папусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.
1. Уступіць у чым‑н., адступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Ведаў [Казік], што ўсё адно маці не папусціцца, настаіць на сваім, і ён ляжа спаць, як заўсёды, роўна ў дзевяць. Шыловіч.
2. Даць сябе ў крыўду. — Не будзе гнаць [ляснічы] цябе за слова: Няма прычын. А папусціся, Тады ідзі ды хоць тапіся. Колас. У крыўду ніхто цябе не дапусціць, дый сам ты не папусцішся. Шынклер.
3. Разм. Дапусціць, дазволіць што‑н. Сёння .. [Васіль] да спадобы Галіне. Можа, таму яна і папусцілася, калі ён у Ваўкаўні папраўляў у яе лыжы. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́рнасць 1, ‑і, ж.
Уласцівасць парнага 1 (у 3 знач.).
па́рнасць 2, ‑і, ж.
Гарачае, насычанае выпарэннямі, вільгаццю паветра; вільготная цеплыня. А сонца жарыць, млеюць далі, І парнасць землю абняла. Колас. Сонца, пераваліўшыся за поўдзень, здавалася, шпарчэй пачало апускацца над лесам, але парнасць стаяла нясцерпная. Пташнікаў. Печ пагрэлася, па хаце пайшла парнасць. Чорны. // Выпарэнні, туман. Бліскацела іржавая балотная вада, над якою застыла парнасць. Пестрак. Цёплая парнасць падымалася ад возера, ад зямлі. Чарнышэвіч. Павітаўшыся, і госць і гаспадар прыселі на бервяне, прыгрэтым не так сонцам, як земляной парнасцю. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасудзі́ць, ‑суджу́, ‑су́дзіш, ‑су́дзіць; зак.
Разм.
1. каго. Засудзіць усіх, многіх. — Цяпер пацішэла, і добра пацішэла, — пануквае каня фурман. — Зброю паадбіралі, пасудзілі за гэта. Лужанін.
2. заг. пасудзі́(це) (звычайна з займеннікам «сам», «самі»). Ужываецца ў значэнні: падумай(це), памяркуй(це), уяві(це) сабе. — Што ж болей рабіць, пасудзі? Колас. Голы, босы хадзіў дзіцем, — Цяпер стар, і ўсё ж не ўскрос. Паглядзіце, пасудзіце — Я таксама гол і бос. Купала.
3. Пагаварыць, папляткарыць некаторы час. [Куліна:] А які суд можа быць між сваімі.. Вядома, калі людзі пасудзяць языкамі, то жыць не захочаш, ну то і... разводзяцца. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахісну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Хіснуўшы, нахіліць. Вецярок, нахлынуўшы раптоўна, І кусты, і травы пахісне. Прануза. / у безас. ужыв. Пахіснула, З ног яго [Данілку] зваліла, А ў вачах — зялёныя кругі. Бялевіч.
2. перан. Зрабіць менш устойлівым, трывалым. [Лясніцкі:] — [Немцы] хочуць пахіснуць наш аўтарытэт сярод насельніцтва і робяць бандыцкія налёты пад выглядам партызан. Шамякін. Падзеі апошніх часоў пахіснулі .. [Аўгінін] погляд на трываласць пэўнага ладу жыцця. Колас. // Прымусіць усумніцца ў чым‑н., выклікаць няўпэўненасць. Суровыя, напружаныя, часта нават небяспечныя для жыцця дні не пахіснулі нікога ні ў абкоме, ні ў райкомах. Казлоў. // Разладзіць, пагоршыць. Пахіснуць здароўе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашчыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Сашчыпаць усё, многае. Пашчыпаць траву.
2. Шчыпаць некаторы час. Пугач яшчэ трохі патузаўся, пасыкаў, пашчыпаў Ігната за рукаў, а потым, нібы прымірыўшыся са сваім лёсам, падкурчыў касматыя лапы, вытрашчыў жоўтыя вочы і заціх. Ляўданскі. — Пане Лабановіч, — сказаў Язэп Глынскі, — прашу вас зайсці ў мой садок ды пашчыпаць вішань. Колас.
3. перан. Разм. Нанесці некаторыя страты. — Даўно мы не турбавалі фрыцаў на чыгунцы. Яны сталі занадта нахабнымі, пускаюць паязды амаль што па раскладу. Трэба пашчыпаць іх на лініі Мінск — Маладзечна. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плака́т, ‑а, М ‑каце, м.
