цэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, ад якога нічога не аддзелена; не падзелены, не раздробнены. Узяць цэлым кавалкам. □ Зарачанскай бабе за тое, што паказала брод праз раку, далі ў аддзяку цэлы сувой ангельскага сукна. Каваленка. Дзеці вестку пра дажынкі сустрэлі па-свойму. — Ну, увесь дзень не буду нічога есці, — гаварыў Уладзік. — Тады цэлы пірог з’ем... С. Александровіч. // Напоўнены да краёў, запоўнены поўнасцю; поўны. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў [Міколка з бацькам] дасталі. Лынькоў. Летась на ёй ужо больш яблык было, цэлы кошык. Кулакоўскі. // Увесь ад пачатку да канца (пра адрэзак часу). Кожныя шэсць дзён [Зося] чакала сёмага, нядзелі, а тады з самага рання старалася пайсці на цэлы дзень дадому. Чорны. Пра гэта мне сказалі не толькі Арцюк, Павел Адамавіч, камбрыг, але і маёр, які прылятаў з Вялікай зямлі і цэлы тыдзень вучыў нас, партызанскіх разведчыкаў і сувязных. Шамякін. Цэлы дзень у гушчары Чутны крыкі дзетвары. Гілевіч. Цэлы дзень у пошуках дзічыны я блукаў аднойчы па тайзе. А. Вольскі. Стары Нічыпар, бывае, цэлы вечар .. прасядзіць над рэчкаю. Баранавых. // На ўсёй адлегласці; на ўсю адлегласць (пра месца, прастору). [Зелянюк:] — Мы зробім так, што гэта будзе ўзорны калгас на цэлы раён. Зарэцкі. На цэлыя вёрсты і мілі Разносіла пах сенажаць. Колас. Да паўдня калона расцягнулася, можа, на цэлую вярсту. Навуменка.

2. Ужываецца пры абазначэнні вялікай колькасці чаго‑н., вялікіх памераў, аб’ёму чаго‑н. Накапаць цэлую гару зямлі. □ У раёне дзеду пашанцавала: ён прывёз аж цэлых дзесяць новых вулляў. Якімовіч. — Людзі ёсць. Цэлы полк, — прыцішана і неяк сухавата адказаў Пішчыкаў. Алешка. Да сянец дабудавалі яшчэ цэлую хату. Гаўрылкін. // Які па значнасці, складанасці нагадвае сабой што‑н.; сапраўдны. Цэлая гісторыя. □ Пра падпольшчыка, якога называлі Жан, хадзілі па горадзе і яго ваколіцах цэлыя легенды. «Звязда».

3. Не пашкоджаны, не сапсаваны, не разбураны. Мы агледзелі аленя. Гэта быў малады самец. Частка яго тулава, галоўным чынам пярэдняя, была з’едзена рыссю, але ўся задняя палова і ногі былі зусім цэлыя. В. Вольскі. Расхлябаныя вокны і дзверы Антоніо залатаў і замацаваў планкамі і жалезкамі, а потым паступова дробныя кавалкі шкла замяніў цэлымі шыбамі. Маўр. // Не зношаны, не парваны (пра адзенне, абутак). Куплю яшчэ кажух белы Дый армяк суконны цэлы. Цётка. // Які не прапаў, збярогся. — Усё [начынне] цэлае. Ніхто не лазіў, — заключыў Воўка. Няхай.

4. Не паранены, здаровы. Цяпер-то ён [Грэчка] хоць ведае, што будзе цэлы... Аднаму, як ні кажы, лягчэй уратавацца, на сябе можна паспадзявацца. Мележ. Андрэй падумаў быў, што трэба вярнуцца дамоў, пакуль цэлы. Збягуцца ваўкі з усяго лесу — у лазню не схаваешся. Пташнікаў. [Вісарыён:] — Ты не стагні, ты цэлы, толькі гузоў пэўна багата набраў! Самуйлёнак. І козы цэлыя і воўк сыты. Прымаўка.

5. Якому ўласціва адзінства, цэльнасць. Горад шумеў, як дзень, так ноч, тысячамі галасоў.. Усё гэта збівалася ў нешта адно цэлае, і ўся гэтая стракатасць грамады біла ў вочы... Колас. // у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Сукупнасць чаго‑н., што ўспрымаецца як нешта адзінае. Насельніцтва гарадоў не з’яўлялася аднародным цэлым. Алексютовіч. Пры ўсёй ідэйна-тэматычнай разнастайнасці цыкл [Я. Купалы «На заходнебеларускія матывы»] ўспрымаецца як адзінае мастацкае цэлае. Гіст. бел. сав. літ.

