дра́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Скрэбці па якой‑н. паверхні чым‑н. вострым, цвёрдым; рабіць драпіны. Голле хвастала па твары, драпала рукі, чаплялася за кашулю. Хомчанка. [Фрося] пачала ногцямі драпаць леснікоў твар, рваць яго за доўгія вусы. Бядуля. // Разм. Чухаць цела. Маўчала і цямнела прыгожае веснавое неба, і дзядок драпаў свае худыя валасатыя грудзі. Гарэцкі. Каму свярбіць, той драпае. З нар.

дра́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. пагард. Паспешліва адступаць, уцякаць. — Немец драпае, даганяць трэба, — адным духам выпаліў танкіст. Якімовіч. Калі ж здаралася наскочыць на лясную варту або на міліцыю, Анатоль драпаў у кусты. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што да каго-чаго.

1. Разм. Падагнаць; прыладзіць. Трэба дапасаваць лубяныя ніці-стужкі да дзірак такім чынам, каб ніводная кропля вады не пранікла. Маўр. // Зрабіць што‑н. супадаючым у часе з чым‑н. Дапасаваць выпуск насценнай газеты да святочнага дня. // Аднесці, прымяніць. Да Якуба Коласа, так як і да яго вялікага друга і саратніка Янкі Купалы, можна дапасаваць словы, сказаныя А. М. Горкім пра Пушкіна: «Ён у нас — пачатак усіх пачаткаў». Лужанін.

2. Паставіць залежнае слова ў тым самым родзе, ліку, склоне або асобе, у якім стаіць галоўнае слова. Дапасаваць прыметнік да назоўніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загаці́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; зак., што.

1. Разм. Палажыць гаць, пакрыць гаццю (для праходу, праезду). Загаціць балота.

2. Разм. Перагарадзіць плацінай; запрудзіць. — Загаціць, — кажуць далей, — трэба рэчку, Каб возера было, каб быў і млын. Купала.

3. Абл. Запоўніць цалкам якую‑н. прастору, праход і пад. — Ну і насіласавалі, няўрокам кажучы, яму, усе чатыры секцыі вежы, і каб яшчэ была адна яма, то і яе б загацілі. Ермаловіч.

4. перан. Затраціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц не змажа. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., ад каго-чаго.

1. Быць падпарадкаваным чыёй‑н. уладзе, волі. — Вучыцца трэба, Лявон.. — Каб усё ад мяне аднаго залежала, я не ламаў бы галавы. Чарнышэвіч. — Табе, па-мойму, не варта сварыцца са мною. Бо залежу ўсё-такі не я ад цябе.., — ужо з пагрозаю сказаў Кашын. Карпаў.

2. Быць абумоўленым якімі‑н. абставінамі, прычынамі; з’яўляцца вынікам чаго‑н. [Вялічку] штосьці рупіла, быццам ён стараўся і ўспомніць тое важнае, ад чаго залежаў яго лёс. Чорны. Ад .. разведкі залежала вельмі многае. Кулакоўскі.

3. Быць звязаным падпарадкавальнай сувяззю з галоўным словам ці сказам. Прыметнік залежыць ад назоўніка. Даданы сказ залежыць ад галоўнага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заце́рці, ‑тру, ‑траш, ‑трэ; ‑тром, ‑траце; пр. зацёр, ‑цёрла; зак., каго-што.

1. Тручы, зрабіць што‑н. нябачным, невыразным; сцерці. Зацерці надпіс на сцяне. // Разм. Выцерці (брудны след, лужыну і пад.). Вакол чыгуна і пад нагамі хлопца стаяла такая лужына, што мо з паўгадзіны трэба было б старой гнуцца, каб зацерці яе. Кулакоўскі.

2. Сціснуць, пазбавіць магчымасці свабодна рухацца. Ільды зацёрлі карабель. Зацерці ў натоўпе. // перан. Разм. Перашкодзіць каму‑н. праявіць сябе, не даць ходу. [Даніла] вучыцца завочна ў тэхнікуме, быў брыгадзірам. Гэта яго Свідрань зацёр за пярэчанні. Дуброўскі.

3. Прыгатаваць што‑н. заціраннем. Зацерці муку. Зацерці талакно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

алавя́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з волава. На камодзе.. стаялі.. алавяныя з замыславатымі ўзорамі талеркі. Бядуля. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю. Колас.

