цягло́, ‑а, н.
1. Гіст. У Рускай дзяржаве ў 15 — пачатку 18 стст. — дзяржаўныя павіннасці сялян і пасадскіх людзей.
2. Гіст. Адзінка абкладання павіннасцямі ў прыгоннай гаспадарцы ў 18–19 стст.
3. зб. Сродкі цягі ў сельскай гаспадарцы. [Паходня:] — Зябліва таксама закончыце коньмі — цягло ў вас спраўнае. Хадкевіч. [Шаройка:] — У нядзелю мабілізуем усё наша цягло, можам нават у суседа пазычыць, так, каб за адзін дзень увесь.. лес быў дома. Шамякін.
•••
Жывое цягло — рабочая жывёла, жывёла для цягі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экзеку́цыя,
1. Цялеснае пакаранне. За дзесяткі гадоў службы фельдфебель добра набіў руку і на шпіцрутэнах, і на розгах. І таму чарговая экзекуцыя была для яго звычайнай справай. Якімовіч.
2. Уст. Выкананне судовага ці адміністрацыйнага прыгавору (пакаранне смерцю і пад.). Гродзенскі губернатар робіць экзекуцыі, пасылае на падаўленне хвалявання войскі і размяшчае іх па дварах за кошт галодных і раздзетых сялян. Лушчыцкі.
3. У міжнародным праве — прымяненне карных мер адной дзяржавы ў адносінах да другой.
[Ад лац. exsecutio — выкананне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заадно́, прысл.
1. Сумесна, у згодзе з кім‑н. (быць, дзейнічаць і пад.). Быць з сябрамі заадно. □ Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі.
2. Разам з тым, адначасова, мімаходам. [Міхась] зноў і зноў дакараў у думках сястру, а заадно і Толю, што яны згадзіліся пусціцца ў.. далёкую і небяспечную дарогу. Якімовіч. Настаўнік вырашыў завітаць да пісара. Цікава зірнуць, што на дварэ робіцца, а заадно і клопат пазбыць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́тарга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.
1. Уст. Від пакарання засуджаных, які заключаецца ў зняволенні і цяжкіх прымусовых работах, а таксама месца прымусовых работ для ссыльных злачынцаў. Па шырокіх дарогах, закутыя ў ланцугі, ішлі па катаргу людзі і спявалі.. да болю сумныя песні пра Свабоду. Каваль.
2. перан. Пра цяжкую працу, невыноснае жыццё. [Арандатар] уводзіць новыя працоўныя павіннасці, зрабіўшы гэтым самым жыццё сялян яшчэ больш невыноснай катаргай. «Весці».
3. Даўнейшае вёсельнае судна, род галеры, на якім грабцамі былі засуджаныя.
[Ад грэч. katergon — галера.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фальва́рак, ‑рка, м.
1. У феадальнай Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне — панская гаспадарка з комплексам будынкаў, заснаваная на паншчыннай працы сялян. Рост і ўмацаванне феадальнай уласнасці ўзмацнялі феадальны прыгнёт, абеззямельванне сялянства (ствараліся фальваркі, павялічваліся панскія ўгоддзі). «Полымя».
2. Невялікая панская сядзіба, хутар. На гэтай палянцы, за паўвярсты ад дарогі, раскінулася чыясь пасада, як сярэдняй рукі фальварак, з усімі прыбудоўкамі, садам і прасторным дваром. Колас. Потым, калі .. [Адам] пасталеў,.. яго сэрца паранілі чорныя вочы паненкі з суседняга фальварка. Новікаў.
[Польск. folwark ад ням. Vorwerk — хутар.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ця́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Гіст. Абкладзены цяглом. Акрамя цяглых, службовых і рамесных сялян, сельскую мясцовасць Вялікага княства Літоўскага насялялі іншыя групы сялянства. Булыка.
2. Гіст. Звязаны з адбываннем паншчыны коньмі, жывёлай. Больш чым у палавіне маёнткаў сяляне працавалі на памешчыка па З дні цяглых і па З дні пешых у тыдзень. Лушчыцкі.
