самле́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў прытомнасць. Дзверцы кабіны былі расчынены, дробненька ўздрыгваў капот, а на сядзенні ляжаў самлелы вадзіцель. Нядзведскі.

2. Здранцвелы, сшэрхлы. У наплыўшых кроўю вачах агонь пагас, і самлелы язык не мог больш вымавіць ні слова. Пестрак. / у вобразным ужыв. І чаплялася сена на голле самлелых бяроз. Вялюгін.

3. Знясілены працаю, спёкай і пад. Лабановіч узяў самлелую птушынку і вынес на свежае паветра. Колас. Сеў [хлопец] за кнігу, — не бачыць літар: вее полымем ад яе. І рукою самлелай выцер губы высахшыя свае. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укра́са, ‑ы, ж.

1. Прадмет, прызначаны для ўпрыгожвання каго‑, чаго‑н. Кожны раз хата-пяцісценка .. сустракае мяне абновамі і ўкрасамі. Б. Стральцоў. На ўзвышку .. стаяў мураваны белы палац, высока ўзняўшы пад садам сваю чатырохкантовую вежу, аздобленую рознымі скульптурнымі ўкрасамі. Колас.

2. перан.; чаго. Той, хто (або тое, што) з’яўляецца гордасцю чаго‑н., упрыгожвае што‑н. А дуб — лясоў украса, На ім калышуцца вякі. Бажко. Не мог фельчар мірыцца з тым, што такая ўкраса Зырачан ужо болей не вернецца. Ён быў упэўнены, што пані вернецца назад. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Дайсці да гатоўнасці ў выніку парання. Буракі добра ўпарыліся. □ Выме [баба] чыгунок цёплай вады з печы, укіне пучок травы, пакрые чыгунок зверху скавародкай, каб лепш упарылася тое зелле. Паўлаў.

2. Спацець ад напружанай дзейнасці, цяжкай працы; вельмі стаміцца. Пакуль выкінулі гной з кароўніка ды пакідалі вазы, — упарыліся. Ермаловіч. А няхай ты скісні! Замарыў мяне, аж лабаціна ўпарылася, — гаворыць Янка і выцірае хустачкаю лоб. Колас. [Ігнат Пятровіч:] — Не крой душы, Вася.. Дапамажы перанесці ў машыну рэчы. Упарыўся адзін... Шашкоў. // Узмыліцца. Упарыліся коні ад шпаркага бегу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́ннасць, ‑і, ж.

1. Кніжн. Дзейнасць. Тым жа часам камсамольская ячэйка і яе сакратар набывалі ў Затонні ўсё большае значэнне, у меру таго, як разгортвалі яны сваю чыннасць. Колас. Першым актам чыннасці вясковых камсамольцаў было зруйнаванне «святога калодзежа». Навуменка.

2. Уласцівасць чыннага (у 2 знач.). Колькі чыннасці, пагляньце, Колькі важнасці ў хадзе! Туфлі рыпаюць пад глянцам: «Прэч з дарогі! Туз ідзе!». Гілевіч. А ў залах тых чынна. Манішкі і фракі. Не верце ў чыннасць! Вось доларам бразнуць — І зноўку на мір наш пачнуцца атакі. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. каго-што. Заняць чыё‑н. або вольнае месца; замяніць каго‑н. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж. Колас. // без дап. Заняць якую‑н. пасаду, прыступіць да работы. Заступіць на пасаду сакратара.

2. Прыступіць да работы, дзяжурства і пад., змяніўшы каго‑н. — Так і быць. — Конюх дастае з кішэні вялікі чыгунны гадзіннік. — Да дванаццаці ты дзяжурны, а там я заступлю. Курто. Увечары Міхалёў са сваім аддзяленнем заступіў у каравул. Хомчанка.

3. каго-што. Загарадзіць, засланіць сабой каго‑, што‑н. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна заступіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. Спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Мележ.

