неспако́йна,
1. Прысл. да неспакойны.
2. безас. у знач. вык. Аб стане неспакою, хвалявання, які адчуваецца кім‑н. Неспакойна было на душы ў Надзеі. Кавалёў. Мне зноў на сэрцы неспакойна, яно да вас ляціць, сябры. А. Вольскі.
3. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць спакою дзе‑н. Неспакойна было на дарогах і сцежках... Мележ. Перагарадзіўшы.. [Ганне] дарогу, Рыгор сказаў: — У Рызе неспакойна: ідуць забастоўкі, арышты рабочых. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздабы́ткі, ‑аў; адз. няма.
Разм. У выразе: на (у) раздабыткі — каб раздабыць што‑н., разжыцца на што‑н. (ісці, хадзіць і пад.). Усе ўчатырох ідуць яны ў раздабыткі. На кірмашах, каля цэркваў круціць катрынку Цэнтразыхер, падспеўваюць Паўлюк і Кузьма, а катрыншчык абыходзіць слухачоў з шапкаю. Лужанін. Амаль кожны дзень хадзілі мы на раздабыткі правіянту, колькі разоў я быў у ахове, хадзіў на разгром гарнізона ў Клецішчах. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́хта, ‑ы, М ‑хце, ж.
1. Сістэма падземных збудаванняў, дзе здабываюцца падземныя выкапні, або месца правядзення якіх‑н. падземных работ. Шахта будаўніцтва метро. □ Сон маладзецкі шахцёрскі Там абрываюць гудкі. З горада Салігорска У шахты ідуць гарнякі. Звонак. // Горнапрамысловае прадпрыемства, якое вядзе падземную здабычу карысных выкапняў. На заводы, шахты, гуты Прыйшла фабрычная вясна. Таўбін.
2. Спец. Вертыкальная падоўжаная поласць у некаторых канструкцыях. Ліфтавыя шахты. Вентыляцыйная шахта.
[Ням. Schacht.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Пастаро́нак, пастаро́нкі, стол. посторо́нкі; па́старанкі, пастронак, шчуч. пастронка; пастронкі, пастронькі, пастромкі, пустро́нок ’пастронкі’ (ТСБМ, Нас., Шпіл., Маш., Янк. 2, Выг., Шат., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Сл. Брэс.). Укр. посторо́нок, рус. постро́мка, постромки́, постро́нка, посторо́нка, польск. postronek, каш. pöstrònk, н.-луж. póstronk, в.-луж. postronk, чэш. (яшчэ ст.-чэш.) postronek, народн. p(r)ostraněk, паўд.-усх. vostraňky, славац. postranok ’тс’. Паўн.-слав. postorn‑ъkъ ’вяроўка, рамень, прывязаныя да вужоў хамута, якія ідуць збоку цяглавай жывёлы’ (Брукнер, 432; Голуб-Копечны, 287; Махэк₂, 474). Наяўнасць ‑м‑ тлумачыцца па-рознаму (гл. яшчэ Фасмер, 3, 342). Да старана́ (гл.). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 121), ст.-бел. постронокъ (пастронокъ, постромокъ) (1598 г.) запазычаны са ст.-польск. postronek ’тс’. Няма падстаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
жанчы́на, ‑ы, ж.
1. Асоба, па полу супрацьлеглая мужчыну. Працавітая жанчына. Жанчына-маці. // Асоба жаночага полу як увасабленне пэўных асаблівасцей, якасцей. Паступова ў ёй абуджалася жанчына. □ Ззаду .. [Віктара] стаяла яшчэ даволі маладая жанчына з прыгожым тварам. Даніленка. // Асоба жаночага полу, якая была або знаходзіцца замужам. Наперадзе спяваюць дзяўчаты, ззаду, расцягнуўшыся на дарозе, ідуць, гамоняць і смяюцца жанчыны. Ракітны.
2. Разм. Жонка. Сам Гурба стаіць адзінокі Няма яго вернай жанчыны. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гудо́к, ‑дка, м.
