з’е́хацца, з’едуся, з’едзешся, з’едзецца; зак.
1. Сабрацца дзе‑н., прыехаўшы з розных месц (пра многіх, многае). — Я пачала ўжо не без трывогі чакаць, калі скончацца канікулы, з’едуцца настаўнікі і я прыйду ў школу. Шамякін. З’ехалася ўся радня, якая толькі была ў шляхецкай акрузе, і вырашыла, што Казімір павінен жаніцца. Пестрак.
2. Разм. Едучы, сустрэцца з кім‑н. дзе‑н. Хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося.. разам з’ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Чорны. — Якраз з Алесем Садовічам на станцыі з’ехаліся і разам дадому ішлі, — як бы апраўдваўся Лабановіч за свой «парожні» выгляд. Колас.
3. Разм. Паспець ехаць разам з кім‑, чым‑н. На веласіпедзе з машынай цяжка з’ехацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпо́лле, ‑я, н.
1. Памяшканне пад падлогаю; падвал. Пахла саладкаватай прэллю — якраз пасярод хаты ляжала выграбеная з падполля бульба з доўгімі белымі расткамі. Навуменка.
2. Дзейнасць, накіраваная супраць улад, якая праходзіць тайна, ва ўмовах строгай канспірацыі, а таксама жыццё ў такіх умовах каго‑н., хто змагаецца супраць улад. У памяці паўставала то адно, то другое і перад усім — вайна, падполле ў час нямецкай акупацыі. Карпаў. У часы буржуазнай Польшчы камуністы працавалі ў глыбокім падполлі. Карпюк. // зб. Людзі, якія працуюць у такіх умовах, вядуць канспіратыўную работу. У час сакавіцкага правалу Мінскага падполля сям’я Амельянюкоў схавалася ў знаёмых людзей. «Звязда». Край мой, край Лясістых пушчаў, Балатоў і поля, Захаваў ты ў сваіх гушчах Нашае падполле. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парасо́н, ‑а, м.
1. Прыстасаванне для засцярогі ад дажджу і сонца ў выглядзе замацаванага на палцы складнога каркаса, абцягнутага матэрыялам. Сыпаў дождж, і над галовамі людзей раскрываліся чорныя парасоны. Арабей. Каля домікаў стаялі плеценыя крэслы і столікі пад вялікімі каляровымі парасонамі. Шамякін. // Тое, што па форме нагадвае такое прыстасаванне. Спускаліся ў паветры белыя парасоны парашутаў. Лынькоў. Над дзюнамі над соннымі сасонкі — парасонамі. Вялюгін. Сінее ў далечы загон, Рака між вольх пятляе, Нябёс блакітны парасон Вісіць шатром над краем. Матэвушаў.
2. Стрэшка над чым‑н.
3. Спец. Суквецце з некалькіх кветак на кветаножках, якія разыходзяцца прамянямі ад верхавіны сцябла. З першай кветкі На другую, Праляцеўшы трохі, — скок! Парасон яе прыгнула, Запусціла хабаток [пчолка]. Калачынскі.
[Фр. parasol.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паро́жні, ‑яя, ‑яе.
Пусты, нічым не запоўнены. Сама сталоўка займала палавіну дома і двума ходамі злучалася з кухняй: праз адны дзверы неслі страву ў сталоўку, а праз другія выносілі парожнюю пасуду. Колас. Аўтобус абганяў калоны самазвалаў з гравіем і цэментам, а насустрач імчаліся парожнія машыны. Грахоўскі. // Разм. Нікім не заняты, свабодны. Якраз тут было не так багата людзей, і .. [Рыгор] пайшоў на адной лаўцы парожняе месца. Гартны. Хата была вялікая і парожняя, хоць бяры спраўляй вечарынку. Пташнікаў. Яны самі — і дзядзька, і цётка, і баба, і Казік, і сястра Казікава Стэфа — абедаюць за сталом, а я адзін, як той воўк. І яны абедаюць паперадзе: — стол потым парожні гуляе. Баранавых.
•••
Пераліваць з пустога ў парожняе гл. пераліваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. і без дап. Спытаць яшчэ раз; зноў звярнуцца з тым жа пытаннем. [Надзя] не паверыла адразу словам, перапытала. Галавач. Ад прыкрасці Мікола аж крактануў .. і перапытаў у Нічыпара: — Значыць, не адпусціш? Б. Стральцоў. — Як, як вы кажаце? — перапытаў.. [Ян], падступаючы бліжэй да бравага фельчара. Чорны. Бацька ў такіх выпадках.. пяць разоў перапытае, потым адкажа. Бажко. — Што ж з Якушом пасля зрабілі? — З Якушом? — перапытаў дзед. — Пакаралі. Скрыган.
2. Апытаць усіх, многіх; спытаць пра ўсё, многае. Мы.. усе хаты абышлі, усіх людзей перапыталі, ці не бачылі цябе дзе часам... Васілевіч. [Барановіч:] — Якое каму дзела, хто з кім жаніцца ці за каго замуж ідзе. Дык не, усё перагавораць, усё перапытаюць, да ўсяго дакапаюцца. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смець, смею, смееш, смее; незак., з інф.
