Карта́вы ’чалавек з невыразнай гаворкай’ (КЭС, лаг.), рус. картавый. Калі рэканструяваць гэты прыметнік як kъrtavъ (Фасмер, 2, 203), то беларускую і рускую лексемы трэба разглядаць як запазычанне з польскай мовы, але польская крыніца не засведчана. Балг. крътѣние ’віск’ з усходнеславянскімі лексемамі звязвае толькі яе гукапераймальны характар. Далейшае этымалагізаванне зусім ненадзейнае (гл. Фасмер, 2, 203; Слаўскі, 2, 72).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Надвы́ш ’больш, вышэй’ (Нас.), nàdwyż ’плата звыш дамоўленага’ (Арх. Федар.). Са спалучэння прыназоўніка над (указанне на меру) з назоўнікам у форме старога він. скл. выш ’вышыня’, параўн.: упасць з вышы (Нас.), параўн. ESSJ SG, 1, 126. Форма з канцавым ж (калі гэта не прыкмета польскай арфаграфіі) пад уплывам польск. wyżej, што дало дыялектнае выжай замест вышай (Карскі, 1, 385).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Або́з ’гуж павозак’ (БРС, Бяльк., КТС), укр. обіз, рус. обоз, чэш. oboz, польск. obóz да ob‑vozъ, гл. вязці. Арэальна абмежаванае слова, якое можна разглядаць або як запазычанне з адной славянскай мовы ў другую (у чэшскай і польскай з усходнеславянскіх) Махэк₂, 406, і немагчыма гаварыць аб яго праславянскім характары або запазычанні ці кальцы з неславянскіх моў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прадме́т ’канкрэтная матэрыяльная з’ява, рэч’, ’з’ява рэчаіснасці’, ’вучэбная дысцыпліна’ (ТСБМ). Праз рус. предмет ’тс’ з польск. przedmiot ’тс’, якое ў сваю чаргу калькіруе лац. objectum: паводле Векслера (Гіст., 151), непасрэднае запазычанне з польскай. Можна дапусціць абодва шляхі запазычання, пра што, мажліва, сведчыць розны націск і адрозненні ў семантыцы, параўн. пре́дміт ’прадмет’ і прідме́т, прядме́т ’рэч, прадмет’ (Бяльк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыўлашча́ць, прыўла́шчыць, прыўла́шчваць ’прысвойваць’ (Нас., Байк. і Некр., Бяльк.). Працягвае ст.-бел. привлащати, прывлащати ’тс’, якое са ст.-польск. przywłaszczać, przywłaszczyć ’тс’, апошняе лічыцца калькай са ст.-чэш. přivlastniti (Булыка, Лекс. запазыч., 197; SFPS, 13, 24; інакш Банькоўскі, 2, 954). Іншыя ўсходнеславянскія формы таксама з польскай, параўн. рус. привласти́ть ’завалодаць, прысвоіць’, укр. привлаща́ти, привласти́ти ’прысвойваць, прысвоіць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ры́цар ’у сярэдневяковай Еўропе: феадал, які належаў да ваенна-землеўладальніцкага саслоўя, цяжка ўзброены воін’ (ТСБМ), ст.-бел. рыцеръ, рицеръ, рыцаръ, рыцэръ, рицэръ, ритеръ, рыдель, ридель ’рыцар’, руск. ры́царь, укр. ри́цар, ли́цар. Ва ўсходнеславянскія мовы трапіла з польскай, параўн. польск. rycerz ’тс’, якое з с.-в.-ням. ritter, ням. Ritter ’рыцар’ (Брукнер, 470–471; Фасмер, 3, 532; Чарных, 2, 132).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тарара́шкі, тарару́шкі ’месца забаў з танцамі, музыкай і пад.’ (Нас.), ст.-бел. тарарушка, тарарычка ’бразготка’ (1596 г., КГС, Ст.-бел. лексікон). Параўн. польск. tararuszki ’драбяза, глупства, забаўка’. Да тапара, тарарах (гл.); меркаванне пра старое запазычанне з польскай мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 103), як і вывядзенне непасрэдна з літ. tar̃ti ’гаварыць’ (параўн. Лаўчутэ, Балтизмы, 149), не маюць падстаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Турбуле́нтны ‘бурлівы, бурны, хаатычны, віхравы (рух часцінак вадкасці, газу)’, турбуле́нцыя ‘віхравы, хаатычны рух часцінак (газу, вадкасці)’ (ТСБМ). Запазычаны з польскай (абодва словы) ці з рускай (турбулентны) мовы, у якія слова прыйшло з англ. ці франц. turbulent ‘тс’; апошнія паходзяць ад лац. turbulentus ‘бурлівы, бязладны, неспакойны’, якое з turbō ‘віхор, вір’, ‘кола’ (Голуб-Ліер, 494; Даза, 732; ЕСУМ, 5, 679).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бэзг ’бэз’ (Мурашка, Лінгв. даследв., БДУ, Мінск, 1971, 153–154). Прасл. *bъzgъ (ст.-чэш. bezh, славен. bezg, серб.-харв. базаг; гл. Махэк, Jména rostl., 221–222; Махэк₂, 52–53) няма ў польскай мове (якая толькі адна можа быць крыніцай запазычання бел. слова). Мяркуем, што бел. бэзг — марфалагічна-фанетычная трансфармацыя польск. bezd ’тс’ (гл. бэзд), новаўтварэнне з бэзд, заснаванае на ўскосных склонавых формах (фанетычных).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ва́жны 1 (БРС). Да вага. Фасмер (1, 266) лічыць гэта слова запазычаннем з польскай мовы. Аднак бліжэй да ісціны, відаць, Шанскі, 1, В, 5, дзе ўказваецца на агульнаславянскі характар лексемы на падставе наяўнасці паўдн.-слав. паралеляў: балг. важен, макед. важен, серб.-харв. ва́жан, усе з тым жа значэннем. Гл. Праабражэнскі, 1, 61; Міклашыч, 374.
Ва́жны 2 ’цяжкі’ (Выг. дыс.). Да вага.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)