самаўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
Занадта ўпэўнены ў сабе, сваіх сілах, магчымасцях. Лемяшэвіч пачуў, як ціха скрыпнула фортачка ў акне, і яму было страшэнна непрыемна пярэчыць, даводзіць цяпер гэтай самаўпэўненай і грубаватай жанчыне. Шамякін. — Нашто ж табе [Тоўхарту] трэба было нанава раджацца? — недаверліва сказаў Гальвас, бачачы ў ласкавасці свайго друга жорсткую ўладарнасць самаўпэўненага гаспадара. Чорны. // Які выражае празмерную ўпэўненасць у сабе, сведчыць пра яе. Самаўпэўненая ўсмешка. □ [Прыбытак] павітаўся з мужчынамі за руку, і нельга было не адзначыць, што ў яго заўсёды самаўпэўненай і ганарлівай постаці сёння нечага не хапала. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрып, ‑у, м.
Рэзкі гук, які ўзнікае пры трэнні адзін аб адзін прадметаў ці іх частак. Скрып варот. Боты са скрыпам. □ Чуваць было, як стукнула аб прабой засаўка, пачуўся скрып іржавых завесаў. Пальчэўскі. Фурманка ўжо зусім блізка. Вось яна параўнялася з Панасам, абмінула яго і паехала далей гасцінцам, пакідаючы за палазамі саней пісклявы скрып умёрзлага снегу. Галавач.
•••
За адным скрыпам — разам, адным заходам. Пойдзем за адным скрыпам, мне ўсё роўна ў магазін трэба... — сказала .. [Арына]. Карпаў.
Са скрыпам — з цяжкасцю або нехаця, марудна (рабіць што‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́тачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сутак. Сярэдняя сутачная тэмпература. // Роўны суткам. Сутачны тэрмін.
2. Які адбываецца за суткі. Многім атрадам і брыгадам трэба было зрабіць амаль сутачны марш, каб выйсці на зыходны рубеж. Дзенісевіч. // Разлічаны на суткі. Сутачны графік. Сутачны запас вады. // Які атрымліваецца за суткі. Сутачны надой. Сутачная здабыча вугалю. Сутачны заработак.
3. у знач. наз. су́тачныя, ‑ых. Сума, якая выплачваецца асобам, што знаходзяцца ў камандзіроўцы або накіраваны на працу ў другую мясцовасць, за кожны дзень камандзіроўкі або знаходжання ў дарозе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́ры-ба́ры, нескл.
Разм. Пустая размова, балбатня. Высокі, бялявы [хлопец] .. падыходзіць да цёткі, кланяецца ў пояс: — Прабачце, калі ласка. Тары-бары нам некалі разводзіць.. Мы шукаем гарманіста. Жычка. Трэба было сабраць усю сілу волі, каб не пачаць вось гэтак весці з ім [дзядзькам] тары-бары, і брацца за больш сур’ёзную справу. Карпюк. — Адчапіся! — лена махнула рукой гаспадыня. І да Марыхен: — А ты... ты не павінна тут разводзіць з .. [хлопцамі] свае дурныя тарыбары. Брыль. // у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. гаварыць, балбатаць. Яму — пра справу, а ён — тары-бары.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уе́сці, уем, уясі, уесць; уядзім, уясце, уядуць; пр. уеў, уела; заг. уеш; зак.
1. што і без дап. (пераважна з адмоўем «не»). Узяць у рот, пражаваць, з’есці. Не ўесці мяса. Сала салёнае, што не ўесці.
2. (з адмоўем «не»). Разм. Паесці. [Гвардыян:] — А гаспадарка — ёй трэба догляд. І не ўясі, не адпачнеш ніколі як людзі. Зарэцкі.
3. перан.; каго. З’едліва паддзець, укалоць. Такі ўеў Мікола скептычна настроенага да яго гістарычных вышукаў Цішку. Навуменка. Пайшлі ў разведку боем — далі фельетон у газеце. За жывое, як кажуць, уелі. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утаро́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.