•••

Заступіць дарогу камуа) нечакана з’явіўшыся перад кім‑н., спыніць яго рух. — Не, Якаў, даражэнькі! — Лукер’я заступіла яму дарогу. — Не, я цябе так не пушчу з хаты. Папалуднуеш разам з намі. Чарнышэвіч; б) перашкодзіць дзейнасці каго‑, чаго‑н. Бывае так, што чалавек табе ніколі, як кажуць, не заступаў дарогу, а ты яго неўзлюбіш па нейкім прадчуванні. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мозг, а і ‑у; мн. мазгі, ‑оў; м.

1. а. Цэнтральны аддзел нервовай сістэмы жывёл і чалавека ў выглядзе рэчыва, якое запаўняе сабой чэрап і канал пазваночніка. Галаўны мозг. Спінны мозг. // Орган мышлення ў чалавека. Свідравала мозг .. страшная думка, і ў той жа час у галаве.. складаўся план дзеяння. Колас.

2. ‑у; перан. Разм. Розум, разумовыя здольнасці.

3. а; перан. Асноўнае ядро, кіруючы цэнтр чаго‑н. Такім чынам быў створаны гарадскі партыйны камітэт, цэнтр, мозг падполля. Новікаў.

4. ‑у. Тканка, якая напаўняе поласці касцей у чалавека і пазваночных жывёл. Касцявы мозг.

5. толькі мн. (мазгі́, ‑оў). Ежа, прыгатаваная з мазгоў некаторых свойскіх жывёл.

•••

Варушыць (круціць) мазгамі гл. варушыць.

Да мозгу касцейа) усёй істотай, цалкам, поўнасцю. — Я да мозгу касцей бязбожнік. «ЛіМ»; б) вельмі моцна, да апошняй сваёй частачкі. Холад пранікаў да мозгу касцей, балюча сціскаў мускулы. Шамякін.

Капаць на мазгі гл. капаць.

Мазгі (не) вараць — пра кемлівага (някемлівага) чалавека.

Мазгі не на месцы — пра дурнога або псіхічнахворага чалавека.

Сушыць мазгі гл. сушыць.

Уставіць (устаўляць) мазгі гл. ўставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наро́д, а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. а. Насельніцтва якой‑н. краіны, дзяржавы. Народ Савецкай краіны. □ І сэрцы, і воля, І думы народа Злучыліся ў плыні адной, Як хвалі патокаў, Як шумныя воды, Дзе сонца гуляе вясной. Колас. Іду з маім народам я, Вядзе мяне дарога проста. Краіна родная мая, — Вялікія тваім мы ростам. Бялевіч.

2. а. Нацыя, нацыянальнасць, народнасць. Непарушны саюз народаў. Братняя дружба народаў. □ Нямецкі народ, да цябе маё слова — Вайне сваё «не» ты скажы. Бачыла.

3. а; толькі адз. Асноўная, працоўная маса насельніцтва. Працоўны народ. □ Ідзе народ сярпа, касы, станка і молата. Таўлай. // У гістарычным матэрыялізме — сацыяльная супольнасць, якая ўключае ў сябе тыя слаі і класы, якія здольны ўдзельнічаць у вырашэнні задач прагрэсіўнага развіцця грамадства.

4. ‑у; толькі адз. Людзі. Сабралася шмат народу. □ Народ з пакункамі валіў з вакзала. Чорны. Народу ў клубе ўсё прыбывала. Шахавец. // Разм. Пра групу людзей, якія маюць нейкія агульныя, аднолькавыя рысы. Хлапчукі — народ спрытны. □ [Тата:] — Тут, у школе, народ вучоны, займаецца сур’ёзнай справай. Брыль. Бацькі — нецярплівы народ! Грамовіч.

