слізь, слізі, ж.

1. Цягучая і слізкая маса, якая выдзяляецца некаторымі клеткамі жывёлін і раслін. Кароткім спружыністым рухам.. [вугор], як змяя, выслізне з вашых рук.. Гэтаму.. дапамагае яго надзвычай дробная, схаваная ў скуры луска, накрытая зверху тоўстым слоем слізі. Матрунёнак.

2. Слізкі, цягучы налёт на прадметах ад пастаяннай вільгаці. Ля берагоў возера было мелкае, а дробныя каменьчыкі, што ўсцілалі дно, пакрыты нейкай зялёнай сліззю. Ваданосаў. Косця сцёр з біклагі слізь і ракушкі, паспрабаваў адкруціць вечка. Гамолка. / у перан. ужыв. А крытык скажа строгі, Як адмятала дрэнь і слізь Яна [праўда] з жыцця дарогі. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тхары́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тхара, належыць тхару. Тхарыная нара. □ А Кастусёк даўно гатовы — У іх [з дзядзькам] раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны. Колас.

2. Які нагадвае тхара. [Клопікаў] стаяў дзе-небудзь ля дошкі з аб’явамі і, выцягнуўшы тхарыны тварык, не чытаў, а ўчытваўся ў чарговы загад. Лынькоў. // перан. Востры, злосны, калючы (пра вочы). Але вось чалавек скончыў пісаць, паклаў на стол ручку-самапіску, паглядзеў на хату маленькімі тхарынымі вочкамі. Сачанка. Бляск у тхарыных вачах [Глушака], як быў, астаўся пранізлівы, упарты, нязломны. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Тое, што і прыхіліць. А вуха к зямлі прыхіні Ля кожнай шахцёрскай сядзібы — Пачуеш, Як у глыбіні Іх рукі варочаюць глыбы. Аўрамчык. Апошняе, што памятаў Віця, гэта, як бацька прыхінуў яго да сябе і яны разам асунуліся ў снег... Нядзведскі.

2. Разм. Прыкрыць, прыхаваць, засланіць чым‑н. Прыхінуць ложак коўдрай. □ Вайцех трымаўся ўзлесся, дзе яго ў любы час мог прыхінуць ельнік. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абра́ннік, а, м.

1. Той, хто абраны для выканання якіх‑н. высокіх абавязкаў. Дэпутаты — абраннікі народа. □ Усё гэта нова для нас, і самі мы — абраннікі калектыву — таксама нібы панавелі адразу. Брыль.

2. Уст. Незвычайна здольны, асаблівы чалавек, дзейнасць якога не пад сілу для іншых. Ідэалістычнае ўяўленне пра паэта як абранніка лёсу.

3. Любімы чалавек; каханак. Відаць, што чакае яна [Гандзя] к вечарку свайго Серафіма, абранніка сэрца, Ля самых Баркоў на сваім хутарку. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гнус і гнюс, ‑у, м.

1. Разм. Двухкрылыя насякомыя (камары, мошкі, сляпні), якія смокчуць кроў чалавека і цеплакроўнай жывёлы. Ля будана касцёр дыміцца І гнус нудою гідкай звонячы, Не пакідае хмарай віцца. Хведаровіч. Прыдумаў чорт, няйначай, гнюса, І не адбіцца аніяк Ад піску злоснага, і ўкусаў, І ад яго ліхіх атак. Калачынскі.

2. перан. Пра што‑н. нікчэмнае, нізкае. А чым не гнус, напрыклад, хуліганства? Не мала шкодзіць нам распускае паганства. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і гайса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Хутка і мітусліва рухацца, перамяшчацца ў розных напрамках. Ашалелы ад страху статак гайсаў па лужку. «Работніца і сялянка». Дзятва гойсала, кугікала і круцілася ля вогнішча. Каваль. // Раз’язджаць, бегаць у пошуках каго‑, чаго‑н. Гендарсан гайсаў на сваёй кабыле па вёсках, шукаў работніц капаць бульбу. Чарнышэвіч. // Хадзіць, бегаць дзе папала без пэўнай мэты. Ты ж тут не гойсай па вуліцы, а вучыся добра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́мень, -ю і -я, Т -ем, мн. камяні́, камянёў, м.

1. -ю, зб. Цвёрдая горная парода (за выключэннем металу) у выглядзе суцэльнай масы або асобных кавалкаў.

Вуліца выбрукавана каменем.

Будаўнічы к.

2. -я. Асобны кавалак такой пароды.

Збіраць камяні ля дарогі.

Каштоўны к.

3. мн. Цвёрдыя саляныя і іншыя ўтварэнні ў некаторых унутраных органах.

Камяні ў печані.

Камень на сэрцы — душэўны цяжар, гора.

Каменя на камені не пакінуць — разбурыць усё.

Кідаць каменем у каго — асуджаць, ганьбаваць каго-н.

Найшла (наскочыла) каса на камень — сутыкнуліся розныя непрымірымыя погляды, інтарэсы, характары.

Насіць камень за пазухай — мець злосць на каго-н., быць гатовым адпомсціць каму-н.

Як камень у ваду — бясследна прапасці, знікнуць.

|| памянш.-ласк. каме́ньчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.).

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый — намякаць на што-н., неадабральна адзывацца пра каго-н.

|| прым. каме́нны, -ая, -ае (да 1 знач.).

К. падмурак.

Каменны мяшок — турма.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

няўзна́к, прысл.

1. Непрыкметна. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак. Купала. Малашкін трымаў аловак у правай руцэ, стукаў па стале няўзнак і пры гэтым крывіўся. Пестрак.

2. Хоць бы што, неўзаметку. Бывае часам стомішся, аднак пагрэешся ля вогнішча і зноўку каменні на шляху табе няўзнак. А. Вольскі. Няважна, што цэлы тыдзень я буду есці нішчымныя крупы і бульбу, гэта няўзнак. Скрыган.

3. Выпадкова, ненаўмысна. — Не шкадуеце, што пайшлі? — жуючы маласольны агурок, быццам няўзнак, спытаў у мяне доктар. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уну́к, а, м.

1. Сын дачкі або сына. Вестка — унук нарадзіўся — прыйшла. От жа сэрца і рвецца: Як там? Што там у іх? Каб магла, Паляцела б, здаецца... Гілевіч.

2. толькі мн. (уну́кі, ‑аў). Нашчадкі. Хто высаджваў ля бруку Сотні дрэўцаў густых? — Мы, Мічурына ўнукі, Тут вырошчваем іх. Нядзведскі. — Трэба, .. каб гэтую казку [пра прыгажуню-Алёну] заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папа́с, ‑у, м.

1. Месца, дзе пасецца жывёла; паша. Травою шастаюць Каровы на папасе. Чарот. Змоўкла цётка, калі на падворку тонка і высока заржала жарабя, а ў дзвярах паказаўся дзядзька Андрэй — прызнаў з папасу кабыліцу. Вышынскі.

2. Прыпынак у дарозе з мэтай пакарміць коней, падсілкавацца і адпачыць; папаска. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег, Ды дзе спыніцца для папасу? Колас. Праз вёску са сваёй дружынай Баярын гэты ехаў раз, І ля Натальчынай хаціны Ён затрымаўся на папас. Купала. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на папас і на начлег у карчме. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)