няве́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які парушае вернасць каму‑, чаму‑н.; здрадлівы. Сяброў няверных Там [на караблі] не можа быць І кволым там Няма чаго рабіць. Гілевіч. // Які парушае вернасць у каханні, у шлюбе. Хоць і зорачка — ды не вячэрняя, І каханачка — ды няверная. Багдановіч.

2. Недакладны ва ўспрыманні. Няверны слых.

3. у знач. наз. няве́рны, ‑ага, м.; няве́рная, ‑ай, ж. Уст. Той (тая), хто прыняў чужое веравызнанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напатка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Ідучы, едучы, сустрэцца з кім‑н., трапіцца каму‑н. насустрач. Не паспелі .. [Лабановіч з Турсевічам] адысціся і ста крокаў ад школы, як напаткаўся памочнік пісара. Колас. На вуліцы хлопцу напаткаліся дзяўчаты, што весела і заўзята, перабіваючы адна адну, гаманілі. Мележ.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Сустрэцца, трапіцца пры чытанні, у рабоце і пад. Напаткаліся цікавыя мясціны ў кнізе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патурбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., каго-што.

Прычыніць клопат, неспакой, турботы каму‑н.; патрывожыць каго‑н. [Пісар:] — Прабачце, Андрэй Пятровіч, што патурбаваў вас: я павінен уручыць вам пакет, бо мне прадпісана аддаць яго пад распіску. Колас. [Тварыцкі:] — Пакуль спакойна — можна прыдбаць што, а ты баішся вялікую шышку, Назарэўскага, патурбаваць. Чорны. Касоўскі адпачываў пасля абеду. — Што табе трэба, Цвіркун? — спытаў ён, нездаволены тым, што яго патурбавалі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачэ́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які карыстаецца павагай, пашанай; ганаровы. Каманда парахода на чале з яе капітанам адносілася да нас як да пачэсных сваіх гасцей. Сяргейчык.

2. Які робіць гонар каму‑н. Пачэсны абавязак. Пачэснае заданне. Пачэснае месца. □ Захоплены ідэямі гуманізму, беларускі вучоны ўзяўся за нялёгкую, але пачэсную справу выдання кніг на роднай мове. С. Александровіч. // Які не парушае годнасці каго‑, чаго‑н. Пачэсны мір.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́цца, стаіцца; безас. незак., каму (пераважна з адмоўем).

Пра жаданне або магчымасць стаяць, спыніцца на месцы, не рухацца. — Пойдзем на нашу паляну, пагаворым, — прапанаваў Кастусь, бачачы, што Зіне не стаіцца па месцы. Ваданосаў. Затрымайлаў, грузны, чырванашчокі і шыракаплечы чалавек гадоў пад сорак, ужо сядзеў у акаваным вазку і ледзь стрымліваў за лейцы маладую, бы паглянцаваную кабылу, якой ні хвіліначкі не стаялася ў аглоблях. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрыка́цца, ‑аецца; незак.

Абл.

1. Мець уласцівасць стрыкаць, апякаць скуру (пра крапіву). Спачатку па крапіве, якая вельмі пякуча стрыкалася і кусала за голыя лыткі, пасля па зараслях асакі .. Юля дайшла да ракі. Сачанка. І крапіва маладая стрыкаецца, Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін. Барадулін.

2. Сцёбаць крапівою каго‑н. або адзін аднаго. Хлопцы крапівою стрыкаюцца.

3. перан. Гаварыць колкасці каму‑н. А ты ўсё стрыкаешся, як крапіва. Шарахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уго́днік, ‑а, м.

1. Разм. зневаж. Той, хто імкнецца дагадзіць каму‑н.; угодлівы чалавек.

2. Уст. У рэлігійным уяўленні — святы, які ўгадзіў богу сваім бязгрэшным жыццём. На покуце над сталом віселі абразы ў просценькіх саматужных асадках, але пад шклом, каб мухі не забруджвалі твары святых угоднікаў. Колас. Цётка Тэкля, самая набожная ў вёсцы жанчына, пераблытала і накрыла чыгун з бульбай для свіней абразом Міколы ўгодніка. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удзялі́ць, удзялю, удзеліш, удзеліць; зак., што.

Выдзеліць, аддзяліць частку, долю чаго‑н. для каго‑н. [Туравец:] — Я на цябе, Рыгор, вельмі спадзяюся. Таму і месца даў пагарачэй. — Бачу. Па знаёмству ўдзялілі. Мележ. // перан. Прысвяціць, аддаць у распараджэнне каму‑н. (пра час, увагу і пад.). [Марына Паўлаўна:] «Трэба разабрацца ў сваім часе, сабе і сыну крыху ўдзяліць яго»... Васілевіч. Мартын удзеліць .. [Аўгіні] столькі ўвагі, колькі патрабуюць дачыненні чалавека да чалавека. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урачы́, ураку, урачэш, урачэ; урачом, урачаце, уракуць; пр. урок, уракла, ‑ло; заг. урачы; зак., каго-што і без дап.

Паводле забабонных уяўленняў — пашкодзіць каму‑, чаму‑н. благім вокам; прынесці няшчасце, хваробу. Хавала [маці] ўсё ад вачэй тваіх сініх, Баялася Усё — каб хаця ты не урок. Тармола. // Разм. Пахваламі, прадказаннем чаго‑н. добрага паклікаць дрэннае. — Так, майго Васільку, каб не ўрачы, усе любяць за яго людскасць, самавітасць. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уто́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. Спец. Выконваць другую партыю ў спевах або на музычным інструменце; тураваць. Забыўшыся па стомленасць, Леванок пачынаў уторыць Мар’яне, і два галасы, пераплятаючыся, напаўнялі пакой любімай мелодыяй... Стаховіч.

2. каму-чаму. Паўтараць якія‑н. гукі. Раскоцістым рэхам уторыць Машынам суседні лясок. Колас. Зямля па шчырасці аддорыць За шчодрасць жыхара нябёс: Зірні, як промню ліст уторыць Суладнай музыкаю рос! Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)