шнур, а́, м.

1. Тонкая вяровачка, звітая з некалькіх кручаных нітак ці некалькіх пасмаў. Аднойчы, калі Люся з маці развешвалі на шнуры ля палаткі бялізну, .. [кухар] нячутна падышоў да іх. Даніленка. Палазок кінуўся на афіцэра, схапіў яго за рукі і скруціў іх шнурам ад кабуры нямецкага рэвальвера. Колас. // Тонкая вяровачка, звычайна каляровая, якая служыць для ўпрыгожання чаго‑н. Ўсе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Рыбалавецкая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з кручкамі. Каля шалаша Віктар у вялікім медным рондлі гатаваў над агнём юху. Нанач яны з Мінам Міхайлавічам паставілі нажыўлены жыўцамі шнур, а раніцай знялі з дзесятак акунёў і два невялікія самы. Краўчанка. Тут [на рэчцы] лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур. Лынькоў.

2. У цесляроў — вяроўка, звычайна намазаная мелам або вугалем, для адбівання прамой лініі, разбіўкі, трасіроўкі і пад. Жанчыну так і цягне на двор, да новага зруба. І яна бяжыць — то набраць з-пад сякеры пахучых смалістых трэсак, то патрымаць чорны шнур, якім адсякаюць прамую лінію пад чэс. Хадановіч.

3. Электрычны провад, які складаецца з некалькіх ізаляваных жыл. [Маці] кідаецца да разеткі, вырывае шнур. — Ты толькі пабач! — звяртаецца яна да бацькі. — Не дзяўчынка, а нешта неверагоднае! Гарбук.

4. Чарада (птушак). Лета ад нас адлятае, За небакрай адлятае. Шнурамі гусей крыклівых, Чародамі тлустых шпакоў. Жычка. І заўтра ўдваіх яны [Лявон з сяброўкай], можа, Не ўбачаць у ранішні час, Як сонца ўзыходзіць прыгожа, Як шнур жураўліны ад нас, Кідаючы кліч сумнаваты, На цёплыя воды ляціць... Бялевіч. // Шэраг аднародных прадметаў, размешчаных адзін за адным. Доўгі шнур падвод на момант затрымаўся, пасля пярэдняя завярнула на аб’езную сценку. Гартны.

5. Вузкая палоска зямлі. Асабліва кідаецца ў вочы сваёй убогасцю ярына па вузкіх шнурах, што падымаюцца на пясчаныя ўзгоркі і, дабегшы да сярэдзіны, хаваюцца па другі бок іх. Колас. Зрэдку паводдаль ад вёсак кавалкі поля, падзеленага на шнуры. Гэта аднаасобніцкая зямля. Галавач.

•••

Вогнеправодны (бікфордаў) шнур — вяроўка ці тоўстая нітка з порахам унутры, якая служыць для перадачы іскры зараду.

[Ням. Schnur.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элеме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. У старагрэчаскіх філосафаў-матэрыялістаў — адна з асноўных састаўных частак прыроды (агонь, вада, паветра, зямля), якія ляжаць у аснове ўсіх з’яў і рэчаў; стыхія.

2. толькі мн. (элеме́нты, ‑аў). Кніжн. Асновы, пачатак чаго‑н. Элементы матэматыкі. □ З цяжкасцю і недаверам успрымалі яны [сяляне] элементы палітычных ведаў ад рэвалюцыянераў-інтэлігентаў. Г. Кісялёў.

3. Простае рэчыва, якое хімічна ўжо нельга далей раскласці на больш дробныя часткі. Не так даўно з дапамогай навейшых спосабаў спектральнага аналізу ў складзе зорак знойдзен новы хімічны элемент тэхнецый. Матрунёнак.

4. Састаўная частка чаго‑н. цэлага. Значная колькасць іншамоўных лексічных элементаў у беларускай мове заўважана была яшчэ старажытнымі вучонымі. Жураўскі. Народная творчасць стала істотным элементам стылю, паэтыкі Купалы, увайшла ў мастацкую тканіну яго твораў. Івашын. У садах і парках растуць і розныя хмызнякі. У спалучэнні з дрэвамі яны з’яўляюцца галоўным дэкаратыўным элементам гарадскіх лесанасаджэнняў. Гавеман. // Асаблівасці характэрная рыса чаго‑н. Прыгодпіцкі элемент не адыгрывае ў гэтым творы [«Амок»] галоўнай.. ролі. «Полымя». Характэрна, што ў зборніку «Урачыстыя дні» заўважаецца прыкметнае ўзмацненне публіцыстычных элементаў. Гіст. бел. сав. літ. // Спец. Дэталь якога‑н. збудавання, механізма, прыстасавання. Элементы рухавіка. □ Адным з вельмі важных элементаў першых радыёпрыёмнікаў быў так званы крышталічны дэкатар. «Беларусь».

