зло́сна, прысл.

1. Са злосцю, нядобразычліва (сказаць, глянуць і пад.). Сцёпа злосна агрызнуўся: — Чуў ужо. Адчапіцеся! Курто.

2. Вельмі моцна, бязлітасна, люта. Камары кусаліся ўсё гэтак жа злосна, не зважаючы ні на якія захады. Лужанін. / у перан. ужыв. Злосна стагналі вятры над курганамі, Хмары насіліся чорнаю хваляй. Купала.

3. Разм. Горача, заўзята. Хлопцы працавалі ўпарта, нават злосна. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да азірнуцца.

2. перан.; на каго-што і без дап. Быць асцярожным, дзейнічаць з асцярогай, узгадняючы свае ўчынкі з чыімі‑н.; аглядвацца. Азірацца на аўтарытэт. Азірацца на старэйшых. □ [Банадысь:] — І не абсячэ ніхто ад студні, гэтак намерзла! А-яй, што за людзі. Кожны ўсё на другога азіраецца. Чорны.

3. Зал. да азіраць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́йгрыш, ‑у, м.

1. Тое, што набыта ў выніку розыгрышу латарэі і інш., у выніку перамогі ў азартнай гульні. Выйгрыш па аблігацыі. Спадзявацца на выйгрыш.

2. Выгада, карысць. [Пніцкі:] — На работу хаджу, а гаспадарку сваю кінуў. Гэтак прыйшлося, бо.. большы мне цяпер выйгрыш. Чорны.

3. Поспех, перамога ў чым‑н. Дамагчыся выйгрышу.

•••

Быць у выйгрышы гл. быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлютава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

Прыйсці ў лютасць; дайсці да крайняй ступені жорсткасці; раз’юшыцца. Мачыха гэтак разлютавалася, што нават думаць нельга было, каб папрасіць у яе чаго-кольвек на тую складчыну. Сабаленка. Бык аказаўся прыпёртым галавой да сцяны. Але ад гэтага ён разлютаваўся яшчэ больш. Паўлаў. / у перан. ужыв. У давяршэнне да ўсяго з вечара разлютавалася завіруха. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяшчэ́ннік, ‑а, м.

Духоўнае званне ў праваслаўнай царкве, прамежкавае паміж епіскапам і дзякам. // Асоба, якая носіць гэта званне; служыцель рэлігійнага культу, які праводзіць богаслужэнне. Дзед пісьменніка быў, як вядома, уніяцкі свяшчэннік, а бацька перасяліўся ў Маскву, дзе працаваў урачом і дзе нарадзіўся Ф.М. Дастаеўскі. В. Вольскі. Прыбытак з царквы бралі сабе свяшчэннікі, а мы перабіваліся так-гэтак. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утры́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што і без дап.

Падаць (падаваць) у перабольшаным выглядзе; сказіць (скажаць) давядзеннем чаго‑н. да крайнасці. Утрыраваць думку. □ — «Як табе служыцца, з кім табе дружыцца?» — весела прадэкламаваў сын і гэтак жа весела адказаў: — Добра, бацька.. Не трэба многа думаць. Усё робіш па камандзе... — Не ўтрыруй, калі ласка. Ты не бяздумны аўтамат. Шамякін.

[Ад фр. outrer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Млечны1 ’падобны на малако (пра туман)’ (ТСБМ), ’удойны, малочны’ (Шат.; шальч., Сл. ПЗБ), навагр. ’прыгатаваны на малацэ’ (Сл. ПЗБ). З польск. mleczny ’тс’ (гл. Варш. сл., 2, 1005). Гэтак жа Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 10.

Мле́чны2 ’рыба, якая мае семевую вадкасць’ (валож., Сл. ПЗБ). Да млеч (гл.).

Мле́чны3 шлях ’млечная паласа з зорак на начным небе’ (ТСБМ). Калька з рус. Млечный путь, якое, як і польск. droga mleczna, ням. Milchstrasse ’тс’, з лац. via lactea, ст.-грэч. κύκλοσ γαλαξίασ < γάλα ’малако’ (Фасмер, 2, 632).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

наду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Тое, што і надумаць (у 1 знач.). Надвор’е якраз стаяла цудоўнае, і мы з жонкаю надумаліся паехаць на Мінскае мора. Васілёнак. Мацэвіч не вытрымаў і выйшаў з кватэры — надумаўся адведаць суседа, свайго даўняга дружбака. Капыловіч.

2. Разм. Многа, уволю падумаць. Іншы раз [Волька] гэтак надумаецца, патрывожыць душу, што ноччу, не дачакаўшыся дня, ідзе на ўчастак. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпа́свіць, ‑пасу, ‑пасеш, ‑пасе; ‑пасём, ‑пасяце і ‑пасу, ‑пасвіш, ‑пасвіць; ‑пасвім, ‑пасвіце; пр. прыпасвіў, ‑віла; заг. прыпасі; зак., каго-што.

Разм.

1. Папасвіць дадаткова. Сёння мы з Міхасём пастараліся вельмі ўдала, — прыпасвілі сваіх кароў на панскім лузе. Брыль.

2. Трохі спасвіць, патравіць. [Тонік] ужо трэці дзень асцерагаўся Сямёна Мокуця. Летась ён гэтак выратаваўся ад Мартына Корсака, калі прыпасвіў яго авёс. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысні́цца, ‑снюся, ‑снішся, ‑сніцца; зак.

З’явіцца, паказацца ў сне. І заспала. Бо прыснілася ёй Лідачка, зорачка яе ненаглядная, унучка, хоць і не родная. Брыль. Кастусь варочаўся так і гэтак, але сон не браў яго. А калі нарэшце задрамаў, прыснілася Алеся. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Нядобрыя сны пачалі сніцца Ульяне. Прыснілася ёй раз, што яна чэрпала ваду сваім чаравікам і піла яе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)