вы́насіць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., каго-што.
1. Перанесці за некалькі прыёмаў усё, поўнасцю. З хлява вывезлі на поле гной. З грубак, з лазні і з кухні вынасілі вёдрамі.. попел. Нядзведскі. Здаецца, не стрывае камень, а .. [чалавек] за свой кароткі век і горы вынасіць рукамі... Дубоўка.
2. Пранасіць дзіця да родаў. [Валя да Любы:] — Цяпер я цябе зусім адчуваю, ты свайго сына вынасіла ўсёй сваёй душой... Чорны.
3. Выцерці, працерці ў выніку доўгага нашэння.
4. Пранасіць некаторы час. Выносіць касцюм пяць гадоў.
5. перан. Абдумаць да поўнай яснасці, закончанасці. Выносіць ідэю. □ Вынасіў дзед Талаш, як маці дзіця, сваю неспакойную думку. Колас. Чудзін здаваўся.. [Маі] тым героем, каго яна вынасіла ў дзявочых марах, вычытала ў сотнях кніжак, падгледзела крадком у фільмах. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разгу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Павольна, не спяшаючы гуляць, хадзіць для адпачынку, забавы. — Глядзі ж ты, Матрона, не вельмі па вуліцах вечарамі разгульвай, — сказаў, прыпыніўшыся, Іван. Колас. Бачыцца Валянціне, быццам маці бяжыць з-за пагорка, махае рукою, здалёк крычыць, каб не разгульвала, не распявала тут на ўлонні, а брала кошык ды ў лес — па грыбы, ягады. Мыслівец. // Перамяшчацца свабодна, у любым напрамку. Цёмнарусы Кастусь, якому зараз, са студзеня месяца, ішоў дваццаць шосты год, мог спакойна разгульваць пад носам у самых спрытных жандараў. Якімовіч. / Пра з’явы прыроды. Па вуліцах горада разгульвалі вятры, прыносячы з сабою дзівосныя пахі квітнеючых садоў. Гурскі. // Свабодна дзейнічаць, займацца разгулам і разбоем. Петрусю давялося некалькі разоў выязджаць у начныя засады, дзе разгульвалі бандыты. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздзьму́ць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; зак., што.
1. Дзьмучы, дзьмухнуўшы, развеяць, рассеяць што‑н. лёгкае. Раздзьмуць попел. // Разм. Разнесці, разагнаць у бакі (пра вецер). Плывуць аблокаў круглых крыгі па небе, нібы па вадзе, а ён [вецер] раздзьмуў і п’е адлігу — цячэ блакіт па барадзе. Летка.
2. Прытокам паветра ўзмацніць гарэнне; распаліць. [Ева] паклала на патэльню здору, Раздзьмула жар — пячы бліны. Гаўрусёў. / у перан. ужыв. Газеткі казённага кірунку, знаходзячыся на ўтрыманні казны, стараліся раздзьмуць патрыятызм і пасеяць нянавісць да японцаў. Колас.
3. Напоўніць паветрам; надзьмуць. Конь выцягнуўся на дарогу ды стаў раптам. Натапырыў вушы, раздзьмуў ноздры. Чорны. Кузня ў вёсцы маленькая, нават меха няма, каб раздзьмуць вуголле. Навуменка.
•••
Раздзьмуць кадзіла — падняць шум вакол якой‑н. справы, учынка і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ране́й, прысл.
1. Выш. ст. да прысл. рана 2 (у 2 знач.).
2. Да пэўнага, указанага моманту. Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Можа яна ў гэтую раніцу ападала б і вельмі доўга, каб Аленка не прыйшла раней тэрміну. Колас. — Дык вось і зробім лаўтра пад’ём на дзве гадзіны раней звычайнага. Брыль.
3. У мінулым, да гэтага, да нядаўняга часу. Пімен Бумажкоў раней займаўся сельскай гаспадаркай, пасля пайшоў працаваць на завод рабочым. Чорны. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так ты сёння ідзеш узнімаць цаліну. А. Вольскі.
4. Спачатку, найперш. Раней, чым сабе, дзед накладваў мне ежу ў алавяную місачку. Бядуля. Што пачнецца раней — наступленне ці блакада — вельмі цяжка згадаць. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́ба, ‑ы, ж.
Вадзяная пазванковая з непастаяннай тэмпературай цела жывёліна, звычайна пакрыта луской; дыхае жабрамі і мае плаўнікі. Марская рыба. Драпежная рыба. / у знач. зб. І рэчка ёсць. А рыбы, рыбы! Вось дзе, Антось брат, пажыў ты бы! Колас. — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць. Лынькоў. // Мяса гэтай жывёліны; ежа, прыгатаваная з яе. Рыба пад марынадам. Заліўная рыба.
•••
Лятучыя рыбы — рыбы, якія выскокваюць з вады і могуць трымацца некаторы час у паветры, ратуючыся ад драпежных рыб.
Біцца як рыба аб лёд гл. біцца.
Ні рыба ні мяса — пра чалавека, які не мае характэрных індывідуальных якасцей; ні тое, ні сёе.
У каламутнай вадзе рыбу лавіць гл. лавіць.
Як рыба ў вадзе — добра, прывольна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапра́ўднасць, ‑і, ж.