2. Які складаецца з волава, мае ў сабе волава. Алавяныя зліткі. Алавяныя руды. Алавяная соль. // Звязаны са здабычай, апрацоўкай волава. Алавяны руднік. Алавяная прамысловасць.

3. Чым‑н. падобны да волава, такі, як у волава. Ночы свае недаспаныя Трэба скасіць і звязаць, Звезці снапы алавяныя, Працы палову аддаць. Танк. І зноў над вёскай плылі дні У чорных хмарах алавяных, Галечу ўсім няслі яны, Згрызоты новыя і раны. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абшы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., каго-што, чым.

1. Прышыць (галун, футру і пад.) па краях чаго‑н., аблямаваць. Абшыць паліто футрам. // Абкідаць швы ў чым‑н.

2. Абабіць усю паверхню дошкамі, лістамі бляхі і пад. Рабочыя паставілі каркас, абшылі яго плітамі, накрылі дах, і праз пяць дзён на будаўнічай пляцоўцы ўжо ўзвышаўся новы прыгожы дом. «Звязда». Сяк-так звязаць жэрдкі.. [Манг] паспеў праз тры дні, але засталося самае галоўнае: абшыць іх. Маўр. // Нашыўшы (матэрыю, скуру і пад.), абцягнуць. Абшыць пасылку.

3. Пашыць усё неабходнае для каго‑н. Трэба абмыць і абшыць сям’ю, а вечарам аж да поўначы — прасніца, пад вясну — кросны. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што і без дап.

1. Скончыць барабаніць.

2. перан. Без старання, невыразна выканаць, прачытаць што‑н. Адбарабаніць верш. Адбарабаніць прамову.

3. Разм. Адслужыць, адпрацаваць доўгі час на якой‑н. малацікавай рабоце, службе. Іванаў дзед, Сымон Мурашка, быў калісьці «мікалаеўскім» салдатам. Дваццаць пяць год адбарабаніў. Брыль.

4. каго і без дап. Хутка прайсці, праехаць; завезці. [Майбарада:] — То трэба было і чакаць аўтобуса. Можа абышлося б і дзешавей. Або можна было і пехатою адбарабаніць. Скрыган. — Усё, што магу для цябе зрабіць, гэта сказаць вось Пятру Іванавічу, каб ён адбарабаніў цябе на гэтым газіку на пост да старога Кузьмы. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. памерай; зак.

1. каго-што. Вызначыць пры дапамозе якой‑н. меры велічыню, колькасць чаго‑н. Буткевіч агледзеў памяшканне, памераў яго крокамі ўдоўж і ўшыркі. Чарнышэвіч. Вера прынесла халат, памерала ў салдата тэмпературу. Алешка. [Рыгор:] — Зямлю трэба памераць.. У спісах толькі дваццаць пяць дзесяцін стаіць, а тут яе шмат больш. Крапіва.

2. што. Надзець што‑н. з мэтай прымеркі. [Гаспадыня:] — Памерайце яшчэ вось гэтае паліто... Яна выцягнула з шафы новае, прыгожа зробленае цёплае паліто мужа. Новікаў. Галя хуценька зняла з вешалкі сукенку і памерала на сябе. Сабаленка.

3. што. Вымераць усё, многае.

4. і без дап. Мераць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і пану́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго. Прымушаць рабочую жывёлу рухацца хутчэй; нокаць. Чорныя, закураныя цыганы — старыя і маладыя — у клёшных штанах, запыленых хромавых ботах, паважна крочаць узбоч вазоў, панукаюць гладкіх коней. Навуменка. — Но-но, маленькі! — па-гаспадарску клапатліва панукваў.. [Ваня] каня. Паўлаў. // перан.; каго і без дап. Падганяць каго‑н. у рабоце. Хлопцы добрыя, не трэба панукаць. І справу ведаюць... Мыслівец.

2. перан.; кім і без дап. Дэспатычна распараджацца, не лічыцца з кім‑н.; папіхаць. [Касперскі:] Доўга блукаў я па свеце і такі знайшоў шчасце — у калгасе. Цяпер я чалавек! Ніхто мною не панукае. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)