струхле́лы, ‑ая, ‑ае.
Які струхлеў, ператварыўся ў парахню; сатлелы, гнілы. Маленькія, струхлелыя ад часу хаты стаялі з паўгінанымі сценамі, як бы чакаючы, калі іх прыбяруць. Броўка. [Хаціна] нібы ўрасла ў зямлю, ад старасці асела, ледзь трымаючы на сабе імш[ы]стую шапку струхлелай страхі. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
балаця́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да балота; уласцівы балоту. Цераз лугі, Балацяную твань Лёгка бяжыць, Выгінаючы спіну, Сцежкай знаёмай Люстраная Лань. Хведаровіч. Закругленне ішло па высокім насыпе, .. у канцы якога быў мост цераз лясную балацяную рачулку. Лынькоў. // Які ўзнікае над балотам. Балацяны туман.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыжава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; незак., што.
1. Складваць крыжам, размяшчаць крыжнакрыж. Крыжаваць на грудзях рукі. □ Лес мы крыжавалі каля Чорнай рэчкі. Хведаровіч. / у перан. ужыв. У «Снежных зімах» Шамякін даволі ўдала крыжуе розныя стылёвыя плоскасці дзеля дасягнення галоўнай мэты. Юрэвіч.
2. Распінаць на крыжы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́дам, прысл.
1. Парадкам, як трэба. Парадак у лесе. Усё дагледжана, усё ладам ідзе. Шашкоў.
2. У згодзе, дружна. Змаганне заўжды працай ладам Вядзе свой круг ад веку ў век.. Хведаровіч.
3. Мірна, спакойна. [Вошкін:] — Прыйшоў, каб пагутарыць ладам, а вы падкусваць мяне... М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Добра знаёмы, прывычны. Прайшлі чарадою Гады за гадамі, Нязвыклае стала Штодзённым і звычным. Хведаровіч.
2. Які прывык да чаго‑н., звыкся з чым‑н. Да баявой прыгоды звычны, Без меркаванняў і разваг Шынель скідае пагранічнік, Бяжыць з вінтоўкай па слядах. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
касаво́кі, ‑ая, ‑ае.
З касымі вачамі; які мае касавокасць. Адзін [чалавек] чарнявы, плячысты, з пышнымі чорнымі вусамі, крыху касавокі: адно вока пазірала, як кажуць, на Маскву, другое на Варшаву. Колас. // у знач. наз. касаво́кі, ‑ага, м. Пра зайца. Спіць касавокі і сніць, Быццам сабакі гоняць. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панука́нне і пану́кванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. панукаць, панукваць, а таксама гукі, словы, якія суправаджаюць гэтае дзеянне. Гракі, вароны чарадою За свежай ходзяць баразною. Вясёлы шум і пануканне Чутны да самага змяркання. Колас. Сям-там блісне агеньчык цыгаркі ды прагучыць нуднае панукванне. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́кліч, ‑у, м.
Кліч, заклік, воклік. Як толькі прагучаў на ўвесь свет магутны покліч Кастрычніка, Міхась Чарот спяшаецца на радзіму. Хведаровіч. Ад Дняпра на Нёман быстры покліч дзеда даляцеў, і няшчадна б’е фашыстаў усенароднай помсты гнеў. Машара. На ціхі Ганін покліч.. [Зіна] не адазвалася. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасвятлі́ць, ‑святлю, ‑светліш, ‑светліць; зак., што.
1. Спец. Зрабіць светлым ці больш светлым. Прасвятліць вадкасць рзактывамі.
2. перан. Зрабіць ясным, зразумелым; высветліць. [Рыгор Данілавіч:] — Ён прасвятліў сюжэт, выраўняў стыль, павыкідаў усе падсобныя сказы. Хведаровіч. Але прасвятліць што-небудзь не ўдалося і .. [хлопцам]. Сяргей Бярозка знік бясследна... Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радыёву́зел, ‑зла, м.
Радыёстанцыя са спецыяльнай прыёмнаўзмацняльнай апаратурай для трансляцыі радыёвяшчальных праграм і перадачы мясцовых паведамленняў па радыётрансляцыйнай сетцы. Калгасны радыёвузел перадае новы канцэрт. Хведаровіч. Старшыня заракітнянскага калгаса нарэшце дамогся, што ў калгасе быў абсталяваны ўласны радыёвузел і ў кожную хату было праведзена радыё. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)