1. Тое, што існуе на самай справе, у жыцці; рэальнае існаванне чаго‑н., рэальнасць. Колю і цяпер усё яшчэ здаецца, што гэта быў не сон, а жывая сапраўднасць. Якімовіч. Усе нядаўнія падзеі ўсталі перад .. [Саўкам] у сваёй страшнай сапраўднасці. Колас. У апавяданнях Янкі Брыля ўпершыню знайшла шырэйшае эпічнае адлюстраванне заходнебеларуская сапраўднасць. Таўлай.
2. Уласцівасць сапраўднага (у 1 знач.). У старога пачалі ўжо з’яўляцца сумненні ў сапраўднасці запрашэння і вырастаць трывога за Таццяну і Любу. Шамякін. // Аўтэнтычнасць, праўдзівасць. [Лейтэнант] павёў ліхтарыкам, нібы лішні раз хацеў пераканацца ў сапраўднасці дакумента, змешчанай у ім фотакарткі. Лынькоў.
3. Сучаснасць. І гэта было ўсё, што нагадвала пра колішні Грабскі хутар, усё, што звязвала сапраўднасць з мінулым. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
снасць, ‑і, ж.
1. зб. Сукупнасць інструментаў, прылад, прыстасаванняў для якога‑н. занятку. Яго [бурштын] не краналі тапор і піла. Тады не было гэтай снасці. Бялевіч. [Руцкі:] — Вясна на дварэ, сеяць трэба, снасць патрэбна, колы трэба. Чорны. Снасць зарыпела, нешта злёгку трэснула, і воз з сенам, здрыгануўшыся, выкаціў на пагорак. Ляўданскі. Кабета .. каялася, што не пакінула агародную снасць на сваім участку. Кулакоўскі. // Прылады і прыстасаванні для рыбнай лоўлі. А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [дзядзькі Марціна] адмысловая. Колас. — Рыбку? — запытаў Шэмет, паказваючы на снасці. [Мужчына:] — Думаю прайсці. Бывае, што карась бярэ. Лобан.
2. Канат, вяроўка і пад., якія служаць для кіравання парусамі і пад. Матросы пад камандай боцмана ўмацоўвалі снасці, прыбіралі з палубы ўсё, што нельга было замацаваць. Бяганская.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.
1. што. Прымусіць заплаціць, атрымаць ад каго‑н. прымусова. Спагнаць доўг. Спагнаць штраф. □ [Павал:] — Я яшчэ з .. [папа] спаганю тыя два рублі, якія ён з мяне здзёр. Чорны. Мільганула думка, што Адэлька з’явілася, каб спагнаць аліменты. Асіпенка.
2. што. Атрымаць задавальненне, выліўшы свой гнеў, дрэнны настрой на каго‑н. Ляснік дагнаў нас на кані і злосць спагнаў на нявінным чалавеку. Прокша. Сонным хадзіў [Лаўрэн] і не знаходзіў, на кім нуду сваю спагнаць. Баранавых. // Наогул атрымаць задавальненне ад чаго‑н. дасягнутага. Малое голад свой спагнала І спаць не хоча а-ні-ні. Колас.
3. без дап. Адпомсціць за крыўду, прычыненае зло і пад. За вялікую крыўду і чорт спагоніць. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
справядлі́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць справядлівага; правільнасць. Справядлівасць прыгавору. □ Дабрата і справядлівасць калгаснага брыгадзіра Лявона Архіпавіча былі ўсім добра вядомы. Якімовіч.
2. Пра аб’ектыўныя, справядлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Справядлівасць вымагае зазначыць, што не было яшчэ такога здарэння, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Колас. Трэба аддаць справядлівасць нашым хлопцам: паказалі яны сябе тут сапраўднымі героямі. Маўр. А іншыя даказвалі, што лепей разам .. і пажаць, і памалаціць, і па справядлівасці раздаць людзям. Марціновіч.
3. Адпаведнасць чалавечых адносін, дзеянняў патрабаванням маралі і права; чалавечыя адносіны, законы, звычаі, якія адпавядаюць маральным і прававым нормам. Разам з Янкам, Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам Змітрок Бядуля праўдзіва адлюстраваў жыццё народа, яго імкненне да справядлівасці. Каваленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Праяўляць стараннасцю руплівасць у якой‑н. справе, рабоце. Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца. Колас. Нездарма стараецца так Хомка: ён сёння пойдзе з гаспадаровым сынам на кірмаш. Гарэцкі.
2. з інф. Імкнуцца дасягнуць, дабіцца чаго‑н.; прыкладаць намаганні да чаго‑н., намагацца рабіць што‑н. Аднак, не хочучы быць несумленным ні перад сабой, ні перад ёю, у далейшым .. [Казанцаў] стараўся сустракацца з Аняй радзей. Васілевіч. Пасля .. [салдату] пачало здавацца, што нехта стараецца выгаварыць слова, а выходзіць усяго паўслова і ўсё шпаркім шэптам, хворым і нежывым. Чорны. Цешча была на дзіва лагоднай і старалася чым можна дагадзіць зяцю. Б. Стральцоў.
•••
Рад старацца! гл. рады.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)