шматмо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з людзей, што гавораць на розных мовах. Любоў і дружба шчасце росцяць... Жывём шматмоўнаю сям’ёй, Як з братам брат, сястра з сястрой. А. Александровіч. Я і цяпер, бывае, трызню інтэрнатам, Дзе мы сям’ёй шматмоўнаю жылі. І. Калеснік. // Які гучыць на розных мовах. Масква сустрэла беларусаў шматмоўным гоманам. «Полымя». Гучаць тыя песні шматмоўныя Пра вечары падмаскоўныя. Калачынскі.

2. Складзены на некалькіх мовах. Шматмоўны слоўнік. Шматмоўны даведнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчэ́бет, ‑у, М ‑беце, м.

Спеў шчыглоў, ластавак і некаторых іншых птушак. На світанні яны [палескія лясы] звіняць птушыным шчэбетам, пераклікаюцца глухім перастукам дзятлаў і буркатаннем дзікіх галубоў. Грахоўскі. Шчэбетам сустрэлі [ластаўкі] Родны край з дарогі. На тэлеантэне Пасядзелі трохі. Калачынскі. // перан. Гучны, хуткі, ажыўлены гоман, размова. Дзеці рассыпаліся па лесе і агаласілі яго сваім крыкам і шчэбетам. Колас. / у перан. ужыв. Сталы стаялі ўпрытык. Ад металічнага шчэбету машынак можна было аглухнуць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гнус і гнюс, ‑у, м.

1. Разм. Двухкрылыя насякомыя (камары, мошкі, сляпні), якія смокчуць кроў чалавека і цеплакроўнай жывёлы. Ля будана касцёр дыміцца І гнус нудою гідкай звонячы, Не пакідае хмарай віцца. Хведаровіч. Прыдумаў чорт, няйначай, гнюса, І не адбіцца аніяк Ад піску злоснага, і ўкусаў, І ад яго ліхіх атак. Калачынскі.

2. перан. Пра што‑н. нікчэмнае, нізкае. А чым не гнус, напрыклад, хуліганства? Не мала шкодзіць нам распускае паганства. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. перабіраць — перабраць (у 1, 3, 4 і 6 знач.) і перабірацца — перабрацца (у 2 знач.).

2. Дзеянне паводле дзеясл. перабіраць (у 2 знач.).

3. Лішак, узятае звыш меры, нормы; проціл. недабор. Перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Колас.

4. Частае чаргаванне якіх‑н. гукаў; перазвон, перастук. Пералівістыя пераборы галасоў. □ Баяны і гармонікі заігралі ў перабор. Калачынскі. Ззаду грымелі, разрываючыся, снарады і густа, з пераборамі, ляскаталі кулямёты. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стара́нны, ‑ая, ‑ае.

Які адносіцца да работы, справы са стараннем; дбайны, руплівы. Старанны вучань. □ Адразу ж пацяплеў блакіт: Хвалю Вясны ўпартасць і людзей старанных, Якія будзяць раніцай зямлю І славяць мір у песнях палымяных. Калачынскі. У школьным гуртку юных тэхнікаў Андрэй быў самы старанны, ніхто не мог зрабіць такой мадэлі, як ён. Чарнышэвіч. // Які выражае стараннасць, сведчыць аб ёй. Старанная падрыхтоўка. □ На кавалку бляхі нечай стараннай рукой .. былі выпісаны акуратныя словы: «Калгас «Ленінскі шлях». Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцвярджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да сцвердзіць.

2. што, з дадан. сказам і без дап. Упэўнена выказваць што‑н.; настойліва гаварыць, упэўніваючы ў чым‑н. Людзі не маглі разгадаць сігналаў. Але даследчыкі сцвярджалі, што пасылаюць іх разумныя істоты. Шыцік. А толькі адно вам сцвярджаю сягоння, Што ў кузні ён з ранку да вечара звоніць, Што хлопец прынадны, Што майстра сапраўдны! Броўка. Спрадвеку, як людзі сцвярджаюць. Праз бор наш гасцінец ляжаў. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сялі́ба, ‑ы, ж.

Населены пункт у сельскай мясцовасці (пасёлак, сяло і пад.). О, дзядзька спосабаў меў многа Даняць праціўніка малога! Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу, Або паехаць у сялібу Ці ў млын малоць на хлеб збажынку. Колас. Хаты ішлі з сялібы аж да самай невялічкай рэчкі Проні, паабапал якой раскідаліся лазні ды гумнішчы, а далей — нешырокае поле з межамі, узгоркамі, раўчакамі. Каваль. [Кастусь:] — З якое вы, дзядзька, сялібы? Відаць, заблудзіліся вы?.. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́зін, ‑а, м.

Дванаццаць аднолькавых прадметаў; камплект з дванаццаці аднолькавых прадметаў. Тузін хустак. □ Марынка выпарала рыжык, Ірынка — з тузін казлякоў, Максімка — жоўты грузд, Што выйшаў На свет адзін, без дружбакоў. Калачынскі. Галоўны бухгалтар, між іншым, славіўся тым, што мог выпіць за адзін прысест цэлы тузін шклянак чаю. Васілёнак. [Базыль] нічога не мае супраць піва і адлічвае грошы на тузін бутэлек, бо ён жа выйграў. Колас.

•••

Чортаў тузін — трынаццаць (па забабонных уяўленнях — нешчаслівы лік.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмы́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Хутка, жвава хадзіць, рухацца, перамяшчацца каля каго‑, чаго‑н., паміж кім‑, чым‑н. Шмыгала сарока Па садах і парках, Збірала навокал Навіны пляткарка. Калачынскі. Між дарослых шмыгалі дзеці — гулялі ў квача, бегалі па прасторнай зале вакол пышнай пальмы. Шыловіч. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат.

2. чым. Тое, што і шморгаць (у 4 знач.). Паўлік шмыгаў носам і аж затойваў дух. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эква́тар, ‑а, м.

Уяўная лінія, якая праходзіць вакол зямнога шэра на роўнай адлегласці ад абодвух полюсаў і падзяляе зямны шар (ці нябесную сферу) на Паўночнае і Паўднёвае паўшар’і. Грае май, Пояс сонечны выткаўшы За экватар даўжэй. Калачынскі. // Прылеглая да гэтай лініі мясцовасць.

•••

Магнітны экватар — лінія, якая злучае ўсе пункты Зямлі, дзе нахіленне роўна нулю.

Нябесны экватар — вялікі круг нябеснай сферы, які падзяляе яе на два паўшар’і, усе кропкі якога адыходзяць ад полюсаў свету на 90°.

[Лац. aequator ад aequus — роўны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)