конь, каня́, мн. ко́ні і (з ліч. 2, 3, 4) кані́, ко́ней, м.

1. Буйная свойская аднакапытная жывёліна, якая выкарыстоўваецца для перавозкі грузаў і людзей, а таксама для верхавой язды.

Купіць каня.

Навязаць каня.

Па конях! (кавалерыйская каманда для пасадкі на коней).

2. Шахматная фігура з галавой каня.

Хадзіць канём.

3. Абабіты скурай брус на чатырох ножках для гімнастычных практыкаванняў.

На кані і пад канём — у самых разнастайных, прыемных і непрыемных сітуацыях (пабываць, быць).

Ні па кані, ні па аглоблях (разм.) — не так, як хацелася (зрабілася, атрымалася).

Ход канём — пра смелае, рашучае дзеянне.

|| памянш. ко́нік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.).

|| прым. ко́нны, -ая, -ае (да 1 знач.) і ко́нскі, -ая, -ае (да 1 знач.).

К. двор.

Конская грыва.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

казёл, -зла́, мн. -злы́, -зло́ў, м.

1. Дзікая млекакормячая жывёліна сямейства пустарогіх, якая водзіцца звычайна ў гарах.

Сібірскі к.

2. Самец дамашняй казы.

3. Від бабкі, якая складаецца з некалькіх снапоў ячменю або аўса, пастаўленых адмыслова для прасушвання (разм.).

4. Гімнастычны снарад у выглядзе кароткага, абабітага скурай бруса на чатырох высокіх ножках.

Скакаць цераз казла.

5. Назва гульні ў карты, даміно (разм.).

Забіваць казла.

6. Легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці (разм.).

Туды толькі на «казле» праедзеш.

Пусціць казла ў агарод (разм., іран.) — дапусціць каго-н. туды, дзе ён хоча мець выгаду.

Як з казла малака — няма ніякай карысці.

|| памянш.-ласк. ко́злік, -а, мн. -і, -аў (да 1 і 2 знач.).

|| прым. казлі́ны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

К. рог.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

по́ўнач 1, ‑ы, ж.

1. Адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўдню. Я паспрабаваў абмацваць дрэвы ў надзеі на тое, што па імху на ствалах вызначу поўдзень і поўнач. Анісаў. Увесь май з поўначы налятаў калючы вецер, сек буйным дажджом адубелую за зіму зямлю. Асіпенка. На поўначы святлела паласа суцэльнай зары. Брыль. // Мясцовасць, частка краіны, мацерыка, размешчаная ў гэтым напрамку. Поўнач СССР.

2. Мясцовасць, краіна з халодным кліматам. // (з вялікай літары). Палярная зона зямнога шара; Арктыка.

по́ўнач 2, ‑ы, ж.

Сярэдзіна ночы, 12 гадзін ночы. Было за поўнач, калі скончыўся сход. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́дзіч, ‑а, м.

1. Гіст. Член роду (у 1 знач.).

2. Разм. Сваяк; чалавек блізкі па паходжанню. [Люба:] — Горш за ўсё мець начальнікам блізкага родзіча. З ім жа ніколі па-чалавечы не дамовішся. Шамякін. Старыя пройдзены дарогі І сцежак тысячы людскіх, Дзе і мае хадзілі ногі І ногі родзічаў маіх. Колас. / Пра жывёл і раслін аднаго роду (у 8 знач.). І качкі, што падарыў Люсі і яе маці Амархан, хваляваліся, выцягвалі шыі, прыслухоўваліся да галасоў дзікіх родзічаў. Даніленка. Родзіч нашага ядлоўцу кіпарыс, жыхар паўднёвых краін, можа пражыць да чатырох-пяці тысяч гадоў. Гавеман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаты́ры, род. чатыро́х

1. четы́ре;

ч. дзе́ліцца на два — четы́ре де́лится на два;

2. че́тверо;

ч. мужчы́ны (жанчы́ны) — че́тверо мужчи́н (же́нщин);

у ~рох сце́нах — в четырёх стена́х;

на ўсе ч. бакі́ — на все четы́ре сто́роны;

