та́інства, ‑а, н.
1. Тое, што і тайна. Таінства прыгажосці. □ Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.
2. Рэлігійны абрад, які па царкоўнаму веравучэнню мае цудадзейную сілу. Таінства споведзі. □ Перш за ўсё ў католікаў і праваслаўных па-рознаму адпраўляюцца так званыя «таінствы». Залескі. / у перан. ужыв. У сэрцы яго, апрача кахання, з’явілася нейкая асабліва глыбокая павага да Сашы: яна прысутнічала пры святым таінстве — нараджэння чалавека. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
транспарцёр, ‑а, м.
1. Механічнае прыстасаванне для перамяшчэння грузаў, асобных дэталей; канвеер. Экскаватар зроблены так, што можа даставаць грунт з вялікай глыбіні, зямлю можа ссыпаць па транспарцёру ў бок ад трасы, а можа пагружаць і на самазвалы. «Полымя». Спецыяльнае прыстасаванне падхоплівае буракі, і транспарцёр нясе іх уверх, сыпле ў кузавы аўтамашын. «Звязда».
2. Чыгуначная платформе для перавозкі цяжкавагавых грузаў.
3. Тое, што і бронетранспарцёр. На дарогах заставалася безліч .. тэхнікі — машыны, танкі, гарматы, транспарцёры. Шамякін.
[Фр. transporteur.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ты́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Тое, што і тыкаць. Ярошка са злосцю тыркаў пальцам у нейкую паперу. Броўка. [Байкоў:] — Што вы ўвесь час тыркаеце на Байкова? Шамякін. Гюнтэр Ліндэ не раз балюча тыркае ў худыя плечы Ота вострым канцом стэка. Бядуля.
2. Утвараць гукі (пра машыны, маторы і пад.). Жывы быў толькі матацыкл: ён усё тыркаў, гатовы зноў сарвацца з месца. Брыль. У Валілах тыркае буйнакаліберны кулямёт, гучыць пару спозненых вінтовачных стрэлаў. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэатра́льнасць, ‑і, ж.
1. Спец. Сукупнасць характэрных уласцівасцей і прыёмаў сцэнічнага майстэрства.
2. перан. Дзеянні, учынкі, разлічаныя на знешні эфект; найгрыш, натуральнасць у дзеяннях, паводзінах і пад. І прытым тэатральнасць у .. паводзінах [Арэшкіна] Лемяшэвіч заўважыў пры сустрэчы. А тут Арэшкін трымаўся значна больш проста і шчыра. Шамякін. А чалавек ужо гаварыў, калі можна было так назваць хрыплы і глухі, як падземнае рэха, голас, у якім усё ж чулася, я б сказаў, нейкая падкрэсленая тэатральнасць. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убра́цца, убяруся, убярэшся, убярэцца; убяромся, уберацеся, убяруцца; зак.
1. Набыць прыгожы выгляд, стаць прыгожым. Убраліся ў чырвань праспекты і плошчы І ў [к]вецень вясновую — дрэвы садоў. Хведаровіч. // Прыгожа адзецца, прыбрацца, разадзецца; выстраіцца. Убрацца ў святочны касцюм. □ [Міхаліна:] — А калі адчыніла шафу, каб адзецца, то адчула, што знікла маё жаданне ўбрацца па-святочнаму. Шамякін.
2. Разм. Управіцца з уборкай ураджаю. [Ганна:] — Напішы, Алеська, што ўбраліся са збажыною. Скрыган.
•••
Убрацца ў пер’е — абжыцца, палепшыць матэрыяльнае становішча, пачаць жыць самастойна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усхо́ды 1, ‑аў; адз. няма.
Парасткі насення, якія паказаліся з зямлі. Шаўковай рунню вабілі позірк бяскрайнія ўсходы ранніх культур. Шамякін. // перан. Вынікі якой‑н. дзейнасці. Так ужо сёння, на нашых вачах, нараджаюцца і дужэюць усходы новага, якое становіцца нормай нашага жыцця. Кухараў.
усхо́ды 2, ‑аў; адз. няма.
Прыступкі лесвіцы. Грында парывіста бярэ вядро і з грукатам спускаецца па ўсходах, выходзіць на двор, ідзе да калодзежа. Колас. Па стромкіх усходах чалавек сыходзіў з трыбуны. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цягло́, ‑а, н.
1. Гіст. У Рускай дзяржаве ў 15 — пачатку 18 стст. — дзяржаўныя павіннасці сялян і пасадскіх людзей.
2. Гіст. Адзінка абкладання павіннасцямі ў прыгоннай гаспадарцы ў 18–19 стст.
3. зб. Сродкі цягі ў сельскай гаспадарцы. [Паходня:] — Зябліва таксама закончыце коньмі — цягло ў вас спраўнае. Хадкевіч. [Шаройка:] — У нядзелю мабілізуем усё наша цягло, можам нават у суседа пазычыць, так, каб за адзін дзень увесь.. лес быў дома. Шамякін.
•••
Жывое цягло — рабочая жывёла, жывёла для цягі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́ткі, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны добра ўспрымаць што‑н. слыхам, нюхам. — Спі, — гаворыць Яворскі, — сабакі ў мяне чуткія і злыя — абудзяць, калі што. Колас. // Які хутка рэагуе на знешнія раздражненні (гук, дотык і пад.). А ўначы ўсё навокал скоўваў амаль касмічны холад, і чуткія сейсмографы адзначалі, як недзе ў гарах трашчаць скалы. Шыцік.
2. Уражлівы, успрыімлівы. Каханне — лёгкая прынада Для сэрцаў чуткіх, маладых. Купала. Першым затрапятала чуткае лісце асіны. Шамякін.
3. Лёгкі, неглыбокі. Чуткі сон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эмо́цыя, ‑і, ж.
Пачуццё, перажыванне чалавека. Эмоцыя радасці. Эмоцыя гневу. □ — Вы разумееце, што ўсё гэта азначае? — Ці, як легкадумны хлапчук, вы, акрамя сваіх эмоцый, нічога ведаць не хочаце? — гаварыў Рымар. Арабей. І .. [салдату] хоць бы на гадзіну ў тыдзень-другі неабходна забыцца, перавесці свой зрок і слых на іншае, што выклікала б у яго больш прыемныя эмоцыі... Ракітны. // Разм. Знешняе праяўленне пачуццяў, перажыванняў. Чалавек эмоцый, Шыковіч не стрымаўся — і ўголас вылаяўся, калі прачытаў гэта. Шамякін.
[Фр. émotion.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
брод, ‑у, М ‑дзе; мн. брады, ‑оў; м.
1. Неглыбокае месца на ўсю шырыню ракі, возера, па якім можна перайсці, пераехаць; пераход, пераезд. [Хлопцы] глядзелі, як Мікалай пераходзіў бродам рэчку. Чорны. [Раманенка] добра ведаў брады і без затрымкі пераправіўся цераз рэчку. Шамякін. Па дарозе можна сустрэць доўгія гнілыя брады з жабамі ў стаячай, цвілой вадзе. Сачанка.
2. След, пракладзены на сенажаці, на полі, каб размежаваць участкі. Дзядзька Марцін правёў брод аж да палавіны доўгага і нешырокага шнура. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)