1. Мець смеласць для чаго‑н., адважвацца на што‑н. Стаіць ён [вязень] супраць кабінета. Падняць не смее галавы І чуе — кліча вартавы: — Да пана следчага з павета! Колас. Надыдзе час чароўны, як заранка, Якога ты не смееш нават сніць: Ад звону кос прабудзішся на ранку, І ў працы ціха панясуцца дні. Тарас. Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам». Чорны.
2. Мець права на што‑н. На пярэдніх лаўках [у касцёле], бліжэй к ксяндзу, сядзелі паны. З простых людзей туды не смеў ніхто заходзіць. Чорны.
•••
Не смей(це)! — ужываецца як форма строгай забароны што‑н. рабіць. — Што вы робіце? — з гневам прамовіла .. [Ядвіся]. — Не смейце дакранацца да мяне!.. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сухапу́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які праходзіць па сушы, размешчаны на ёй. — Служыў я і на сухапуцці, — адказвае Буханцаў. — Усё роўна граніца. Ці сухапутная, ці марская, яна павінна ахоўвацца з усёй пільнасцю. Хадкевіч. Пазней беларускія купцы накіроўваліся ў заходнееўрапейскія краіны ўжо сухапутным шляхам праз Нольшчу і Германію. Жураўскі.
2. Які жыве або расце на сушы. Чайкі лямантавалі, скардзіліся на нахабнае парушэнне сухапутнай птушкай іхніх марскіх межаў. Караткевіч. // Разм. Пра людзей, што жывуць і працуюць на сушы. — Канец, відаць, ці яшчэ мо паходзім? — без ценю панікі ў голасе пытаецца з-за аеру наш сухапутны энтузіяст [Юрка]. Брыль.
3. Які адбываецца на сушы. Сухапутны паход. // Які дзейнічае на сушы, перамяшчаецца па сушы. Сухапутныя войскі. Сухапутны транспарт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тавары́скі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да таварыша (у 1, 2 знач.). Мы шчаслівыя жыць,.. штодзённа адчуваючы дабратворную цеплыню і натхняючую сілу бескарыслівай узаемадапамогі і таварыскай падтрымкі. Машэраў.
2. Уласцівы таварышу, таварышам; шчыры, сяброўскі. Тое, што за звычайнымі таварыскімі словамі таілася і нарастала больш глыбокае пачуццё, Паходня разумеў, але недастаткова ўяўляў, як іх адносіны могуць развівацца далей. Хадкевіч. Да позняй ночы ішла ля кастра таварыская гутарка. Лынькоў.
3. Кампанейскі, які лёгка ўступае ў кантакты з другімі; згаворлівы. [Самуйлёнак] быў вельмі таварыскім і ўважлівым да людзей, у якіх прыкмячаў здольнасці і працавітасць. Хведаровіч. І сапраўды, ён [мінамётчык] усім спадабаўся: шчыры, няхітры, таварыскі. Грамовіч.
4. Які не мае афіцыяльнага характару (пра спартыўныя спаборніцтвы). Таварыская сустрэча хакейных каманд.
•••
Таварыскі суд гл. суд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фармірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
1. Выпрацоўваць у каго‑н. адпаведныя рысы характару, светапогляд і пад. Фарміраваць характар. □ Час фарміруе людзей, але, хочаш ці не хочаш, людзі адказваюць за час. Карпаў. Не прафесія, якая б рамантычная яна ні была, фарміруе паэтычны талент. «Полымя».
2. Арганізоўваць, ствараць (калектыў, установу і пад.). Фарміраваць у рад. Фарміраваць кабінет. // Арганізоўваць вайсковае падраздзяленне, камплектуючы людзьмі і матэрыяльнай часткай. У кашарах узнік адпраўны пункт. Тут выдавалі зброю, фарміравалі атрады, прызначаліся камандзіры. Мікуліч. [Уладзік Каржакевіч:] — Паны конніцу фарміруюць, добра плацяць. Крапіва.
3. Састаўляць (поезд), счэпліваючы ў адпаведным парадку вагоны. Варта было паглядзець на .. [Віталя] ў тыя хвіліны, калі ён фарміраваў ці расфарміроўваў таварныя саставы, што бесперапынна прыбывалі на вузел. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хаўру́с, ‑у, м.
Разм.
1. Група людзей, звязаных агульнымі мэтамі, інтарэсамі. У Малінаўцы лён церлі талакой. З даўніх часоў у засценку склалася некалькі хаўрусаў са сваякоў і суседзяў. Чарнышэвіч. Стаў Антось даваць машыну другім гэтакім малазямельным і платы за гэта не браў. Так паступова пачаў складвацца нейкі бядняцкі хаўрус па малацьбе. Кулакоўскі.
2. Саюз, садружнасць. Жыла.. [маці] цяпер з таго, што ўвайшла ў хаўрус з дворнічыхай. Гарэцкі. [Леапольд] прадае ўвесь свой набытак, уступае ў кабальны хаўрус з кулаком. Барсток. / у перан. ужыв. Гракі ў хаўрусе са шпакамі Вандруюць вывадкам усім. Калачынскі.
3. у знач. прысл. хаўру́сам. Сумесна, гуртам, усе разам. Людзі ўсе хаўрусам, талакой змуравалі мост па-над ракой. Дубоўка.
•••
У хаўрусе — сумесна, разам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)