6. Які не мае дробу (пра лік, велічыню). Цэлыя лікі.

7. у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Не сшытае, без швоў месца ў адзежы. Разарваць па цэламу. □ Гаворыць па беламу, а ломіць па цэламу. З нар. // Не падраны. Хто цэлага не бачыў, той і латанаму рад. Прыказка.

•••

Век цэлы гл. век.

У цэлым — а) ва ўсёй сукупнасці, цалкам. Рэдактар адказвае за ўвесь нумар газеты ў цэлым; б) увогуле, без падрабязнасцей. У цэлым гэта бясспрэчна так. Ліс.

Цэлая гадзіна гл. гадзіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвост, хваста, М ‑сце, м.

1. У жывёл: прыдатак (звычайна рухомы) на заднім канцы цела. Валерык ускудлаціў валасы, стаў на карачкі, грозна засоп і пасунуўся пад паветку, дзе, адганяючы хвастом аваднёў, мірна хрумстаў канюшыну рослы рабы бычок. Шашкоў. Конік бадзёра цупае па дарозе, памахвае доўгім хвастом. Навуменка. // Значна звужаная канцавая частка цела (у рыб, паўзуноў і пад.). Хвост яшчаркі. □ Вільнула рыбка хвастом і нырнула на дно мора. Якімовіч. [Вугор] мае доўгае, выцягнутае, крыху сплюснутае з бакоў тулава, якое спераду заканчваецца вузкай галоўкай са скошаным пад вострым вуглом ілбом і маленькімі вочкамі, а ззаду паступова пераходзіць у доўгі і дужы хвост-вясло. Матрунёнак. // перан. Разм. У значэнні адзінкі падліку жывёлы. Ад кожнага хваста — пуд жыта, пуд бульбы або замест бульбы дзесяць рублёў грашыма. Брыль. // Футра пушнога звера (з прыдатка на задняй частцы цела), якое выкарыстоўваецца як гаржэтка, абшыўка і пад. Шапка з хвастоў пясца. // Пучок пер’я на заднім канцы цела птушак. У берагавой ластаўкі хвост кароткі, раздвоены і мае форму невялікіх тупых вілачак. В. Вольскі. А вось танканосы бакас, куртатая балотная птушачка, яшчэ хітрэй прыдумаў — хвастом спявае! Ігнаценка.

2. Задняя, канцавая частка лятальнага апарата (самалёта, ракеты і пад.). Уздоўж фюзеляжа да сценак прыладжаны лаўкі, а ў хвасце складзена маёмасць, якую ў абкоме падрыхтаваў падпольшчыкам. Новікаў. Разгарачаны Сцяпанаў упрытык наблізіўся да хваста «юнкерса». Алешка.

3. Крайняя, ніжняя, задняя канцавая частка чаго‑н. Хвост папяровага змея. Хвост бурака. // Росчырк (у літары, цыфры, арнаменце і пад.). Пакручасты кароткі хвост, прыроблены да апошняй літары, і распырсканае ў канцы чарніла павялі на думку, што начальнік спяшаўся. Асіпенка. // Вісячы канец (вяроўкі, пугі і пад.). Толькі ж у рукзаку Стаў завязваць хвасты, Бачу ў шафе ў кутку Сіні сшытак таўсты. Нядзведскі.

4. Доўгая, звівістая паласа (дыму, пылу і пад.). Там-сям па кругавіне горада стаялі, бы вытачаныя, фабрычныя трубы з хвастамі цёмнага дыму. Колас. На двор МТС узышла машына і прыцягнула за сабой доўгі хвост пылу. Дуброўскі. // Светлая паласа, якую пакідае за сабой рухомае цела (камета, ракета і пад.). [Віця] неаднойчы наглядаў, як зрывалася раптам нейкая зорка, чыркала аб другія, якіх на небе было безліч, і з зыркім хвастом ляцела ўніз, пакуль не рассыпалася бясследна. Паўлаў.

5. Разм. Задняя частка падола адзежы, якая цягнецца па зямлі. Хвост сукенкі.