конь на ~ро́х нага́х і спатыка́еццапосл. и на стару́ху быва́ет прору́ха

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Лапсарда́к ’даўгаполы сурдут у польскіх і галіцыйскіх яўрэяў’ (ТСБМ), ’старая адзежына іншага пакрою’ (КЭС, лаг.), лапсярда́к ’кафтан’ (Сцяшк.), ла́псурдук ’абадранец’, ’лахманы, рызманы’ (Нас.), ла́псырдзікі ’парванае, абношанае адзенне’ (Грыг.). Укр., рус. лапсердак ’яўрэйскі сурдут’, ’дрэнна пашытая адзежына’, польск. łapserdak ’тс’, ’абадранец’, ’збяднелы чалавек’, ’галяк’, ’неахайны’. Запазычана з ідыш ла̄́псердак ’рытуальная кашуля, абвешаная з чатырох вуглоў махрамі, кожны з якіх складаецца з 12 матузоў’ (Альтбаўэр, JP, 17, 76). Форма ў ідыш вядома яшчэ з сярэдніх вякоў. Яна складаецца з ла̄б (< н.-в.-ням. Leib ’ліф’) і слав. (укр.) сердак ’сурдут з тоўстага сукна’ (Шапіра, Филолог. записки, 1873, вып. 1, 13; Фасмер, 2, 459). Праабражэнскі (1, 434) тлумачыць гэта слова як збліжэнне з н.-в.-ням. Lappen ’ануча’ слова сюртук; Насовіч (265) — ад лапіць і сюртук, што мала імаверна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спатыка́цца I несов.

1. спотыка́ться, оступа́ться;

2. перен. (совершать ошибки в жизни) спотыка́ться, оступа́ться;

3. перен. (при чтении, разговоре и т.п.) запина́ться, спотыка́ться;

конь на чатыро́х нага́х, і то спатыка́еццапосл. конь на четырёх нога́х, да спотыка́ется; и на стару́ху быва́ет прору́ха

спатыка́цца II несов., разг. встреча́ться; см. спатка́цца

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

но́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

1. Памянш.-ласк. да нага (у 1 знач.).

2. Апора, стойка (мэблі, начыння і пад.). На таку .. стаяла саматужная сячкарня.. на чатырох ножках. Колас. У паркеце адсвечваліся ножкі крэслаў, халодныя грані калонаў, гронкі вясёлкавых бра. Скрыган.

3. Ніжняя частка грыба або сцябло расліны. Белую тоўстую ножку.. [баравіка] Люся трымае аберуч. Брыль.

4. Рассоўная частка некаторых інструментаў. Ножка цыркуля.

•••

Казіная ножка — а) самаробная папяроса ў выглядзе люлькі; б) (спец.) інструмент для выдалення зубоў.

Падставіць ножку гл. падставіць.

Рожкі ды ножкі гл. ражок ​1.

Хатка на курыных ножках гл. хатка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пако́й, ‑я, м.

1. Асобнае памяшканне для жылля ў кватэры, доме, адгароджанае сценамі, перагародкамі. Кватэра з чатырох пакояў. □ Наташа, увайшоўшы, уключыла святло, і перад маімі вачыма імгненна ажыў прасторны і чысты пакой з двума вокнамі, яшчэ не атынкаваны. Ракітны.

2. толькі мн. (пако́і, ‑яў). Уст. Раскошныя жылыя памяшканні ў царскім палацы, багатых панскіх дамах і пад. — О, то і пакоі згарэлі? — Згарэлі, пане, начыста, от быццам хто языком злізаў. Якімовіч. У змрочных пакоях кенігсбергскага асабняка савецкія дзяўчаты-нявольніцы марылі аб волі. Васілевіч.

•••

Прыёмны пакой — памяшканне ў бальніцы, дзе хворым аказваюць першую дапамогу і размяркоўваюць па палатах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвы́сіцца, ‑вышуся, ‑высішся, ‑высіцца; зак.

1. Паэт. Узняцца ўвысь, увышыню; падняцца вышэй навакольнага. Кожны парастак прагнуў Узвысіцца дрэвам магутным, Кожны лісцік хацеў Разрасціся ў агромністы ліст. Гілевіч.

2. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча або значэння; узняць свой аўтарытэт. [Высоцкі:] Масква яшчэ больш узвысілася над светам, як сімвал свабоды. Гурскі. [Белавус] убачыў смешную фанабэрыю чатырох маладых хлопцаў, іх наіўнае жаданне ўзвысіцца ў вачах дзяўчыны, якая падабалася. Савіцкі.

3. Павысіцца, стаць больш рэзкім, гучным (пра голас). Гугнявы голас перакладчыка ўзвысіўся ў такой меры, што строй аж жахнуўся. Сабаленка.

4. Узрасці (пра цэны і пад.). Плата за ўваход у музей узвысілася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)