5. зб. або толькі мн. (элеме́нты, ‑аў); з азначэннем. Прадстаўнікі якога‑н. асяроддзя, грамадства. Прагрэсіўныя элементы грамадства. Контррэвалюцыйныя элементы. □ Кожнаму марксісту даўно вядома тая ісціна, што рашаючымі сіламі ва ўсякім капіталістычным грамадстве могуць быць толькі пралетарыят і буржуазія, у той час як усе сацыяльныя элементы.. непазбежна хістаюцца паміж гэтымі рашаючымі сіламі. Ленін. Няма чаго і казаць, што ўсе гэтыя прапаведнікі былі настолькі ж далёкія ад перадавых, рэвалюцыйна-дэмакратычных элементаў грамадства, наколькі, скажам, далёкі батрак ад абшарніка. Майхровіч.

6. з азначэннем. Разм. Чалавек, асоба. [Бацька:] — Гэта [тонфільм] — ужо не навінка тэхнікі, і толькі такі, як ты [Люся], адсталы элемент не ведае падобных рэчаў. Брыль. // Іран. Пра дрэннага ці шкоднага чалавека. [Волечка:] — Косця табе не які-небудзь элемент. Ён франты прайшоў. Чорны.

7. Прыбор, які выдзяляе электрычны ток, што ўтвараецца за кошт хімічных працэсаў. Сухі элемент. Гальванічны элемент.

•••

Перыядычная сістэма элементаў гл. сістэма.

Рэдказямельныя элементы — група металаў, большасць якіх знаходзіцца ў зямной кары ў вельмі невялікай колькасці і з цяжкасцю вылучаецца ў чыстым выглядзе.

Цеплавыдзяляльны элемент — стрыжань з ядзерным палівам, які з’яўляецца крыніцай цяпла ў ядзерным рэактары.

[Ад лац. elementum — стыхія, першапачатковае рэчыва.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сці, сяду, сядзеш, сядзе; пр. сеў, села; заг. сядзь; зак.

1. Прыняць сядзячае становішча; заняць месца, прызначанае для сядзення. Сесці на лаўку. Сесці за стол. □ Віктар моўчкі сеў і пачаў слухаць. Зарэцкі. Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі. Мележ. Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць на характар, асаблівасці такога становішча. Сесці бокам. // Заняць месца, размясціцца дзе‑н. для паездкі. Сесці ў аўтобус. □ Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз’езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць. Колас. Дзед купіў білеты, селі на параход. Лынькоў.

2. за што, на што і з інф. Пачаць якую‑н. справу, заняткі, якія звязаны са знаходжаннем у сядзячым становішчы. Сесці за кнігу. Сесці за руль. □ Трэба будзе сесці на трактар, на камбайн — і, калі ласка, сядзем. Кулакоўскі. Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік. Пятрусь сеў за ўрокі. Кавалёў. // Размясціцца на месцы выканання чаго‑н. Сесці ў засаду. // звычайна на што. Разм. Заняць якое‑н. месца, пасаду, пачаць выконваць якія‑н. абавязкі. А пасля.. [Мінін] сеў на зямельны аддзел. Дуброўскі. [Русаковіч:] Выходзіць, што я сапхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца. Крапіва.

3. Разм. Пасяліцца на пастаянным месцы, заснаваўшы гаспадарку. Сесці на гаспадарцы. □ Тоўхарт.. абвясціў, што хто выкарчуе і ачысціць гэтую зямлю, возьме сабе навечна паўтары дзесяціны, а на трох з паловай сядзе ляснік. Чорны. [Верамейчык:] — Няўжо-такі сядзе Грамабойчык на Жагулаўшчыне? Крапіва. // Застацца дзе‑н., не выязджаючы; засесці. Яму ўважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы. Колас.

4. Трапіць у турму, быць пазбаўленым волі. Калі людзі аднаўлялі на руінах і папялішчах разбураныя ворагам сядзібы, .. хутаранец Хамёнак сеў за спекуляцыю народным дабром у астрог. Майхровіч. [Соня] хвалілася, што пасадзіла мужыка, хоць, казалі, сеў сам за растрату. Мыслівец.

5. Абмежаваць сябе ў чым‑н. (звычайна ў ядзе). Сесці на дыету.

