даку́ка, ‑і, ДМ ‑куцы, ж.
Разм.
1. Турбота, клопат. Спіць дзіця, не ведае дакукі. □ — То перш трэба навучыцца, паважаная дзяўчына. Бо мне трэба такія, каб ужо працавалі. А то што ж — замест помачы я буду мець дакуку: абучаць вас. Скрыган.
2. Нуда, маркота. Працаваць адной — дакука, Кліча бабка ўнучку, унука — І палоць, і паліваць, Прарываць і аграбаць. Шушкевіч. Не пісьмы з нейкае дакукі Начамі піша чалавек. Ідзе па лесвіцы навукі, Не адстае: імклівы век. Бялевіч.
3. Зайздрасць, злосць, выкліканыя чым‑н. Другім добрым пластуном аказаўся камандзір падрыўной групы Гнядкоў і трэцім, на здзіўленне і дакуку маладзейшым, — стары Маеўскі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дапя́ць, ‑пну, ‑пнеш, ‑пне; ‑пнём, ‑пняце; зак.
Разм.
1. Дайсці, дабрацца куды‑н. І куды толькі .. [Пятро] не кідаўся, куды не ездзіў шукаць якой рады ад страшэннай хваробы: дапяў да Кіева, аж некуды на цёплыя воды. Сабаленка. Не магла [Вера] дачакацца, пакуль вернецца Пятро з работы, спытала ў людзей, дзе носяць, і дапяла на сенажаць. Пальчэўскі.
2. Дамагчыся, дасягнуць чаго‑н. [Марыля:] Не такой падатлівай натуры.. [Сымон] у мяне ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць. Купала.
3. Зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. Кляпнёў зразумеў, што яго далікатна просяць вымесціся з кабінета, толькі не адразу дапяў — завошта? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бамбардзірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
1. Абстрэльваць з артылерыйскіх гармат або скідваць з самалёта бомбы на каго‑, што‑н. Немцы бамбардзіравалі з паветра ўвесь гэты куток на ўсю яго разлегласць. Чорны. // Удараць аб паверхню чаго‑н. (пра часцінкі разнастайных рэчываў). З абабітай бляшанымі лістамі камеры, дзе адліўкі ачышчаліся шротам, які бамбардзіраваў іх, паволі выпаўзалі дэталі, падвешаныя на круках. Карпаў. Малыя часцінкі, зараджаныя за доўгі час вандравання ў космасе вялікай энергіяй, бамбардзіравалі корпус карабля, разбіваючыся аб яго і пакідаючы свае сляды. Шыцік.
2. перан. Разм. Тое, што і бамбіць (у 2 знач.). Два гады .. [Насця] бамбардзіравала здзіўленага Васіля супярэчлівымі лістамі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бас, ‑а; мн. басы, ‑оў; м.
1. Самы нізкі мужчынскі голас. Машына павезла іх у стэп. Калі яна неўзабаве спынілася, густы бас Бурмакова прагучаў па-маладому звонка. — Прыехалі! Шыцік. // Спявак з такім голасам. Праз хвіліну нечакана, выразна і гучна загрымела музыка. Бас пачаў спяваць арыю Сусаніна. Шамякін.
2. Духавы або струнны музычны інструмент нізкага рэгістра. Аркестравыя балалайкі носяць назвы — прыма, секунда, альт, бас і кантрабас.
3. толькі мн. (басы́, ‑оў). Струны або клавішы музычнага інструмента, якія адзываюцца нізкім гукам. Разняў гармонь танкіст ўдалы Ды як націсне на басы. Колас. Доўга яшчэ гудзелі трубным гулам басы ўнутры раяля. Хомчанка.
[Іт. basso.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
безадка́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не нясе адказнасці ні перад кім. [Галавенька Громаву:] — Безадказны ты нейкі, папраўдзе, як малое дзіця. Лупсякоў. // Які не атрымліваецца пачуццём адказнасці. А сказаць трэба сур’ёзна і горача, каб.. [Маша] паверыла, каб зноў не палічыла гэта за легкадумны жарт, за яго [Славікаву] звычайную безадказную балбатню. Шамякін.
2. Які працуе безадмоўна, без перабояў. [Іван Іванавіч:] — Для палёту да другіх планет трэба было сканструяваць лёгкі, зручны і безадказны рухавік. Гамолка.
3. Які без пярэчання выконвае ўсе загады, распараджэнне, бездакорны, беззаганны. Бяссільная [Сымонава] злосць вылілася на Машку, яго безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэтая злосць, горкая, дзікая і дурная. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адста́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які астаўся ззаду пры перамяшчэнне руху. Адсталая ад выраю птушка.
