е́дкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які раз’ядае, разбурае што‑н. хімічна. Едкая шчолач. Едкая фарба. // Які выклікае моцнае фізічнае раздражненне. Едкі дым. □ Трэба даць уціхнуць зморы ў руках,.. адпачыць целу ад едкага поту. Мележ.
2. перан. З’едлівы, колкі. Едкі сарказм. □ І смех тут быў, былі і жарты, І кпіны едкія, і злосць. Колас. / Пра чалавека. — Вот ты едкая, Параска. Нашто табе мяне калоць гэтым пасагам? Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́даўбень, ‑бня, м.
1. Жалезабетонная рэйка, тумба ці бервяно, якія ўбіваюцца або ўкопваюцца ў зямлю як процітанкавая загарода. Пры ўваходзе ў горад на ўсіх вуліцах былі пастаўлены крыжавіны з рэек і ўкапаны надаўбні. Сабаленка. Дзесяткі і сотні тысяч жыхароў сталіцы.. пачалі капаць акопы, супрацьтанкавыя равы, будаваць надаўбні, каб перагарадзіць ворагу дарогу да сталіцы. Паслядовіч.
2. Лаянк. Пра тупога, неразважлівага чалавека. Ну і надаўбень жа ён!
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ната́цыя 1, ‑і, ж.
Настаўленне, павучанне. Ваўчок лаяў сябе ў думках: «Зноў даў магчымасць чытаць сабе натацыю, як хлапчуку якому, замест таго, каб рашуча спыніць усё гэта». Хадкевіч. І [бацька] пачаў натацыю: «Не будзе толку!.. Не выйдзе з цябе чалавека!.. Не хочаш мяне слухаць, ідзі куды хочаш!» Грамовіч.
[Ад лац. notatio — заўвага.]
ната́цыя 2, ‑і, ж.
Спец. Сістэма ўмоўных пісьмовых знакаў, памет, якія прыняты ў якой‑н. галіне дзейнасці. Шахматная натацыя.
[Ад лац. notatio — заўвага.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неакрэ́слены, ‑ая, ‑ае.
1. Дакладна нявызначаны, няпэўны. Далёкая і адказная камандзіроўка за тысячы кіламетраў зноў адрывала.. [Карніцкага] ад сям’і на неакрэслены час. Паслядовіч. Асабовая форма 1‑ай асобы множнага ліку абазначае дзеянне вялікай групы, неакрэсленай множнасці, у якую можа ўваходзіць і той, хто гаворыць. Граматыка.
2. Невыразны, няясны. Для [Кузьмы Чорнага] паняцце Радзіма не была чымсьці абстрактным, неакрэсленым, адасобленым ад чалавека. Кудраўцаў. // Які нічога не выяўляе, не выказвае. Неакрэслены жэст.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непрыго́жы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае гармоніі ў сваіх абрысах, афарбоўцы; пазбаўлены прыгажосці. Непрыгожы дом. Непрыгожая тканіна. // Непрыемны па свайму гучанню (пра голас, музыку, гукі і пад.). Непрыгожы голас.
2. Які мае непрывабную знешнасць (пра чалавека). Зрэшты, фройляйн была худая, плоская, недарэчна высокая, непрыгожая з твару. Брыль. І назваць.. [Эльзу] непрыгожай нельга. Толькі прыгажосць яе непрывабная, чужая. Чарнышэвіч.
3. Заганны, несумленны, нядобры. Непрыгожы ўчынак. Непрыгожая гісторыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нованаро́джаны, ‑ая, ‑ае.
Які толькі што, нядаўна нарадзіўся. Нованароджанае дзіця. // у знач. наз. нованаро́джаны, ‑ага, м.; нованаро́джаная, ‑ай, ж. Пра чалавека, які толькі што, нядаўна нарадзіўся. Восем, шчаслівых бацькоў зарэгістравалі нованароджаных. Карпюк. // перан. Які зусім нядаўна ўзнік, з’явіўся. Слабае святло нованароджанага месяца мігцела ў насцярожаных дзікаватых вачах [коней]. Караткевіч. І ўдзень і ўночы ўсе цэхі шумяць, гудзяць, грымяць, а з канвеераў сыходзяць нованароджаныя магутныя асілкі-машыны. Сапрыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няйна́чай,
1. прысл. Напэўна, іменна. Павел уважліва агледзеў кожную мясцінку, заўважыў пасохлыя галінкі бярэзніку, няйначай камісар наводзіў тут якую маскіроўку. Лынькоў. Зося дапускала, што калі.. [Рыгор] прыехаў, то няйначай павінен выйсці на рынак. Гартны.
2. у знач. пабочн. Хутчэй за ўсё, відавочна. [Нехта з дамашніх:] — І хто ж мог запаліць.. [стажок]? Пастушкі, няйначай. Колас. [Майбарада] зірнуў на чалавека. Высокі, танклявы, яшчэ малады, няйначай, студэнт, чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пада́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе сваю форму. Напаленае жалеза падатлівае. □ Зямля была мяккая, падатлівая. Асіпенка.
2. Згаворлівы, уступчывы (пра чалавека). Астаповіч змалку і дагэтуль быў чалавек мяккі і падатлівы чужому слову. Чорны. А пакажацца яна, вабная, дзябёлая, падатлівая, — і хлопец зусім траціць розум. Сачанка. // Уласцівы такому чалавеку. Была ў майго сябра добрая душа, падатлівы характар і чулае сэрца. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падма́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., каго-што.
1. Злёгку або дадаткова змазаць чым‑н. Падмазаць скавараду. Падмазаць падшыпнікі. □ Мы пачалі ладзіць павозку. Праверылі, ці добра трымаюцца лёсткі ў білах, падцягнулі атосы, паправілі палукашак, густа падмазалі дзёгцем колы. Якімовіч.
2. перан. Разм. Даць хабар, падкупіць. Сроіл, баючыся пагалоскі, што ў ягоным садзе забілі чалавека, добра падмазаў і паліцыю і ўрача. Корбан.
•••
Падмазаць пяткі (пяты) — хутка пабегчы, уцячы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паэ́т, ‑а, М паэце, м.
1. Аўтар вершаваных паэтычных твораў. Янка Купала — народны паэт, класік беларускай літаратуры. Івашын. У пачатку 20‑х гадоў на літаратурнай ніве з’яўляецца цэлая плеяда маладых паэтаў і празаікаў. Майхровіч. // Пра мастака любога віду мастацтва, творы якога вызначаюцца паэтычнасцю, лірызмам.
2. Пра чалавека ўзвышанай, паэтычнай натуры. Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.
[Грэч. poiētē.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)