валту́зіць, ‑тужу, ‑тузіш, ‑тузіць; незак., каго.

Разм.

1. Тармасіць, тузаць. Нехта схапіў.. [Засмужца], вывалак на бераг, валтузіў, каб вярнуць к жыццю. Мележ. // Тузаючы, штурхаючы, біць каго‑н. Накінуліся жаўнеры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Колас.

2. перан. Бесперастанку турбаваць. — Хіба я ведаю, дзе той доктар? — развёў хлопец рукамі, і ў яго голасе было многа пратэсту: «Што вы маеце да мяне? І так мяне ўчора валтузілі, не давалі бацьку пахаваць!» Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́чча, ‑а, н., зб.

1. Абламаныя часткі дрэў (галлё, сучча), якія валяюцца ў лесе. Лес быў чысты, без ламачча. Быкаў. Пад нагамі трашчала векавечнае гнілое ламачча і згінаўся маліннік. Пташнікаў.

2. Ламаныя або прыгодныя толькі для перапрацоўкі прадметы. На папялішчы — груды асмалкаў, вуголле, жалезнае ламачча ад нейкіх машын. М. Ткачоў. // перан. Разм. Непатрэбныя рэчы. [Бабуля:] — Ты, як тая сарока, — усё, што блішчыць, сабе ў гняздо цягнеш. І так поўная хата ўсялякага ламачча. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зво́ддаль, зво́ддалі і зво́ддаля, прысл.

1. З далёкай адлегласці; здалёку. Моўчкі далучыўшыся да астатніх, Пятро і сакратар райкома пачалі пазіраць за падзеямі зводдаль. Ваданосаў. [Сярод азярцо] густа тырчаць купіны, так што, калі глядзець зводдалі, дык здаецца, там наогул няма ніякай вады... Шуцько. Сілівон пайшоў назад. Заклапочаная Аксіння, якая зводдаля ўвесь час пазірала за ім, спаткала яго на вуліцы. Лынькоў.

2. На некаторай адлегласці; у аддаленні. Зводдаль ад жыллёвых будынкаў — цэлая сістэма будынкаў гаспадарчых. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карта́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які нячыста, няправільна вымаўляе гукі «р» або «л». Картавае дзіця. / у знач. наз. карта́вы, ‑ага, м.; карта́вая, ‑ай, ж. — Гэта той картавы? Што хваліцца: «Мяне на х’ёнце паяніла». Навуменка.

2. Нячысты, няправільны (пра вымаўленне гукаў «р» або «л»). Картавае «р». Картавае вымаўленне. Картавая гаворка. □ І калі з маладога гурту вылеціць раскацісты гучны смех або дзе пачуеш крыху картавую мову, так і закарціць азірнуцца: пэўна ж, ён [Паўлюк Трус] там. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навырыва́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

1. Вырваць, выцягнуць рыўком, высмыкнуць нейкую колькасць чаго‑н. Навырываць цвікоў. □ Сафрон так асмялеў каля чужога каня, што надумаўся навырываць з яго хваста валасні сабе на вуду. Чорны. // Выдраць, адарваць нейкую колькасць чаго‑н. Навырываць лістоў з кнігі.

2. Рвучы з коранем, сабраць нейкую колькасць чаго‑н. Навырываць буракоў. Навырываць ільну.

навырыва́ць 2, ‑ае; зак., чаго.

Вырыць вялікую колькасць чаго‑н. (пра жывёл). Навырываць ям.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паваро́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн.так; ж.

1. Дарога, якая адыходзіць у бок ад асноўнай магістралі. Неўзабаве паказалася паваротка ў Ліпск. Старшы механік прытармазіў і паволі з’ехаў з шашы на палявую дарогу. Паслядовіч. Перад.. [Шрэдарам] была брукаваная паваротка і надпіс на слупе: «На Сумлічы. Шэсць кіл[а]метраў». Чорны.

2. Разм. Тое, што і паварот (у 2 знач.). Паваротка, яшчэ раз паваротка, і дарога ўразаецца ў стары лес. А. Александровіч.

•••

Зрэзаць паваротку гл. зрэзаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.

1. Скамячыць, памяць. Пакамячыць бялізну. □ Мяжэнны, скінуўшы з сябе коўдру, пайшоў да шафы, каб адразу прыфранціцца, але счакаў: пакуль ехаць, .. касцюм можна пакамячыць. Гроднеў.

2. Камячыць некаторы час. Кінуўшы паламаны аловак на карту, выйшаў з-за стала Грай, адкашляўся, пакамячыў у пальцах недакурак, сплюнуў у кут. Мікуліч.

3. Абл. Сціснуць (пра кулакі). А дзядзька кулакі пакамячыў, і так туга, туга пакамячыў іх, ды падступіўся да мяне. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зак. да слухаць.

2. і без дап. Слухаць некаторы час. Мы летуцелі ўсе аб тым, каб сесці ў засень на хвіліну, паслухаць, як шумяць лісты ў зялёных, пышных верхавінах... Дубоўка. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець. Чорны.

3. заг. паслу́хай(це). Ужываецца пры звароце да каго‑н. звычайна ў пачатку фразы, каб прыцягнуць увагу. Я таргануў за рукаў кулямётчыка: — Паслухайце, таварыш! Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабудава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.

1. Унесці змены ў будову чаго‑н., пабудаваць іначай. Перабудаваць прадпрыемства. □ Неўзабаве зноў прыехаў малады цясляр. — Трэба, — кажа, — дом нанава перабудаваць. Іначай нічога не будзе. Якімовіч.

2. Унесці змены ў сістэму, арганізацыю, парадак чаго‑н. Перабудаваць працу школы. Перабудаваць кіраўніцтва прамысловасцю. Перабудаваць лекцыю. □ [Пауль] прачытаў гэтыя словы па-руску, пераклаў на нямецкую мову, перабудаваў нямецкі сказ так, каб ён гучаў найбольш прыгожа. Шамякін. // Змяніць карэнным чынам. Перабудаваць свет. Перабудаваць жыццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.

1. Пражыць, правесці некаторы час дзе‑н. Такім чынам у Вепрах прабыў Саўка дзён тры ці чатыры. Колас.

2. Праслужыць, прапрацаваць некаторы час у якасці каго‑н. А Рыгор .. так і прабыў польскім абознікам нешта вельмі доўга. Чорны.

3. Пражыць, правесці час якім‑н. спосабам. — Наеліся дзеткі малака. Што я ім пастаўлю? Вады хіба пасалю? Гэта ж твая ўсё донечка любая! — Прабудуць дзень як і бег малака. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)