1. Механічнае прыстасаванне для падачы сігналаў шляхам гудзення. Андрэй торгае гудок, моўчкі паварочвае рэгулятар. Іржавы манеўравы паравоз пачынае дрыжэць усім сваім старым нутром. Лынькоў.
2. Працяжны аднастайны гук, сігнал, пададзены з дапамогай такога прыстасавання. Пераклікаліся ранішнія гудкі, крычалі на розныя галасы. Бядуля. Люблю, як займаецца золак, Абуджаны гулам гудкоў, Як дзеці спяшаюцца ў школы, Як хлопцы ідуць да станкоў. А. Александровіч.
3. Старарускі трохструнны смычковы музычны інструмент.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абхо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, па якім абходзяць што‑н.; кружны (пра шлях). З поля дамоў Зося таксама праехала абходнаю пагоннаю сцежкаю, каб абмінуць Васілёву хату. Гартны. // перан. Не просты, звязаны з хітрыкамі, падманам (пра дзеянні, паводзіны каго‑н.). Хто ж будзе займацца тымі, якія ўсякімі абходнымі лісінымі сцежкамі ідуць у навуку? «ЛіМ».
2. Звязаны з абходам, акружэннем ворага. Абходны манеўр. Абходны марш. Абходная калона.
•••
Абходны ліст гл. ліст 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Качаць некаторы час. Пагуляюць [дзеці] у хаце, пры лучыне, а потым ідуць на вуліцу. Вядома, малыя: трэба ж ім і кацёлку пакачаць, і на рэчку збегаць. Якімовіч. [Камандзір:] — Акурат там, я чуў, трэба рабочыя, то і ты трохі разам з іншымі бярвенне пакачай. Сачанка.
2. Разгладзіць, выпрастаць пры дапамозе качалкі ўсё, многае. Пакачаць бялізну.
3. Паваліць на зямлю, перамагчы пры дужанні ўсіх, многіх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Шынель, скручаны ў трубку і звязаны па канцах для нашэння цераз плячо. Ідуць байцы, як хвалі, У скатках цераз плечы, А сонца зорыць з жалем На іх з глыбінь — сінечы. Колас. Ты цяпер сам, як бацька. На вучэнні ўначы Аўтамат свой і скатку Там нясеш на плячы. Прыходзька. // Які‑н. прадмет, скручаны ў трубку. Грышка ўзяў палатку, Цітка — коўдраў скатку. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карава́н, ‑а, м.
1. Група ўючных жывёл, якія перавозяць грузы і людзей у пустыні, у стэпе. — Наш невялікі караван вярблюдаў з медыкаментамі, харчамі і ўсім неабходным для экспедыцыі ішоў следам. Васілевіч. [Па гасцінцы] якраз і ішлі караваны ў той благаславёны Алатау. Васілёнак. // перан. Доўгая чарада аднародных істот, прадметаў, якія рухаюцца ў адным напрамку. Скора гусей караваны Сэрца напоўняць журбою. Непачаловіч. Караван ялавак і бычкоў пацягнуўся з калгаса да жывёла-нарыхтоўчай канторы. Дуброўскі. Скрозь семафоры адкрыла яна [восень] паравозам, Што караваны вагонаў па рэйках вядуць. Куляшоў.
2. Група суднаў, якія ідуць адно за другім або выконваюць агульную задачу. [Бамбардзіроўшчыкі] двойчы наляталі на караван у моры і затапілі адзін карабель. Шамякін. // Група злучаных несамаходных суднаў або плытоў, якія ідуць адно за другім на буксіры. Да берага набліжаўся маторны баркас «Чайка». Ён цягнуў за сабою караван з трох рыбацкіх лодак. В. Вольскі. Ля ракі сёння вяжуць Караван плытагоны. Кірэенка.
3. у знач. прысл. карава́нам. Чарадой, адзін за другім. Пралятаюць, Раняючы крыкі, Караванам даўгім жураўлі. Аўрамчык. Паплывуць караванам плыты Да далёкага сіняга мора. Астрэйка.
[Перс. kār(e)vān.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)