•••

Савецкі народ — новая сацыяльная і інтэрнацыянальная супольнасць людзей, якая ўзнікла ў СССР за гады сацыялістычнай будаўніцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скуго́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Жаласна выць, падвываць (пра жывёліну). Сабака ўсё выў. Не, нават не выў, а скавытаў, скавытаў ціха, расцяжна, бы ўсё роўна галасіў, некага аплакваў .. «Чаго ён гэтак жаласліва вые, чаго скуголіць?» Сачанка. Сабака аж заходзіўся на дварэ, а ваўчаня бегае па хаце і скуголіць. Пальчэўскі. Свінні, парасяты .. чухаліся аб жардзіны плота, паціху і нудна скуголілі ад холаду. Дуброўскі. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Мяце, скуголіць над платамі, над хатамі белая каламуць завірухі. Ракітны. Ніхто не мог падступіцца не тое што да склада, дык і да станцыі: асколкі снарадаў ляцелі, скуголілі на ўсё наваколле. Сабаленка. Шалёна біліся аб сцены аканіцы, сумотна скуголілі завескі, на якіх яны трымаліся. Колас. Глядзіш, праз пару месяцаў .. сіпаты гармонік [Гарыка] ўжо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Разм. Ціха, жаласна плакаць, енчыць. А дзяўчынка скуголіць і скуголіць, быццам сваім плачам хоча перамагчы завею. Асіпенка. [Хлопец] неспакойна абмацваў каля сябе зямлю, а пасля пачаў скуголіць тонкім перарывістым голасам. Чорны.

2. перан. Разм. Наракаць, скардзіцца, прасіць чаго‑н. — І навошта гэта, і навошта, — скуголіў пасажыр. — Выпілі б па чарцы дый раз’ехаліся... Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хор, ‑у; мн. хары, ‑оў; м.

1. У старажытнагрэчаскім тэатры — група выканаўцаў з спевакоў і танцораў.

2. Група або калектыў спевакоў, якія выконваюць разам вакальныя творы. Хор імя Пятніцкага. Народны хор БССР. □ Кулькін, выявілася, спяваў у хоры і ведаў ноты. Машара. У клубе на сцэне выстройваўся хор. Асіпенка.

3. Музычная п’еса, прызначаная для выканання пеўчым калектывам. Кампазітар напісаў не кантату, а проста хор.

4. чаго. Адначасовае гучанне многіх гукаў. Сход маўчыць, а потым чуецца адзін голас, другі, а за ім хор галасоў гудзе. Колас. У адказ.. [Сымону Якаўлевічу], нібы рэха, прагучаў дружны хор дзіцячых галасоў: — Я, юны піянер... Якімовіч.

5. чаго. Мноства аднолькавых думак, меркаванняў. Намыснік, рыжы намеснік і нейкі капітан былі ўжо ў інтэрнаце. Хорам пахвалы яны спаткалі дзяўчат. Грамовіч. Пасля хору хвалебных рэцэнзій узнялася хваля крытыкі і разносаў. «Маладосць».

6. Спец. У струнных музычных інструментах — парныя, строеныя і пад. струны.

7. у знач. прысл. хо́рам. а) Усе разам, у некалькі галасоў (аб спевах). Да цябе [Нарачы] бор працягвае рукі, Для цябе хорам птушкі звіняць. Прыходзька; б) усе адразу, адначасова, дружна (пра якое‑н. выказванне). — Правільна! Малайчына, Вова! — хорам падхапілі рабяты прапанову таварыша. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

губля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Страчвацца, прападаць. Дробныя рэчы часта губляюцца.

2. Рабіцца непрыметным, нябачным, выпадаць з поля зроку. Аляксей Гарачун задуменна паглядзеў уздоўж састава. Канец яго губляўся недзе ў цемры. Васілёнак. Цяжка разгледзець унізе кварталы горада — усё губляецца ў дыме, які валіць з заводскіх комінаў. Новікаў. // Рабіцца нячутным (пра гукі). Жудасная цішыня, а ў гэтай цішыні плылі нейкія далёкія, глухія гукі і губляліся... Колас. // Перастаць прасочвацца, губляючыся ў далёкім мінулым. Пачатак вырошчвання збожжавых раслін губляецца ў глыбокай старажытнасці.

3. Станавіцца слабейшым, паступова страчвацца. А далей усё пачало рабіцца, як у сне, калі многія дэталі паўстаюць перад табою выразнымі да болю, а некаторыя губляюцца, і пасля цяжка прыпомніць іх. Паслядовіч.

4. Траціць самавалоданне, бянтэжыцца ад хвалявання. Абстраляны чалавек не так губляецца ў цяжкіх абставінах, у яго воля да перамогі не паралізуецца страхам. Новікаў.

5. Зал. да губляць.

•••

Губляцца ў здагадках — не ведаць, на якім з меркаванняў спыніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)