устрыво́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Прыйсці ў стан трывогі; усхвалявацца. Людзі ўстрывожыліся, пачалі прыслухоўвацца, але ніякай небяспекі не было відаць. Маўр. Маці, убачыўшы Васіля дома, устрывожылася — ці не здарылася што на ферме. Гаўрылкін. Неяк падвечар на лузе з’явілася маці. Дзед аж устрывожыўся: чаго гэта яна па такой далі сюды прыйшла? Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

1. Вызначаць сваю вагу шляхам узважвання.

2. Разм. Праяўляць жаданне, намервацца зрабіць што‑н. Былі моманты, калі Саўка важыўся вярнуцца назад, каб расказаць Цімоху ўсю праўду. Колас.

3. Абл. Адважвацца, асмельвацца. [Марына Паўлаўна] заўважыла, што стары хоча запытаць нешта, ды не важыцца. Зарэцкі.

4. Зал. да важыць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адва́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Асмеліцца зрабіць, сказаць што‑н., выявіць рашучасць, адвагу. Прайсціся трэці раз Сцёпка не адважыўся: лёгка магло стацца так, што хто-небудзь з суседзяў мог бы звярнуць на яго ўвагу. Колас. Хлопчыкі і дзяўчаткі, якія можа ўпершыню ў жыцці адважыліся адмераць доўгія кіламетры ад сваёй вёскі да мястэчка, ідуць купляць падручнікі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыво́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Прыходзіць у стан трывогі, моцнага душэўнага хвалявання, турбавацца, хвалявацца. Трывожыцца Аленка: «Ці здолееш ты, Сцёпачка, да канца работу давесці?» — думае яна. Колас. Набліжалася зіма, і Аляксей Фаміч трывожыўся, каб паспець скончыць палявыя работы. Дуброўскі. Відаць было, як трывожыўся бусел: ён тупаў па краёчку з падветранага боку і прыціскаў галінкі да сцяны. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мно́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

1. Колькасна павялічвацца; расці. У хаце і ў клеці, у клуні і хлявах дабра было многа, і дабро гэта расло і множылася. Колас. На шкле набухалі, множыліся дажджавыя кроплі. Навуменка.

2. Уст. Размнажацца. Розныя «божыя кароўкі», жучкі, матылькі, вусені жылі і множыліся на гэтым кавалку зямлі. Бядуля.

3. Падвяргацца множанню. Тры множыцца на два.

4. Зал. да множыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́жыцца, жыцца; незак.

1. Падвяргацца пражанню.

2. Разм. Пячыся на сонцы. Вымушаная раней увесь час пражыцца на санцапёку, .. [Паліна Фёдараўна] цяпер заўсёды знаходзіла вольнае месца пад парусінавым грыбам. Паслядовіч.

3. Зал. да пра́жыць (у 1 знач.).

пражы́цца, ‑жыву́ся, ‑жыве́шся, ‑жыве́цца; ‑жывёмся, ‑жывяце́ся; зак.

Разм. Патраціць на пражытак. Але Бачурка ведаў, што Сашка рызыкне пайсці да бацькі толькі тады, калі яны пражывуцца да апошняй капейкі. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзе́ржацца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Разм.

1. Устаяць на месцы, захаваць раўнавагу, не ўпасці. У галаве.. [парабчыхі] ад слабасці закружылася, яна не магла адзержацца на вышках. Чорны. Голас старога ўзняўся ад дрыжання, у нейкім адчаі ён падняў уверх галавешку і з усяе сілы выцяў ёю па галаве Хвядзька. Той захістаўся і не адзержаўся на нагах. Лобан.

2. Застацца дзе‑н., прабыць; затрымацца. Жаўнеры нядоўга адзержаліся ў нашым краі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзяржа́цца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Трымацца. Гэй, ляці, але дзяржыся, Злы яздок, Без пары не праваліся У масток. Чарот. А Сцёпка вывеў з гэтага такое заключэнне, што і перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Трэба быць асцярожным і больш дзяржацца сярэдзіны. Колас.

•••

Толькі дзяржыся! — выклічнік, які паказвае на высокую ступень праяўлення якой‑н. якасці. — А які з мяне музыка быў у тых гадах, дык толькі дзяржыся! Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напру́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

1. Зрабіцца пругкім. Мускулы на твары Івана Іванавіча напружыліся, застылі. Гамолка.

2. Сабрацца з сілай, прыкласці намаганне, робячы што‑н. Вялізная рыбіна ўздрыгнула, напружылася і пацягнула за сабою лодку. Ваданосаў. Лейтэнант напружыўся, варухнуў нагамі і тут жа з глухім стогнам упаў на зямлю. Курто.

3. перан. Узмацніцца, павысіцца (аб ступені праяўлення чаго‑н.). Рукі мімаволі моцна сціснулі стрэльбу, слых напружыўся, а вочы да болю ўпіліся ў цемру. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паво́дзіцца, ‑водзіцца; безас. незак.

Разм.

1. Жыцца; складвацца (пра ўмовы жыцця, працы і пад.). Букрэй разгаварыўся з Панасам, распытваў яго, як паводзілася ў палякаў, што ён чуў там і бачыў. Колас. [Нахлябіч] хацеў ужо ісці далей, але Пніцкі перапыніў яго: — Ну, як вам паводзіцца? Чорны.

2. Быць прынятым. Так у нас паводзіцца. Паводзіцца здаўна.

3. Разм. Тое, што і паводзіць сябе (гл. паводзіць). Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер .. [Алесь] не мог паводзіцца, як раней. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)