Пільна, не зводзячы вачэй, угледзецца на каго‑, што‑н. Яфрэйтар доўгім пранізлівым позіркам утарапіўся ў дзяўчыну. Мележ. [Ніна Лятроўна] ўтаропілася позіркам некуды ўдалячынь, за акно, і задумалася. Краўчанка. Дырэктар утаропіўся на Юновіча і маўчаў. «Нямая сцэна, — думаў Юновіч, — трэба ісці». М. Стральцоў. // Стаць пільным, уважлівым, накіраваным (пра вочы, позірк і пад.). Жахлівы позірк Гані ўтаропіўся ў сястру, якая прывяла яе сюды: што здарылася? Грамовіч. Вочы ўтаропіліся на стройнага лася, на яго вілаватую галаву, на моцныя грудзі, пакрытыя доўгай сіваватай поўсцю. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
характэ́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адметныя, рэзка выяўленыя, своеасаблівыя рысы. Толькі ад вагранак і электраплавільнай печы далятала характэрнае патрэскванне ды прыглушана гула вентыляцыя. Карпаў. Пан быў вельмі абураны, задрыжаў яго характэрны падбародак. Бядуля.
2. Уласцівы пэўнай асобе, прадмету, з’яве. Характэрнаю рысаю стылю [Бядулі] з’яўляецца спалучэнне бытавізму з паэтычнасцю. Адамовіч. Трэба было ўнесці ў гэтую справу тую наладжанасць, тую празрыстую яснасць, якія былі характэрны для любой справы, за якую б ні браліся бальшавікі. Лынькоў.
3. У мастацтве — уласцівы пэўнаму народу, эпосе, грамадскаму асяроддзю. Характэрныя танцы. Характэрныя ролі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэме́нт, ‑у, М ‑нце, м.
1. Мінеральнае парашкападобнае рэчыва, здольнае ўтвараць з вадой аднародную масу, якая з цягам часу ператвараецца ў каменепадобнае цела; ужываецца ў вытворчасці бетону і будаўнічых раствораў. Назаўтра, ні свет ні зара, прыбыла баржа са шлакам, цэментам, цвікамі. Мыслівец.
2. Касцявая тканка, якая пакрывае корань і шыйку зуба.
3. перан. Разм. Тое, што злучае, аб’ядноўвае каго‑, што‑н. [Шаманскі] глядзеў на закураных пылам, абсыпаных кастрою жанчын і думаў, што трэба заваяваць іх давер’е, той цэмент, без якога нельга ўмацаваць, з’яднаць калектыў. Дуброўскі.
[Ад лац. caementum — друз.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Дакранацца, датыкацца да чаго‑н. Пайшла [Марыля] зноў. Пасміхаецца, як бульбяныя жывыя лісточкі мякка чапаюцца за калені. Брыль. // Нападаць на каго‑н., біць. [Янка:] — Мамачка, толькі не чапайцеся. Я вам сазнаюся — я збег ад пана Замыжнага. Гартны.
2. Прыставаць да каго‑н., займацца з кім‑н. — Ты чапаешся з Грубэравымі прадаўшчыцамі, а яны яшчэ козы. Табе трэба не тое, ты мужчына. Брыль. Іншы раз у такіх выпадках Віця ўцякаў, ці прасіў не чапацца, ці палохаў, што паскардзіцца настаўніцы. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́бенік, ‑а, м.
1. Пакараны смерцю праз павешанне; павешаны на шыбеніцы. Як той і шыбенік, на сценцы Вісіць скрыпка на цвіку. Бядуля.
2. Разм. Свавольнік, балаўнік, гарэза. [Сын] у мяне такі ўжо шыбенік, забаўку знайшоў — у дзверы стукаць, — апраўдвалася маці. Сачанка. // Бандыт, якога чакае шыбеніца; галаварэз. — Што ты робіш, шыбенік! — нема загаласіў стары. Корбан. — Трэба было затрымаць тут гэтага шыбеніка і — аман. Бажко. Самога Яўхіма Халусту не спыніў бы Лявон, і бо баяўся былога панскага аканома. Не спыніў бы і яго малодшага сына Мікалая — шыбеніка і злодзея. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)