплі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, у якога цякуць з носа соплі. Саплівае дзіця. □ Пад рукі лез саплівы Франак. Лойка. // Выпацканы соплямі. Саплівая насоўка. // перан. Плаксівы, слязлівы. — Яшчэ адно слова! — пагрозна зашаптаў Тарыел. — Яшчэ адно слова, чортавыя вы, саплівыя бабы! Самуйлёнак.

2. перан. Пагард. Малы па гадах або вельмі малады, нявопытны. [Параска:] — Не перашкаджайце спаць, ухажоры саплівыя! Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

троп 1, ‑а, м.

Слова або зварот, якія ўжываюцца ў пераносным значэнні. Паэтычныя тропы. □ Як лёгка гаварыць аб стылі, калі бачыш выразныя сімпатыі таго ці іншага паэта да пэўнага набору тропаў, да пэўных гатупкаў эпітэтаў ці метафар, рыфмаў ці рытмаў. Лойка.

[Грэч. tropos.]

троп 2, ‑у, м.

У выразах: збіцца з тропу гл. збіцца; збіць з тропу гл. збіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засмя́глы і засма́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Сухі, высахшы ад недахопу вільгаці. Хутчэй жадаючы напіцца, пад ветрам падала па дол даўно засмяглая пшаніца. Вялюгін. І засмаглая глеба Ачуняла ад спёкі, Свежым сокам набухла. Чарнушэвіч.

2. Засохлы, перасохлы (пра губы, рот). Прыпадымаю [Нініну] галоўку і ўліваю ў засмяглы рот лыжачку цёплага чаю. Брыль. [Байцы] дзялілі матчын хлеб счарсцвелы, Пілі, абцёршы на хаду З засмаглых вуснаў пыл. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распластава́нне, ‑я. н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распластаваць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. распластавацца.

2. перан. Падзел на сацыяльныя групы, класы і пад. Ідэйна-класавае распластаванне беларускай дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі, класавую дыферэнцыяцыю беларускага дарэвалюцыйнага сялянства — усяго гэтага, так яснага нам сёння, паэт у сваім часе не разглядзеў. Лойка. [Андрэй:] — Пасля спынення партызанскай барацьбы адбылося пэўнае класавае распластаванне ў вёсцы. Падняло галаву кулацтва. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́цца, скуецца; зак.

1. Злучыцца пры дапамозе кавання.

2. перан. Пазбавіцца волі. Як на небе зара, ці як думка ў душы Не скуешся няволі ты [песня] путамі. Купала. // Страціць рухомасць; анямець. Апошні раз.. [Яніна] заснула не ведае і калі: хацела падымацца, бо пачало днець, а вочы скаваліся дрымотай... Кірэенка.

3. перан. Накрыцца лёдам, замерзнуць (пра раку, возера і пад.). Рэчка скавалася Лёдам крыштальным. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́сна,

1. пабочн. Па сутнасці, на самай справе. — На седала! — крыкнуў Лявон. Ніхто яго не паслухаў. Лявон, уласна, і не чакаў гэтага. Чарнышэвіч. Уласна, гэта быў не пакой, а двухпакаёвая кватэра на трэцім паверсе. Хадкевіч.

2. часціца абмежавальная. Ва ўласным разуменні гэтага слова. Уласна прозы ў Багдановіча мала. Яна прадстаўлена апавяданнямі, нарысамі, .. а таксама перакладамі. Лойка.

•••

Уласна кажучы гл. кажучы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́була, ‑ы, ж.

Паслядоўны паказ падзей, здарэнняў і пад. у мастацкім творы; схема развіцця мастацкага твора. Я .. ніяк не мог вызваліцца ад уражання, што слухаю зусім другога чалавека, чую зусім другі расказ, падобны да першага толькі сваёй знешняй фабулай. Шамякін. // Кароткі змест, пераказ чаго‑н. Фабула твора нескладаная. У чулай душы апавядальніка ажывае «жыцця мінулага пячаць» — успамін аб дзяўчынцы Вераніцы. Лойка.

[Ад лац. fabula — апавяданне, гісторыя.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаймо́ры, ‑аў; адз. няма.

Абл. Перамёрзлая бульба, якая праляжала ў зямлі ўсю зіму. А каб выжыць, Мы з братам удвух Усю весну Шайморы збіралі. І была даражэй серабра Тая бульба гнілая на полі. Карызна. Успомнім хоць бы словы Н. Гілевіча пра шайморы — перамёрзлую бульбу з адталага бульбянішча, якая ў першую пасляваенную вясну здавалася малалеткам найлепшым прысмакам (паэма «Сто вузлоў памяці»). Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)