распрацо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распрацоўваць — распрацаваць. // Спец. Сукупнасць горных работ па здабычы карысных выкапняў. Распрацоўка жалезных руд. // Спец. Спосаб здабычы выкапняў. Адкрытая распрацоўка.

2. звычайна мн. (распрацо́ўкі, ‑цовак). Месца, дзе распрацоўваюцца якія‑н. карысныя выкапні. Тарфяныя распрацоўкі.

3. Р мн. ‑цовак. Разм. Праца, часцей навукова-папулярная, у якой распрацоўваецца якое‑н. пытанне. Метадычная распрацоўка для настаўнікаў па «Новай зямлі» Я. Коласа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Праверыць, абшукаць вобмацкам, абмацаць. Калі крыху ўсё ўціхамірылася, супакоілася, Мішка ўчыніў дэталёвы агляд сваёй новай кватэры, абнюхаў кожны мяшок, прамацаў кожную скрынку. Лынькоў.

2. перан. Прыглядаючыся, вывучаючы, скласці ўяўленне, даведацца пра каго‑, што‑н. Далідовіч папрасіў сувязнога, .. каб той добра прамацаў усе закуткі ў гарадку — пакінуў жа там які-небудзь след Бярозка, калі толькі ён быў у Сінілаве. Шахавец.

3. Мацаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіняво́кі, ‑ая, ‑ае.

З сінімі вачыма. У.. [Васіля] ўжо двое дзяцей, такіх жа сінявокіх і рухавых, як сам. Лынькоў. / у паэт. ужыв. Разросся чабор сінявокі Па схілах пустога пагорка. Колас. Ой, пабачыў бы ты дзівы На стэпу шырокім! Новай песняй прывітаў бы Дняпро сінявокі. Купала. / у знач. наз. сіняво́кі, ‑ага, м.; сіняво́кая, ‑ай, ж. Ці пачуе сінявокая, Што хаджу непадалёку я, Што хаджу непадалёку я, Ці падасць сустрэчы знак? А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбі́ць, разаб’ю́, разаб’е́ш, разаб’е́; разаб’ём, разаб’яце́, разаб’ю́ць; разбі́ў, -бі́ла; разбі́; разбі́ты; зак.

1. гл. біць.

2. Пашкодзіць ударам, параніць.

Р. галаву.

3. перан. Загубіць, разбурыць.

Р. мары і надзеі.

Р. чужое шчасце.

4. каго-што. Раздзяліць на часткі, на групы; размеркаваць.

Р. лес на ўчасткі.

Р. атрад на групы.

5. каго-што. Перамагчы, нанесці паражэнне.

Р. ворага.

6. перан. Даказаць памылковасць, беспадстаўнасць, неабгрунтаванасць каго-, чаго-н.

Р. праціўнікаў новай ідэі.

7. Паставіць, раскінуць (палатку і пад.).

Р. лагер.

8. Распланаваўшы, пасадзіць што-н.

Р. парк.

9. што. Растрэсці, разварушыць, раскінуць.

Р. сена.

Р. гной на полі.

|| незак. разбіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. разбіва́нне, -я, н. і разбі́ўка, -і, ДМ -біўцы, ж. (да 4, 7—9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адазва́цца, адзаву́ся, адзаве́шся, адзаве́цца; адзавёмся, адзавяце́ся, адзаву́цца; адзаві́ся; зак.

1. Адказаць на кліч, адгукнуцца; падаць голас, абазвацца; прагучаць у адказ на які-н. гук, удар; адбіцца.

Ледзь чутным трымценнем адазваліся ў вокнах шыбы.

Я крычаў, але ніхто не адазваўся.

2. аб кім-чым. Выказаць сваю думку, даць ацэнку каму-, чаму-н.

Добра а. аб новай кнізе.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выклікаць сабою якое-н. пачуццё, адчуванне і пад.; даць сябе адчуць, выявіцца.

Спрацаванасць адазвалася хваробай.

Звестка адазвалася моцным болем у сэрцы.

4. перан., на што і без дап. Аднесціся спачувальна да чаго-н.; адказаць якім-н. пачуццём на што-н.

А. на заклік.

А. на просьбу.

|| незак. адзыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

э́ра, ‑ы, ж.