1. Каляровы насценны малюнак з кароткім агітацыйным тэкстам; від выяўленчага мастацтва. Да нарады раённая газета выдала плакат, на якім былі паказаны поспехі ўсіх калгасаў і лепшых даярак. Шчарбатаў. На сценах віселі розныя плакаты і лозунгі адпаведна патрэбам часу. Колас. Досыць часта кампазіцыя плакатаў будавалася на кантрасце: станоўчым вобразам чырвонаармейцаў, салдат супрацьпастаўляліся адмоўныя вобразы ворагаў рэвалюцыі. Шматаў. // Напісаная або надрукаваная аб’ява аб чым‑н. На грудзях у яго [Ружэ] вісеў кароткі, выразны плакат-пытанне: «Ці падпісаліся вы пад Адозвай міру?» Шамякін.
2. Гіст. Пашпарт, які выдаваўся сялянам і мяшчанам у дарэвалюцыйнай Расіі.
[Ад лац. placatum — пасведчанне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пласт, ‑а, М ‑сце, м.
1. Шчыльны слой чаго‑н. Тоўстым пластом лёг на саламяных стрэхах снег. Колас. Цёпла ўхутанае тоўстым пластом моху, гэтае балота замярзала як след толькі ў самыя суровыя зімы. Паслядовіч.
2. Гарызантальны слой асадачнай горнай пароды. Вось ужо ў другім ствале пачалі сустракацца пласты каштоўных выкапняў. Кулакоўскі.
3. перан.; чаго або які. Аднародная ў якіх‑н. адносінах частка чаго‑н. Лексічны пласт. Фразеалагічны пласт. □ Гістарычна апраўдана і сама спрэчка паміж Ліпскім і Пратасавіцкім: засцянковая шляхта, як дваранскі пласт, была невядома для Расіі. «Полымя».
•••
Ляжаць як пласт (пластом) гл. ляжаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыго́дны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які падыходзіць для чаго‑н., які можа спатрэбіцца для чаго‑н.; здатны да чаго‑н. — А вы Васіль Майсеевіч не крыўдуйце. Вам знойдуць больш прыгодныя дзялянкі, і там, калі ласка, бушуйце хоць з атамнымі піламі. Паслядовіч. — На сівізну маю не глядзіце. Калі ў касцы не прыгодны, то косы кляпаць магу. Пальчэўскі. Была .. [група] малалікая, нявопытная, але прыгодная для выканання прасцейшых заданняў. Асіпенка. // Які прыносіць карысць; прыдатны да выкарыстання. Прыгодная зямля. Прыгодная глеба. □ Край наш бедны, край наш родны! Лес, балоты і пясок... Чуць дзе крыху луг прыгодны... Хвойнік, мох ды верасок. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкра́са, ‑ы, ж.
1. часцей мн. (прыкра́сы, ‑рас). Аздоба, упрыгожанне. У архітэктуры будынкаў, што ўзведзены каля станцыі, нам падабаецца прастата, — ніякіх непатрэбных прыкрас. Мележ. Яны [старэйшыя] за працай грамадзянскай самі, Яны ўмеюць бачыць не прыкрасы, А прыгажосць сапраўднейшую часу. Лось. // перан. Перабольшанне, выдумка ў апавяданні, пераказванні. [Косцік] расказваў без лішняй прыкрасы, Як мост узрывалі яны, Як з копкаю разам прыпасы Стаўлялі на плыт патайны. Колас. — Пра бізун я так, для прыкрасы, — кінуў Збан. Шашкоў.
2. Тое, што дабаўляецца ў ежу для каларыйнасці або смаку (мяса, тлушч, пахучыя прыправы і пад.); закраса.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпе́ўка, ‑і, ДМ ‑пеўцы; Р мн. ‑певак; ж.
1. Кароткі, звычайна чатырохрадковы, фальклорны вершаваны твор лірычнага, злабадзённага або жартоўнага зместу, які выконваецца на пэўны матыў; частушка. Вясёлыя, задорныя прыпеўкі рэхам адгукаліся ў бары. Ваданосаў. Падай хто-небудзь прыклад — і яна пайшла б каля агню ў скокі, падхапіла б самую развясёлую песню, самыя вострыя прыпеўкі. Кулакоўскі.
2. Тое, што і прыпеў (у 1 знач.). З ракі прыляцела раптам прыпеўка папулярнай студэнцкай песні. Мурашка. — Пачынай, Андрэй, твая першая скрыпка... А вы, валачобнікі, далучайцеся да нас: прыпеўку спяваем усе! — не сунімаўся Янка. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)