панікёр, ‑а, м.

Чалавек, які сам лёгка паддаецца паніцы або распаўсюджвае чуткі, якія выклікаюць паніку. [Камісар:] — Панікёр! Кожны куст за фашыста прымаеш! Шамякін. Клямт спрабаваў даведацца аб праўдзівасці чутак у аднаго штабнога афіцэра, але той адразу раздражнёна накінуўся на яго і абазваў панікёрам. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́каць, ‑ае; незак.

Разм.

1. Тое, што і покацца.

2. Утвараць пры падзенні гук «пок». Ён ляжаў гэтак нейкі момант, слухаючы, як кулі покаюць недзе паблізу аб мерзлаватую зямлю. М. Ткачоў. Пераспелыя яблыкі ападалі ў цішы садоў і гучна покалі ў зямлю. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праяві́цца, ‑явіцца; зак.

1. Стаць прыкметным, выявіцца (аб якіх‑н. якасцях, уласцівасцях). Ужо з дзяцінства ў Марыны праявіліся музычныя здольнасці. Васілевіч. [Тарас:] Вельмі прыемна, што ў Андрэя праявіўся талент артыста. Гурскі.

2. Спец. Стаць бачным пад уздзеяннем праявіцелю (пра адбітак на плёнцы, пласцінцы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпа́дачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прыпадку. Прыпадачны стан.

2. Разм. У якога часта бываюць прыпадкі якой‑н. хваробы. Прыпадачны хворы. / у знач. наз. прыпа́дачны, ‑ага, м.; прыпа́дачная, ‑ай, ж. Прыпадачны ўдарыўся аб раму галавой, стаміўся і ўпаў на памост. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбурча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; ‑чымся, ‑чыцеся; зак.

Разм. Пачаць моцна і доўга бурчаць. Сабака разбурчаўся. □ Да частай бурклівасці мужа яна прывыкла, але прапусціць міма вушэй яго словы аб дачцэ азначала б няўвагу, абыякавасць, а з-за гэтага Антось яшчэ больш разбурчаўся б. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхаладзі́ць, ‑халаджу, ‑халодзіш, ‑халодзіць; зак., каго-што.

Зрабіць раўнадушным, халодным у адносінах да каго‑, чаго‑н.; зменшыць сілу пачуцця, парывання. Замінка нас крыху расхаладзіла. Карпюк. Напамінак аб Еве расхаладзіў Мартына. Ён разняў рукі і нават чутачку падаўся ў бок ад Аўгіні. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

севазваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

Сістэма паляводства з паслядоўным, перыядычным чаргаваннем пасяўных культур на адным і тым жа полі. Ён [Лемяшэвіч] сам раней меў не надта глыбокае ўяўленне аб севазвароце і, колькі ні чытаў пра гэта, ніяк не мог запомніць чаргаванне культур. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таво́т, ‑у, М ‑воце, м.

Густая змазка для машын і механізмаў. Назаўтра, едучы дадому, Мікалай Барысавіч думаў аб тым, што калі дзверы ў суседзяў па-ранейшаму будуць візгатаць, прыйдзецца зайсці да Івана Пятровіча і папрасіць, каб памазаў завесы салам ці тавотам. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарпедава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., што.

1. Атакаваць тарпедаю; паразіць (паражаць) тарпедаю.

2. Спец. Узарваць (узрываць) зарад выбухнога рэчыва ў буравой свідравіне для расшырэння яе і павышэння адданы пласта.

3. перан. Падарваць (падрываць), парушыць (парушаць) знутры. Тарпедаваць дагавор аб раззбраенні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траску́н, ‑а, м.

1. Жук сямейства лістаедаў, які ўтварае трэск трэннем кончыка брушка аб надкрыллі.

2. Разм. Моцны мароз. — Спі, сынок! — азвалася спрасонку маці. Ён ціха пасядзеў на ложку, пакруціў галавою і, прыслухаўшыся да цемнаты, уцяміў — страляў мароз-траскун у сцяне. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)