1. Рэальная або легендарная падзея, ад якой вядзецца летазлічэнне, а таксама адпаведная сістэма летазлічэння. Новая, або наша, эра ўмоўна пачынаецца з даты нараджэння міфічнага Ісуса Хрыста. □ [Андрэй Міхайлавіч:] — Ужо ў V веку да нашай эры пісаў пра Калхіду Гіпакрат. Самуйлёнак.

2. Вялікі гістарычны перыяд, які карэнным чынам адрозніваецца ад папярэдняга. І на трыбуну — насцеж дзверы! — Пад грамавы гвардзейскі кліч Жаданым сонцам новай эры Упэўнена ўзышоў Ільіч. Смагаровіч. Гэта [паэзія Маякоўскага] вялікая скарбніца ідэй, вобразаў і пачуццяў, сацыяльная і мастацкая прырода якіх звязана з новай эрай гісторыі чалавецтва — эрай сацыялістычнай рэвалюцыі і будаўніцтва камунізма. «Беларусь».

3. Буйная адзінка храналагічнага падзелу геалагічнай гісторыі Зямлі. Эры падзяляюцца на перыяды, а перыяды — на эпохі.

•••

Архейская (азойская) эра — самая старажытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Кайназойская эра — навейшая эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Мезазойская эра — сярэдняя эра між палеазойскай і кайназойскай у геалагічнай гісторыі Зямлі.

Палеазойская эра — эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі, якая папярэднічае мезазойскай.

Эазойская эра — другая найстаражытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

[Лац. aera.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заро́дак, ‑дка, м.

1. У жывёл і чалавека: арганізм у першы перыяд свайго развіцця, які жывіцца за кошт матчынага арганізма або пажыўнымі рэчывамі, назапашанымі ў яйцы. Зародак кураняці. // У вышэйшых насенных раслін: зачатак новай расліны, які развіваецца з аплодненай яйцаклеткі ўнутры семені. Зародак семя пшаніцы.

2. перан. Пачатковы стан, першае праяўленне чаго‑н. Зародкі культуры. □ Містыцызм.. — атрута, якая забівала і забівае ўсе творчыя зародкі духоўнай дзейнасці чалавека. Лойка.

•••

У зародку — у самым пачатку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашале́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які захварэў на шаленства, звар’яцеў.

2. Раз’юшаны, узлаваны. Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Лынькоў. На падмогу яму падскочылі два таварышы і ледзь утрымалі ашалелага каня. Машара. // Збянтэжаны ад страху, разгублены. [Немцы] .. правялі прамільгнуўшага перад імі матацыкліста ашалелымі позіркамі. Шамякін.

3. перан. Нястрымны, магутны. Вада кідалася на турбінныя таркі з вялікім ашалелым напорам. Баранавых. І ляцелі на вёскі З новай весткай няспынна Ашалелыя, З грывай агню Цягнікі. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыжава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; зак.

1. што. Скласці што‑н. крыжам, крыж-накрыж. Засмужац нахіліўся да мёртвага, скрыжаваў яго рукі па грудзях. Мележ. Мікешка сеў на лямцавую пасцілку — кашму з каляровымі ўзорамі, скрыжаваў падкурчаныя ногі. Беразняк.

2. каго-што. Зрабіць скрыжаванне жывёлін або раслін для атрымання новай пароды, новага віду ці гатунку. Скрыжаваць антонаўку з дзікай яблыняй.

•••

Скрыжаваць мячы (шпагі) — пачаць паядынак, бой, спрэчку.

Скрыжаваць позіркі — паглядзець адзін аднаму ў вочы, выказваючы супярэчлівае пачуццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цу́пкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Цвёрды, жорсткі; каляны. Сядло рыпела цупкай, новай яшчэ сырыцай. Галавач. [Салдаты] курылі і паціху гаманілі, жавалі глёўкі хлеб, хтосьці прышываў гузік да цупкага мокрага шыняля. Грахоўскі. Адскочылі цупкія, з дзіцячы кулачок, абабкі. Вышынскі.

2. Тупкі; не вязкі, не рыхлы. Там [каля яблынькі] быў ужо цупкі астравок, бо каля яблыні зямля не ўскапана. Кулакоўскі. Наскочыў мароз — закарэла гразь, умерзла і аж патрэскалася голая зямля, стала цупкаю і гулкаю, як бубен. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)