вы́страіцца 1, ‑страюся, ‑страішся, ‑страіцца; зак.
Стаць строем. Выстраіцца ў адну шарэнгу. Выстраіцца калонай. □ На вялікай паляне.. паатрадна выстраілася ўся брыгада. Шамякін. // Размясціцца ў пэўным напрамку. Каля касы выстраілася чарга. □ Густым ланцугом выстраіліся прахожыя ўсцяж тратуараў, сочачы за кавалергардамі. Гартны.
вы́страіцца 2, ‑страюся, ‑страішся, ‑страіцца; зак.
Разм. Адзецца па-святочнаму; прыбрацца. [Алаіза] выстраілася, як-ніяк ішла на баль. Арабей. Анютка выстраілася ўжо ў новую сукенку.., завязала чырвоную хустку-тараноўку. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́сны 1, ‑ая, ‑ае.
Схільны да чаго‑н. прывычнага; неўспрымальны да новага, перадавога; адсталы. Як усё пераплялося — старое і новае, вялікае і малое, гераічнае і буднічнае, коснае і перадавое! Шамякін. Выступаючы супроць вузкага, аднабаковага, няправільнага погляду на мужыка як на маленькага, цёмнага, забітага, коснага чалавека, Горкі патрабаваў ад пісьменнікаў па-новаму паказаць старога героя рускай літаратуры. Івашын.
ко́сны 2, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і касцявы. Косныя хваробы. Коснае рэчыва. Косны клей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
іскры́цца, іскрыцца; незак.
Ззяць, зіхацець, пералівацца іскрамі. Пад месячным святлом іскрыўся іней. Чарнышэвіч. Возера іскрыцца і зіхаціць на сонцы. В. Вольскі. // перан. Ззяць, блішчаць пад уплывам якіх‑н. пачуццяў (пра вочы, позірк). Вочы юнакоў і дзяўчат гарэлі, іскрыліся. Лынькоў. // перан. Ярка праяўляцца. У вачах .. [Сярожкі і Ленкі] не іскрылася весялосць і дзіцячая жартаўлівасць. Шамякін. Збан глядзеў кабеце ўслед з-пад калматых чорных броваў, і ў вачах яго іскрылася халодная, злая ўсмешка. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каардына́ты, ‑нат; адз. каардыната, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Спец. Велічыні, якія вызначаюць месцазнаходжанне пункта на плоскасці або ў прасторы. Сістэма каардынат. Геаграфічныя каардынаты. □ Паведамлялася, што эсмінец вядзе цяжкі бой з варожымі самалётамі.. Шыфрам вызначаліся каардынаты. Кулакоўскі.
2. перан. Разм. Адрас, месцапражыванне ці месцазнаходжанне каго‑н. Засталося толькі выйсці на край лесу, вызначыць свае каардынаты ці можа нават так пазнаць мясцовасць і потым смела ісці ў родную вёску. Шамякін.
[Ад лац. co — разам і ordinatus — упарадкаваны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запа́снік, ‑а, м.
Памяшканне, месца для захоўвання чаго‑н. запаснога або таго, што не выкарыстоўваецца. / у перан. ужыв. Ішоў час, была другая работа, і гісторыя Міхаліны Казіміраўны, хоць я не раз успамінаў яе, ляжала ў маім творчым запасніку. Шамякін. // Сховішча для музейных экспанатаў, не ўключаных у экспазіцыю.
запасні́к, ‑а́, м.
Разм. Ваеннаабавязаны запасу. На Садовай ля знаёмага кожнаму запасніку двухпавярховага дома — натоўп людзей. Сабаленка. // Салдат запасной воінскай часці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змагчы́, змагу, зможаш, зможа; пр. змог, змагла, ‑ло; зак., звычайна з інф.
Здолець зрабіць што‑н. — Стаць разведчыцай ты зможаш у любы момант, калі гэта спатрэбіцца. Шамякін. Дрэвы забылі пра буры і страты, Раны свае загаіла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая! Танк. // Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. Далёкая мілая мама, Я знаю — каб толькі змагла, Не зёлкамі ты, а рукамі Бяду б ад мяне адвяла. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знясла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; зак., каго-што.
Распаўсюдзіць благія чуткі пра каго‑, што‑н.; зганьбіць, ачарніць. — Два гады кіраваў, стараўся, гаспадарку ладзіў, пра рэпутацыю дбаў, а тут ушчалося напасце. Зняславілі, зганьбілі, раскрытыкавалі... Быкаў. Яго, лепшага брыгадзіра, знялі з пасады, зняславілі на ўвесь калгас ды яшчэ ў раённай газеце распісалі. Б. Стральцоў. // Сваімі паводзінамі, учынкамі пазбавіць добрага імя; абняславіць. — Я табе аддала ўсё. А ты... зняславіў, насмяяўся... З дзіцем хочаш пакінуць? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бра́га, ‑і, ДМ бразе, ж.
1. Рошчына з соладу, мукі і бульбы, з якой гоняць спірт. // Адходы пасля такой перагонкі ў выглядзе рэдкага цеста. Каля хлеўчука ў кутку грэўся на сонцы здаравенны вяпрук.., адкормлены брагай. Дуброўскі.
2. Пітво дамашняга вырабу з хмелем і цукрам; бражка. Дацэнт ведаў рэцэпт, як зварыць моцную брагу, такую брагу, што ад трох шклянак чалавек п’яным рабіўся. Колас. [Шаблюк:] — Хадзем, я вас мядовай брагай пачастую. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
буркава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Утвараць характэрныя для галубоў гукі. Саша сумна сядзела на лаўцы каля бальнічных варот і бяздумна сачыла, як на даху дома, што насупраць, буркуюць галубы. Шамякін. // перан. Жарт. Лагодна і пяшчотна размаўляць. З усімі.. [Ліза] гаварыла ласкава і мякка. Ну проста не гаварыла, а мурлыкала, як каток, ці буркавала, як галубка. Арабей. Сядзела на лаўцы Пад фрэнчам хлапечым І ўсё буркавала Каханку аб нечым. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бядня́к, бедняка. м.
Небагаты, незаможны, бедны чалавек. [Элія Бакучава:] — Багаты раз на жыцці памірае — бядняк штодзень. Самуйлёнак. Распрадавалі.. [такароўцы] апошнія здабыткі, каб плаціць адвакатам, зрабіліся беднякамі. Бядуля. // Бедны селянін, якога эксплуатавалі багачы. Атрымаўшы зямлю, дапамогу, яны [Цітаўна з сям’ёй] выбіліся з беднякоў у сераднякі. Шамякін. Спачатку ўся Гусевіца пайшла ў калгас, адны беднякі арганізаваліся. Асіпенка. Перш за ўсё вельмі падазрона, што на сход закліканы адны толькі беднякі і, што яшчэ больш дзіўна, Мікіта! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)