стая́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад стаяць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў вертыкальным становішчы. [Цётка] адзела цёмную сукенку з стаячым каўнерыкам, новыя чаравікі. Арабей. // Які прызначаны для стаяння. Стаячая лямпа. □ [Валодзя] перавёў позірк на Стася, які ўжо сядзеў на маленькай стаячай лесвіцы, накшталт тых, што бываюць у бібліятэках. Шамякін. // Які не рухаецца. [Дзеці] баяліся ўбачыць стаячага бусла. Васілевіч.
3. у знач. прым. Не праточны (пра ваду). [Віця] хацеў пакупацца. Скочыў. А вада ў канаве стаячая, затхлая. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сябро́ўскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сябра; належыць сябру. Падзяліся ж даўнім сваім болем. Вось табе — сяброўская рука. Зуёнак. // Які выражае дружбу, прыхільнасць сябра. Сяброўскае слова і жарты Адгоняць і смутак і жаль. Хведаровіч. [Васіль] прывітаў .. [Машу] добрай, сяброўскай усмешкай. Шамякін. Сяброўская гутарка вучоных зацягнулася. Гамолка.
2. Заснаваны на дружбе; добразычлівы. Перагаворы [паміж СССР і ЧССР] праходзілі ў сяброўскае атмасферы і ў духу ўзаемаразумення. «Звязда».
3. Які ўмее сябраваць. — А ты [Барашкін] хлопец сяброўскі, — зазначыў .. [Мятліцкі]. — Не заціскаеш махру. Савіцкі.
•••
Сяброўску шарж гл. шарж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укругаву́ю, прысл.
1. Па кругу, у кругавым напрамку. — Дай, божа... На здароўе.. — з шумам адказалі ўсе, і чарка пайшла ўкругавую. Пестрак. Шырока расставіўшы ногі, Шаховіч пачаў ўкругавую ганяць ручку. Машына не заводзілася. Мяжэвіч.
2. У цэлым і прыблізна, на круг. Заданне брыгада выконвае ўкругавую штодня на 110–125 працэнтаў. Васілевіч. [Васіль:] — У наступным годзе — на першы план ураджай. Чаго б гэта ні каштавала, а давесці да даваеннага — дванаццаць цэнтнераў ўкругавую. Потым з года ў год павышаць. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уры́вак, урыўка, м.
Тое, што з’яўляецца часткай чаго‑н. цэлага. Добра памятае.. [Васілёк] толькі дым, агонь, крыкі, плач, страляніну, грукат і ўрыўкі некаторых падзей. Маўр. Непрыкметна для самога сябе Аляксей пачаў у думках то спрачацца, то згаджацца з кім-небудзь з калгаснікаў. Паплылі разрозненыя ўрыўкі сённяшняга сходу. Пальчэўскі. // Невялікая частка якога‑н. тэксту, твора і пад. Зборы ператварылася ў нешта накшталт літаратурных вечароў: чыталі вершы, урыўкі з кніг. Шамякін. У Пятай сімфоніі [Р. Пукста] ўрыўкі з розных тэм аб’яднаны. Дубкова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флю́гер, ‑а, м.
1. Рухомае прыстасаванне, якое паказвае кірунак ветру. Сонца, якое заходзіла, залаціла самы верх цаглянай вежы і маленькі флюгер, выразаны з бляхі Карнеевым сынам Пятром. Даніленка. // Метэаралагічны прыбор для вызначэння сілы і змянення хуткасці ветру.
2. Уст. Флажок, які прымацоўваўся да пікі кавалерыста.
3. перан. Зневаж. Пра непастаяннага чалавека, які хутка мяняе свае погляды і перакананні. — Правільна, Сяргей Сяргеевіч! — у момант згадзіўся Грыбок. «Ну і флюгер!» — ужо без злосці і абурэння падумаў Шыковіч. Шамякін.
[Ад ням. Flügel — крыло.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэх, ‑а, м.
1. Уст. У сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе — гарадская арганізацыя рамеснікаў адной прафесіі. Да нашых часоў дайшлі статуты цэхаў металістаў, краўцоў, шаўцоў, муляраў. «Полымя».
2. Асноўнае вытворчае падраздзяленне прамысловага прадпрыемства. Друкарскі цэх. Кацельны цэх. □ На заводзе закрылі ўсе цэхі, дзе вырабляліся электрапрыборы для ўжытку. Шамякін. Павіншавалі мы яго І па-ранейшаму, папросту. Калегі цэха аднаго, Дзялілі радасць, боль і роздум. Гілевіч. // Памяшканне, дзе размяшчаецца такое падраздзяленне. Для ўліку расходу электраэнергіі ў цэхах устаноўлены лічыльнікі. «Звязда».
[Ням. Zeche.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цямні́ць, цямню, цемніш, цемніць; незак.
1. што. Рабіць цёмным або цямнейшым. Вячэрні змрок неўзаметку прабіраўся ў куткі хаты, паступова цямніў сцены, столь. Лынькоў. // перан. Рабіць змрочным, хмурным. Але амаль кожны раз думкі [Хадоські] цямніў Яўхімаў цень, і ў чулы жаль яе ліўся горкі струмень, вёў у душу супярэчлівасць, незмірымасць. Мележ.
2. Разм. Гаварыць няясна, блытана; скажаць сэнс чаго‑н. Была я сіратой і раптам маю бацьку — партызанскага камандзіра.. Маці, якая столькі цямніла з маім нараджэннем, прызнала гэты факт. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ця́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
Разм.
1. Аднакр. да цяпаць.
2. Хапіць зубамі; урваць (пра сабаку і пад.). Паслухмяны Кудлік ашчэрыў зубы, цяпнуў калючы клубок і ўмомант, як уджалены, адскочыў назад. Рылько. Наша ўвага была скіравана на тое, каб .. сабака ўпотайкі не цяпнуў нас за калошу. Сташэўскі. // Выпіць спіртнога. [Яраш:] — Трэба нам з табой, Кірыла, хоць спірту па мензурцы цяпнуць за Новы год. Шамякін.
3. Стукнуць, ударыць каго‑н. Цяпнуць па галаве.
•••
Цяпнуць гора — перажыць цяжкія нягоды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чужа́к, ‑а, м.
Разм.
1. Тое, што і чужынец. І на душы лёгка: нездарма ён, капітан, арыштаваў прышэльцаў-чужакоў, нездарма ішоў на рызыку, падпаўзаючы да дарогі. Ваданосаў. Станіслаў не разумеў, навошта гэта яму, вярнуўшыся на сваю радзіму, быць як бы чужаком у ёй. Сабаленка.
2. Не родны чалавек, не сваяк. Жонку Макар болей не чапаў. Жыў чужаком у сваёй хаце. Асіпенка. [Іван:] — А можа антыпатыя да .. [дырэктара] ў цябе [Надзя] ад рэўнасці, што ён, чужак, робіцца дарагі тваёй дачцэ? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чуццё, ‑я, н.
1. Здольнасць жывёл адшукваць што‑н. пры дапамозе органаў пачуццяў, пераважна нюхам. Чуццё падказвае.. [бабраняці], што вада знаходзіцца параўнальна недалёка, і яно імкліва накіроўваецца ў бок канала. В. Вольскі.
2. перан. Здольнасць чалавека заўважаць, угадваць, разумець што‑н. Прафесійнае чуццё. □ [Шыковіч:] — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Што падказвае вам чуццё старога чэкіста? Шамякін. Прафесійным чуццём Тышкевіч здагадаўся, што хлопец гэты вельмі падабаўся настаўніцам за свой лагодны характар. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)