3. Разм. Стромкі, высокі (пра дрэвы). Я свой парус узняў, і знікае За ўспененай хваляй сівой Цаласа галькі берагавая, Дзе стаіш ты пад цяглай сасной. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эмбле́ма, ‑ы, ж.
Прадмет ці відарыс прадмета як умоўнае ці сімвалічнае вырашэнне якога‑н. паняцця, ідэі. Серп і молат — эмблема яднання рабочых і сялян. □ Яны ідуць, дзе зоры свецяць, Сцягі пад сонцам шалясцяць, Яны нясуць працоўным свету Эмблему роўнасці й жыцця. Трус. Валодзька з’явіўся ў клубе ў чорным новенькім шынялі, у форменнай фуражцы з эмблемай, наглянцаваных чаравіках. Кірэйчык. Зубр — сімвал імклівай сілы — робіцца эмблемай магутнага і нястрымнага руху наперад маладой беларускай сацыялістычнай індустрыі, сімвал «машыннай сілы краіны». В. Вольскі.
[Грэч. ēmblēma — устаўка; рэльефная аздоба.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адзі́нства, ‑а, н.
1. Цэльнасць, непадзельнасць. Адзінства камуністычнай партыі. Адзінства камуністычнага руху. Інтэрнацыянальнае адзінства пралетарыяту. Маральнапалітычнае адзінства. □ На базе агульнасці карэнных інтарэсаў рабочых, сялян, інтэлігенцыі склалася непарушнае сацыяльна-палітычнае і ідэйнае адзінства савецкага народа. Праграма КПСС. // Сканцэнтраванасць чаго‑н. у адным месцы, у адных руках, у адных рамках і пад. Адзінства месца, адзінства часу і адзінства дзеяння — характэрныя асаблівасці класічнай трагедыі.
2. Спалучэнне ў адным цэлым, непарыўнасць сувязі. Адзінства тэорыі і практыкі. Адзінства формы і зместу.
3. Агульнасць, супадзенне, поўнае падабенства. Адзінства думкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
балага́н, ‑а, м.
1. Часовы будынак (з дошак, фанеры, парусіны) для тэатральных, эстрадных, цыркавых паказаў на кірмашах, народных гуляннях. // Разм. Лёгкае збудаванне, звычайна з дошак, для гандлёвых патрэб, пад жыллё і пад.
2. Старадаўні народны вандроўны тэатр; тэатральнае відовішча з прымітыўным сцэнічным афармленнем. Пачынаецца прадстаўленне інтэрмедыі вандроўнага балагана пад назвай «Казак». В. Вольскі. // Пра што‑н. несур’ёзнае, непрымальнае; камедыянства. Дачасна цешыцеся, гады... Саюз рабочых і сялян Змяце, як логавішча здрады, Увесь часовы балаган. Глебка. // перан. Разм. зневаж. Пра што‑н. бязладнае, шумнае, грубае.
[Перс. bālāhānä.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
арце́ль, ‑і; Р мн. ‑ей; ж.
Аб’яднанне асоб той або іншай прафесіі (рамяства) для супольнай працы з удзелам у даходах паводле дамоўленасці і агульнай адказнасці таварыства. Рыбалавецкая арцель. □ Арцель — гэта шырока распаўсюджаная ў Расіі форма таварыства, прасцейшая форма свабоднай кааперацыі, падобная да той, якая існуе ў паляўнічых плямён у часе палявання. Энгельс. Арганізацыя арцелі па асушцы Рэгелеўшчыны ўзняла вялікі шум. Чарнышэвіч.
•••
Сельскагаспадарчая арцель — форма калектыўнай гаспадаркі сацыялістычнага тыпу, добраахвотнае аб’яднанне сялян на аснове абагульнення асноўных сродкаў вытворчасці для вядзення калектыўнай працай буйной калектыўнай сельскагаспадарчай вытворчасці; калгас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)