2. Які адстаў у эканамічным развіцці. [Максіманаў:] — Наш раён па сярэдніх паказчыках не лічыцца адсталым. Шахавец. З кабінета першага сакратара выляталі па адным чырвоныя і мокрыя ад поту старшыні адсталых калгасаў. Шамякін.
3. Які знаходзіцца на нізкім узроўні развіцця ў параўнанні з іншымі. Адсталая народнасць. Адсталая тэхніка. □ Думкі нават самых адсталых, цёмных, несвядомых людзей за апошнія гады пайшлі ў іншы бок. Чорны. // у знач. наз. адста́лы, ‑ага, м.; адста́лая, ‑ай, ж. Выйсці з ліку адсталых. // Які не адпавядае патрабаванням часу, устарэлы. Адсталыя погляды. Адсталая тэорыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́класці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; зак., што.
1. Выняўшы што‑н. адкуль‑н., пакласці на віду. Карп паставіў гарэлку, выклаў з кошыка закуску. Шамякін.
2. Пакрыць паверхню чаго‑н. чым‑н.; вымасціць, абліцаваць. Выкласці сцены керамічнымі пліткамі. // Скласці які‑н. надпіс, фігуру, узор з чаго‑н.
3. Збудаваць, вывесці. Душу ўкладваў.. [Мітраховіч] у сваю работу, шчыра, душэўна вучыў і Марыю: як роўна вывесці сцяну, як навечна ўмураваць цагліну, як вугал выкласці, каб ён радаваў вока... Васілевіч.
4. перан. Выказаць, расказаць, паведаміць. Выкласці прэтэнзіі. Выкласці свае меркаванні. Выкласці просьбу. □ Валодзя адным духам выклаў мне ўвесь свой праект пабудовы .. трасы. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абстано́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
1. Мэбля, якой абстаўлена памяшканне. Два сталы, пісьмовы і звычайны, таксама работы калгасных майстроў, ды некалькі крэслаў складалі ўсю мэблю і абстаноўку канторы. Колас. // Дэкаратыўная і бутафорская частка спектакля.
2. Сукупнасць умоў, акалічнасцей, у якіх што‑н. адбываецца; абставіны. Міжнародная абстаноўка. Ахарактарызаваць абстаноўку. У абстаноўцы міру і дружбы. □ У голасе Садовіча пачуліся ноткі нездавальнення і расчаравання сваім маладым настаўніцкім жыццём і тою абстаноўкаю, у якой прыходзілася жыць. Колас. // Становішча на месцы ваенных дзеянняў, абумоўленае суадносінамі баявых сіл, іх размяшчэннем і характарам мясцовасці. Баявая абстаноўка. □ І камісар, не марудзячы ні хвіліны, накіраваў чалавека дагнаць атрад, паведаміць абстаноўку. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кляймо́, ‑а́; мн. кле́ймы (з ліч. 2, 3, 4 кляймы́), кле́ймаў; н.
1. Пячатка, знак, якія ставяцца на вырабах і паказваюць гатунак тавару, назву прадпрыемства і пад. Фабрычнае кляймо. Завадское кляймо. □ Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша. Шамякін. // Выпалены знак на скуры жывёлы. // Метка, звычайна ў форме літар, выпаленая на целе злачынца (у некаторых дзяржавах і ў Расіі да 1863 года).
2. перан.; чаго або якое. Знак, сведчанне чаго‑н. (звычайна ганебнага). Кляймо забойства. □ Занятак адкладвае на кожнага своеасаблівае кляймо. Бядуля.
3. Прылада, якой кляймуюць.
•••
Каінава кляймо — след злачынства на кім‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крамо́ла, ‑ы, ж.
1. Уст. Дзяржаўная змова, мяцеж, бунт. [Ганецкі:] Не гарачыся, трэба высачыць, з кім бунтаўшчыкі больш у вёсцы звязаны, каб з каранямі знішчыць крамолу. Козел. У кожным беларускім пісьменніку жандары ад літаратуры бачылі патэнцыяльнага злачынца, у кожнай спробе беларускага народа загаварыць на сваёй роднай мове — крамолу. Мальдзіс.
2. перан. Разм. Погляды, выказванні, ўчынкі, якія супярэчаць агульнапрынятым нормам паводзін, устаноўленаму парадку. — Паколькі вы самі, ды і ўсе дэлегаты не ўбачылі ў маёй прамове ніякай крамолы, я буду гаварыць далей. Лынькоў. — Чаму гэта ў нас лічаць крамолай, калі чалавек зайшоў у рэстаран? А калі я проста хачу паабедаць культурна? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)