шаржы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што і без дап.

Апісваць, адлюстроўваць каго‑, што‑н. у манеры шаржу. Пісьменнік зусім не хоча шаржыраваць Бародку, ён хоча сам стаць у яго становішча, зразумець унутраныя спружыны яго паводзін. Кучар. Завастраючы тую ці іншую адмоўную рысу, байкапісец, аднак, не шаржыруе і не акарыкатурвае дзеючых асоб. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адно́сіны, -сін.

1. гл. аднесціся, адносіцца.

2. Сувязі паміж людзьмі, пэўнымі групамі або краінамі, якія ўзнікаюць у працэсе іх дзейнасці; погляд на што-н., характар паводзін, абыходжання каго-н. з кім-, чым-н.

А. паміж бацькамі і дзецьмі.

Дыпламатычныя а.

3. Дачыненне да каго-, чаго-н.; узаемная сувязь, залежнасць з’яў або іх кампанентаў.

Мець а. да гандлю.

А. прычыны да выніку.

Ва ўсіх адносінах — з любога пункту гледжання.

У адносінах да каго-чагоужыв. ў якасці прыназоўніка са знач. напрамку дзеяння.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прысто́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыстойнага. Прыстойнасць паводзін. Прыстойнасць гутаркі.

2. Ветлівасць, далікатнасць, выхаванасць у паводзінах, манерах і пад. І вось Алтар, прыпёрты да сцяны жонкаю, дачкою і сынам, выходзіць з усіх рамак, губляе ўсякую прыстойнасць, хапае стары галёш і шпурляе. Чарнышэвіч. — А вы б засталіся, — прапанаваў Ярмоленка, і Сяргей здагадаўся, што Антон сказаў гэта дзеля прыстойнасці, а на справе яму не дужа хочацца, каб Жылінскі заставаўся тут надоўга. Сіўцоў. — Пацалуй мяне. Адзін раз. Шкада табе? — Жанчына траціла ўсякую прыстойнасць. Шамякін. // Правілы паводзін, прынятыя ў якім‑н. грамадскім асяроддзі. — Яны, бачыце, лічылі, што свістаць могуць толькі мужыкі. Шляхецкая прыстойнасць не дазваляла гэтага. Чарнышэвіч. Лейтэнанта паліцыі, які затрымаў іх спачатку як звычайных парушальнікаў прыстойнасці і грамадскага парадку, распісалі ва ўсіх газетах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзна́ка, -і, ДМа́цы, мн. -і, -на́к, ж.

1. Знак, метка, след, якія паказваюць на што-н.; запіс, штамп і пад., якія сведчаць што-н.

А. на карце.

А. ў дакументах.

2. Прыкмета, акалічнасць, па якіх можна вызначыць што-н.

Па ўсіх адзнаках ураджай будзе добры.

3. Асаблівасць, рыса, якімі асоба ці прадмет адрозніваюцца ад іншых асоб ці прадметаў.

Індывідуальная а. асобы.

4. Агульнапрынятае абазначэнне ацэнкі ведаў і паводзін навучэнцаў.

Атрымаць выдатную адзнаку.

5. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад.

Дыплом з адзнакай.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

стыль¹, -ю, мн. -і, -яў, м.

1. Сукупнасць характэрных рыс, блізкасць выразных мастацкіх прыёмаў і сродкаў, што абумоўліваюць сабой адзінства якога-н. напрамку ў творчасці.

Нацыянальны с. у жывапісе.

Архітэктурныя стылі.

2. Метад, характар, сукупнасць прыёмаў якой-н. работы, дзейнасці, паводзін.

С. кіраўніцтва.

Вольны с. плавання.

3. Сукупнасць прыёмаў выкарыстання моўных сродкаў для выказвання тых ці іншых ідэй, думак у розных умовах маўленчай практыкі.

С.

Івана Мележа.

Публіцыстычны с.

Навуковы с.

|| прым. стылісты́чны, -ая, -ае і стылявы́, -а́я, -о́е.

Стылістычныя памылкі.

Стылістычны прыём.

Стылявыя катэгорыі.

Стылявая дасканаласць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мара́ль, ‑і, ж.

1. Правілы, нормы паводзін людзей у адносінах паміж сабой. Камуністычная мараль. Буржуазная мараль. □ Маё знаёмства з доктарам з пункту погляду маралі тутэйшых жыхароў адбылося вельмі прыстойна і як мае быць. Васілевіч.

2. Павучальны вывад з чаго‑н. Мараль байкі.

3. Разм. Павучанне, натацыя. [Максім:] — Ты мне маралі не чытай... На сябе спачатку паглядзі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпана́, ‑ы, ж., зб.

Разм. груб.

1. Злачынцы, бадзягі, беспрытульнікі. [Лукаш:] — Мы што хочам ядзім. І спім дзе хочам... Дрэнна толькі, што пачалі лавіць шпану ды ў прытулак забіраць. Лобан.

2. Дзеці, маладыя людзі, якія не прытрымліваюцца прынятых правіл паводзін, не могуць ацаніць свае ўчынкі. На задняй пляцоўцы тоўпілася шпака, смаркачы гадоў па шаснаццаць. Яны лаяліся. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казе́льчык ’конік’ (ашм., смарг., Шатал.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад асновы казёл- ’маленькі казёл’, што або паводле паводзін насякомага, якое скача, або семантычная калька ці субстытуцыя такіх назваў, як конік, кабылка і пад. Звяртае на сябе ўвагу заходні рэгіён фіксацыі лексемы, аднак структурныя адпаведнікі ёсць і ў рус. гаворках. З суседніх можна прывесці смал. козельчик ’казляня’, росл., смал. ’узоры, якія маюць выгляд рагулек’, бран. ’дэталь калаўрота’, смал. ’кветка’, ’грыб масляк’; гэтыя прыклады сведчаць, што бел. казельчык магло быць пераносам з *казельчык ’казляня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стро́гі, -ая, -ае.

1. Вельмі патрабавальны.

С. дырэктар.

Строгія бацькі.

2. Вельмі сур’ёзны, суровы, які не дапускае ніякіх паблажлівых адносін.

С. нагляд.

Строгае папярэджанне.

3. Які не прызнае ніякіх адхіленняў ад нормы, абсалютна дакладны.

С. бальнічны рэжым.

Строгая канспірацыя.

С. улік дакументаў.

4. Які не дапускае адхіленняў ад правіл паводзін, ад агульнапрынятых маральных норм.

Сям’я строгіх правіл.

5. Які адпавядае патрабаванням пэўнай нормы, правільны.

Будынак, пабудаваны ў строгім стылі.

6. Пра адзенне, знешнасць, абстаноўку і пад.: без упрыгожанняў, просты, але з густам.

Строгае плацце.

С. набор мэблі для залы.

|| наз. стро́гасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Тон1 ’гук пэўнай вышыні’, ’характар гучання’, ’стыль паводзін’, ’колер, афарбоўка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З заходнееўрапейскіх моў, дзе ням. Ton, франц. ton, англ. tone, якія паходзяць ад лац. tonus ’тон, гук’ < грэч. τόνος ’тон, лад; націск’ (Фасмер, 4, 76; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 484; ЕСУМ, 5, 596).

Тон2 ’вір, затон’ (ТС): як у тон утанула ’прапала’ (калінк., Арх. ГУ; ТС), сюды ж то́на ’адзін заход пры лоўлі рыбы сеткай’ (Мат. Гом.). Зваротны дэрыват ад тануць (гл.) з наступнай канкрэтызацыяй значэння, гл. тонь1, тоня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)