6. Наткнуўшыся на перашкоду, спыніцца, засесці. Баржа села на мель.

7. Спыніўшы рух, палёт, спусціцца на што‑н. (пра птушак, насякомых). Прыляцела сінічка і села на адчыненую фортку. Шахавец. Чуваць было толькі, як гудзіць вакол лямпы муха, выбірае месца, дзе сесці. Лынькоў. // Прызямліцца (пра самалёты, парашутыстаў і пад.). Тым часам самалёт, зрабіўшы яшчэ два кругі, спусціўся зусім нізка і дакладна сеў у раёне трох кастроў. Зуб. І вось перад усімі людзьмі на дарозе паказаліся немцы. Гэта і быў той самы дэсант, што перад вечарам сеў поблізу. Чорны.

8. Разм. З’явіцца на скуры, выскачыць (аб фурункуле і пад.). Прызнаў.. [Яська] валоў у двор, а там яму кажуць, што захварэў аканом, села яму скула на баку. С. Александровіч.

9. Апусціцца, асесці, паглыбіцца ў зямлю. Дом сеў. Грунт сеў.

10. Апусціцца за гарызонт, зайсці (пра свяцілы). У канцы лагоў сівеў туман, якраз там, дзе села сонца. Пташнікаў.

11. Паменшыцца ад вільгаці; збегчыся (пра тканіны, скуры і пад.). Сукно села. Касцюм сеў.

12. Спец. Замацавацца ў патрэбным становішчы. Платон.., сагнуўшыся, уважліва аглядаў, ці добра ў пазу села жардзіна. Ракітны.

13. Разм. Страціць сілу, напружанне, стаць слабейшым (пра электрычны ток, пару і пад.). У кутку.. стаяў радыёпрыёмнік, адзіны ў лагеры. Ён не працаваў ужо два тыдні — селі акумулятары. Шамякін. // Затупіцца (пра рэзальныя інструменты). Разец сеў. // Стаць больш нізкім, хрыплым (пра голас). — Ведаеце што, — голас [Гелены] сеў. — Не ідзіце нікуды. Караткевіч.

•••

Верхам сесці на каго; сесці на галаву каму — падпарадкаваць каго‑н. сабе, прымусіць выконваць свае капрызы; камандаваць кім‑н.

На тым самым месцы сесці; на тым жа суку сесці — нічога не дамагчыся, не змяніць чагосьці па-свойму, пагадзіцца з пэўным становішчам і станам рэчаў.

Ні села ні пала — без падставы, без выяўнай прычыны, нечакана.

Ні стаць ні сесці гл. стаць.

Сесці макам — а) спыніць або перапыніць надоўга свой рост, развіццё. [Мужчына:] — Пасеялі мы летась кукурузу. У адным месцы яна ўзышла і расла нішто сабе, а ў другім як выткнулася, так і села макам — жоўтая, чэзлая. Палтаран; б) пацярпець крах, няўдачу. [Атрошчанка:] — Як раён скасавалі, то і сеў [Рогаль] макам. Навуменка; в) загінуць, прапасці. [Сырамалот:] — На яблынях завязь ужо макам села. Як не дасць бог дажджу, дык і ўсё макам сядзе. Сабаленка.

Сесці (уссесці) на карак (шыю) каму — а) стаць утрыманцам каго‑н., абцяжарваючы яго гэтым. [Лабановіч:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам [сялянам] на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе, чыніць несправядлівасці. Колас; б) падпарадкаваць сабе, паставіць у поўную залежнасць ад сябе. [Вера:] — Дай яму, другому, волю, дык ён табе на шыю сядзе... Пальчэўскі.

Сесці (напасці, трапіць) на лаву падсудных — пайсці пад суд.

Сесці на мель — а) страціць здольнасць рухацца (пра судны); б) папасці ў вельмі цяжкае становішча.

Сесці на пяты каму — дагнаць, насцігнуць каго‑н., праследуючы або проста рухаючыся за кім‑н.

Сесці на свайго канька — пачаць гаварыць, разважаць доўга, падрабязна, шматслоўна.

Сесці на хлеб чый — перайсці на ўтрыманне каго‑н.

Сесці не ў свае сані — узяцца не за сваю справу.

Сесці ў лужыну (у галош) — пацярпець няўдачу, апынуцца ў няёмкім, смешным становішчы.

Чорт сеў на каго гл. чорт.

Як старой бабе сесці — вельмі мала (звычайна да рэвалюцыі гаварылася пра наяўнасць зямлі ў селяніна). Зямля нават была і не кепская, але калі яе гэтулькі, як старой бабе сесці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)