по́рах, ‑у, м.

1. Выбуховае рэчыва, якое ўжываецца для вырабу зарадаў агнястрэльнай зброі. Ёсць што бараніць нам і чым бараніцца, Скала непрыступная наша граніца, І пораху хопіць у нас, і свінц[у]. Крапіва.

2. Разм. Пра вельмі жвавага, рухавага чалавека; пра вельмі запальчывага чалавека. Сярод .. [незадаволеных] быў Апанас Хмель, чалавек нецярплівы, словам — іскра, порах. Пестрак.

•••

Бяздымны порах — порах, які гарыць без дыму.

Дымны порах — выбуховая сумесь з салетры, серы і драўніннага вугалю.

Бочка з порахам гл. бочка.

Не нюхаць пораху гл. нюхаць.

Не хапае пораху гл. хапаць.

Пахне порахам гл. пахнуць.

Трымаць порах сухім гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачва́ра, ‑ы, ж.

1. Казачная, страшная істота, звычайна вялікіх памераў. З высокага трысця каля затокі выходзіць нейкая цёмная валасатая пачвара і спыняецца на адкрытым месцы. В. Вольскі.

2. Пра надта непрыгожага чалавека. Шаройка даўно марыў, каб жаніць .. [Максіма] [з дачкой], і не раз пілаваў Паліну за нерашучасць: «Не маленькая, дзякуй богу. І не век сядзець табе ў дзеўках.. Была б ты пачварай, а то такая прыгажуня». Шамякін. // перан. Пра жорсткага, з нізкімі маральнымі якасцямі чалавека, вырадка. [Шэмет:] — Ты акружыў сябе падхалімамі, як сцяною, і сядзеў, што ў дупле, нічога не бачачы, акрамя гэтых пачвар. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́гна, ‑ы, ж.

1. Нізкае топкае месца, грузкае балота; дрыгва. А ельнік, густы і цёмны, выцягваў свае лапы, нібы пераймаў чалавека, разрываўся пад нагамі мох, і гнеўна хлюпала чорная багна. Чарнышэвіч. Бегчы далей, відаць па ўсім, было небяспечна, — можна з галавою праваліцца ў багну. Пальчэўскі. // Пра што‑н. бяздоннае, бясконцае. І толькі ў небе ў сіняй багне Я бачу дзіўны ланцужок. Колас.

2. перан. Усё, што засмоктвае чалавека і цягне ў балота адсталасці, коснасці. Багна мяшчанства. □ Трэба адарваць Міхася ад Раманюка, выцягнуць яго з той уласніцкай багны... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зразуме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Засвоіць сэнс, змест чаго‑н.; асэнсаваць. Зразумець тлумачэнне настаўніка. □ Алеся зразумела жарт і пакрыўджана змаўчала. Шамякін.

2. Здагадацца ці даведацца аб чым‑н.; усвядоміць што‑н. Зразумець сваю памылку. □ У Ліды пахаладзела сэрца: яна адразу ўсё зразумела. Сяргей памёр. Шамякін. У хату зайшла маці. Глянула на пабітае акно і адразу ўсё зразумела. Рылько.

3. Пазнаць, распазнаць чалавека, разабрацца ў яго думках, поглядах, учынках. І не ведаў яшчэ Алёша, што ніколі не зразумее ён гэтага чалавека. Чорны.

•••

Даць зразумець гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гадзю́ка, ‑і, ДМ ‑дзюцы; Р мн. ‑дзюк; ж.

1. Ядавітая змяя шэрага колеру з чорнай зігзагападобнай паласой уздоўж спіны. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва. Вялікая светла-шэрая гадзюка з выразным чорным узорам на спіне гналася па сцежцы за травяной жабай. В. Вольскі.

2. Разм. лаянк. Пра небяспечнага шкоднага чалавека. Людзі маўчалі: такі час, можа знайсціся гадзюка якая, і тады памінай, як чалавека звалі. Шчарбатаў.

•••

Гадзюка падкалодная — тое, што і змяя падкалодная (гл. змяя).

Прыгрэць гадзюку на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіку́н, ‑а, м.

1. Чалавек з племені, якое знаходзіцца на ступені першабытнай культуры; нецывілізаваны чалавек. // Пра некультурнага, неразвітага, грубага чалавека. — Тупагаловыя дзікуны! Яны не разумеюць, што няма той сілы, якая знішчыла б народ. Шамякін. Я баяўся, што стычынскія хлапчукі зловяць мяне на вуліцы і адлупцуюць. Такія дзікуны могуць! Чарнышэвіч.

2. Разм. Нелюдзімы, дзікаваты чалавек. [Панне] Людміле цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які яшчэ аж дасюль не быў у Завітанках. Колас.

3. Разм. Пра чалавека, які адпачывае ў курортным месцы без пуцёўкі. — Люблю ездзіць адпачываць «дзікуном», — гаварыў.. Аляксей Пятровіч. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ручны́, ‑ая, ‑ое.

1. Прызначаны, прыстасаваны для рукі (у 1, 2 знач.), для рук. Ручны гадзіннік. Ручны багаж.

2. Які робіцца рукамі, уручную, а не машынай. Ручная здабыча вугалю. // Зроблены ўручную. Ручная вышыўка. // Які прыводзяцца ў дзеянне рукой, рукамі. Ручны станок. Ручная граната.

3. Такі, які не баіцца чалавека, прывык да чалавека; прыручаны (пра жывёлін, звяроў). Зайчанятка так прывыкла да Жэні, што зрабілася проста ручным: Жэня выпускае яго з клеткі, і яно бегае за ёй, як кошка. Якімовіч. А выведуцца маладыя арляняты, возьме [Гошка] адно з гнязда і прыручыць: няхай у іх будзе ручны арол. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́ша, ‑ы, ж.

1. Асвежаванае і выпатрашанае цела забітай жывёлы. У мясным радзе па круках віселі асвежаваныя тушы. Карпаў. // Цела якой‑н. вялікай мёртвай жывёлы. Але забіты .. [дзік] быў не тут — сюды падцягнулі; туша зрабіла шырокі след-сцежку, ссунуўшы лісце, патрушчыўшы жалуды, на карэннях садраўшы мох. Шамякін. І .. [Рыбак], прысеўшы, дужым рыўком зноў узваліў на сябе тушу авечкі. Быкаў.

2. Разм. Пра вялікага, поўнага чалавека; цела такога чалавека. Аж цесна стала, калі ўперлася ў памяшканне чорная туша ксяндза Гадлеўскага. Новікаў. // перан. Пра што‑н. вялікае, грузнае. Туша чорная парома Ціха дрэмле на Дняпры. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераме́ншыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.

Падаць, уявіць сабе што‑н. у меншых намерах, чым у рэчаіснасці; не надаць чаму‑н. належнага значэння. Пераменшыць цяжкасці. □ І ніякім росчыркам пяра нельга пераменшыць, а тым больш перакрэсліць талент гэтага чалавека. Філімонаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лесасе́ка, ‑і, ДМ ‑сецы, ж.

Участак, выдзелены для высечкі лесу, участак высечанага лесу. Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі. Шамякін. Там, дзе не баяцца птушкі чалавека, Дзе вякамі сонна ціхі бор драмаў, Там была дзялянка — наша лесасека. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)