6. Разм. Рад людзей, што рухаюцца за кім‑, чым‑н. За .. [Сымонам] заўсёды цягнуўся шумлівы і стракаты хвост дзяцей. Хомчанка. За .. [афіцэрам], на конях, высыпаў цэлы хвост удалых меншых чыноў. Чорны. // Група людзей, якія стаяць адзін за адным, чакаючы чаго‑н.; чарга. Маладыя людзі перад Новым годам прыйшлі ў магазін купіць віна і цукерак. Хвост даволі доўгі, пасоўваецца марудна. Лужанін. // Той, хто неадступна ходзіць за кім‑н. Лічаць нас [хлопцаў] яе [дзяўчыны] хвастом, Хай! — не навіна. Мы ж і ў голаў не бяром — Восем і адна. Куляшоў. // Той, хто высочвае каго‑н., шпіёніць за кім‑н. Частыя выезды друкара Максіма да сваякоў маглі прыцягнуць за ім хвост. Якімовіч. Вечарам Жан ішоў са сваім сябрам па вуліцы. Недалёка ад вакзала яны адчулі «хвост». Новікаў. // Пра наяўнасць сям’і, дзяцей. [Ігнат:] — Я чалавек халасты, прастуды не баюся, і калі заб’юць, хоць гэта не пажадана, — ніякіх хвастоў ззаду. Гурскі.

7. Задняя, канцавая частка атрада, каравана і пад., якія рухаюцца. Галава калоны замаруджана, стомлена паднімалася ўгару, а хвост яе імкліва каціўся да моста, напіраючы на пярэдніх. М. Ткачоў. // Заднія, апошнія вагоны поезда. [Начальнік:] — Я прайшоў увесь цягнік ад галавы да хваста, ды не аднойчы, а двойчы. Дубоўка. З акна [будкі] было відаць.. сярэдзіну і хвост [эшалона]. Мележ.

8. перан. Разм. Частка работы, не выканання, не закончаная ў тэрмін. Так лягчэй будзе для ўчотчыка, чымся мераць недакончаныя хвасты. Беразняк. // Не здадзены ў тэрмін залік, экзамен, кантрольная работа і пад. (у студэнтаў, вучняў). [Зіне] горка было засмяяцца, але яна, прытворна смеючыся, дадала: — І яшчэ адзін хвост ёсць. [Косця:] — Па чым? — Па хіміі. Грамовіч. [Юрка:] — Я быў заняты, Тамара. Ты ведаеш, як у нас у школе выкладалі чарчэнне? А ў нашым інстытуце без чарчэння хоць вучыцца кідай. У мяне чуць хвост не быў. Ермаловіч.

9. Спец. Пустая парода, адходы, якія атрымліваюцца пры абагачэнні карысных выкапняў. Кварцавыя хвасты.

10. Абл. Самы крайні, далёкі ўчастак поля, самыя канцы ўчасткаў. [Цярэшка:] — Хутарок жа, як-ніяк. Ды і зямелька ніштаватая дасталася, дармо, што самыя хвасты, што ніхто сюды зроду гною не давозіў. Лобан.

•••

Адкінуць хвост гл. адкінуць.

Апусціць (падтуліць) хвост гл. апусціць.

Віляць хвастом гл. віляць.

Вісець на хвасце гл. вісець.

Гнілому цяляці хваста не адарве гл. адарваць.

І ў хвост і ў грыву — надта моцна (біць, лупіць і пад. каго‑н. або пападаць каму‑н. за што‑н.).

Круціць хвастом гл. круціць.

Ляйчына (лейчына) пад хвост папала (трапіла) гл. лейцы.

Накруціць хвост гл. накруціць.

Наступіць на хвост каму — пакрыўдзіць каго‑н., пашкодзіць каму‑н.

Насыпаць солі на хвост гл. насыпаць.

Падтуліць хвост гл. падтуліць.

Падціснуць (падцяць) хвост гл. падціснуць.

Паказаць хвост гл. паказаць.

Прышчаміць (прыціснуць) хвост каму гл. прышчаміць.

Прышый кабыле хвост гл. прышыць.

Сабаку (кату) пад хвост (груб.) — дарэмна, за нішто (аддаць, патраціць).

Сарока на хвасце прынесла гл. сарока.

Сарока хвастом замяце гл. сарока.

У хвасце — ззаду ўсіх (ісці, плесціся і пад.).

Ушчаміць хвост каму гл. ушчаміць.

Хвастом вільнуць гл. вільнуць.

Хвастом накрыцца гл. накрыцца.

Хвост абаранкам; хвост дудой; хвост трубой — не сумаваць, не падаць духам, трымаць сябе малайцавата, самаўпэўнена.

Хвост у зубы — хутка сабрацца і пайсці (калі многа розных спраў, працы).

Цягнуць ката за хвост гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)