перакла́сці, -ладу́, -ладзе́ш, -ладзе́; -ладзём, -ладзяце́, -ладу́ць; -ла́ў, -ла́ла; -ладзі; -ла́дзены; зак.

1. каго-што. Палажыць у іншае месца.

П. кнігі з паліцы ў шафу.

2. перан., што. Ускласці абавязкі, адказнасць і пад. на іншага.

П. ўсю работу на памочніка.

3. што чым. Укласці, змясціўшы ў прамежках што-н.

П. талеркі стружкамі.

4. што. Злажыць нанава, іначай.

П. комін.

5. што. Перадаць сродкамі іншай мовы.

П. з беларускай мовы на рускую.

|| незак. пераклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і перакла́дваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—4 знач.).

|| наз. пераклада́нне, -я, н., перакла́дванне, -я, н. (да 1—4 знач.) і перакла́д, -у, М -дзе, м. (да 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

напе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак.

1. чаго. Спець многа чаго‑н. Вольны вецер напеў вольных песень табе, Бор зялёны ўзняў дружным гоманам, Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе, Зоры веру ўлілі сілам зломаным. Купала.

2. што. Перадаць голасам. Напець матыў. Напець арыю.

3. што. Спець для гуказапісу (на плёнку, пласцінку і пад.). Напець пласцінку.

4. чаго і без дап. Разм. Нагаварыць, напляткарыць на каго‑н.

•••

Напець у вушы — тое, што і напець (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дасту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, да якога можна прайсці, падысці. Глухое, даступнае толькі заядлыя рыбакам,.. [возера] сягоння стала зборышчам людзей. Арочка. // Адкрыты для зроку. Даступны для назірання.

2. Магчымы, пасільны для ўсіх, многіх. Даступныя цэны.

3. Лёгкі для разумення, даходлівы. Перадаць думку ў даступнай форме. □ Купала па-майстэрску перадае старажытны тэкст у форме, лёгка даступнай нашаму мастацкаму ўспрыманню. Палітыка.

4. Які лёгка выклікае прыхільнасць да сябе; просты, абыходлівы. Невысокі, кучаравы, у панто[ф]лях і чорнай рабочай кашулі, .. [К. Чорны] быў увесь нейкі хатні, даступны. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяро́за, ‑ы, ж.

1. Лісцевае дрэва сямейства бярозавых з белай карой. Расчасаўшы пругкім ветрам косы, Спаласнуўшы ногі у расе, Залатагаловыя бярозы Паўстаюць ва ўсёй сваёй красе. Аўрамчык. Пад сонцам грэліся бярозы У белым тонкім палатне. Бядуля. / у знач. зб. Сярод іншых дрэў тут пераважала бяроза. Шашкоў.

2. толькі адз. Драўніна гэтага дрэва; матэрыял. Ці ж можна словамі перадаць, як Даніла падбіраў клён, бярозу, дуб, асіну на цабэркі, вёдры, начоўкі і лыжкі? Бядуля.

•••

Карэльская бяроза — від бярозы з прыгожай узорыстай драўнінай на зрэзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стылізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Надаць (надаваць) чаму‑н. характэрныя прыкметы пэўнага стылю (у 1, 2 знач.). Ф. Багушэвіч надзвычай смела і з непараўнальнай дасканаласцю стылізаваў мову сваіх твораў пад мову расказчыка — селяніна. Шакун. // Перадаць (перадаваць) што‑н. пры дапамозе ўмоўных прыёмаў. Стылізаваць арнамент. // Пераймаючы каго‑н., надаць (надаваць) чаму‑н. пэўны выгляд, форму і пад. Багдановіч ужо ў самой назве падаў характэрныя для нашай старажытнай мовы звароты, прычым зусім няцяжка ўлавіць, пад каго стылізаваў сваё апавяданне паэт. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апіса́ць, апішу́, апі́шаш, апі́ша; апішы́; апіса́ны; зак.

1. каго-што. Расказаць пра каго-, што-н., паказаць, абмаляваць у пісьмовай або вуснай форме.

А. падзеі.

2. што. Перадаць звесткі пра склад, асаблівасці чаго-н.

А. мясцовую гаворку.

3. што. Скласці поўны спіс чаго-н. (з мэтай уліку, па прычыне якой-н. пастановы судовых органаў і пад.).

А. маёмасць.

4. што. Завяшчаць каму-н.

А. дом старэйшаму сыну.

5. што. У матэматыцы: начарціць адну фігуру вакол другой з захаваннем пэўных умоў.

А. акружнасць вакол трохвугольніка.

6. што. Зрабіць рух, перамясціцца па крывой.

А. дугу.

|| незак. апі́сваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. апіса́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і во́піс, -у, м. (да 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

даве́сці¹, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; -вёў, -вяла́, -ло́; -вядзі́; -вёдзены; зак.

1. каго (што) да чаго. Ведучы, даставіць да якога-н. месца.

Д. старога да хаты.

2. што да чаго. Пракласці, правесці да якога-н. месца.

Д. шашу да райцэнтра.

3. што да чаго. Займаючыся якой-н. справай, работай, дасягнуць пэўнай мяжы.

Д. справу да канца.

4. каго-што да чаго. Прывесці ў які-н. стан.

Д. да слёз.

5. што да каго-чаго. Абавязаць да выканання (задання, разнарадкі і пад.).

Д. план да кожнага.

6. што. Падагнаць, прыладзіць адно к аднаму.

Д. аконную раму.

Давесці да ведама (афіц.) — паведаміць, праінфармаваць, перадаць.

Давесці да торбы (разм.) — прывесці да беднасці, да жабрацтва.

|| незак. даво́дзіць, -во́джу, -во́дзіш, -во́дзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паўтары́ць, ‑тару, ‑торыш, ‑торыць; зак., што.

1. Сказаць або зрабіць яшчэ раз тое ж самае. Паўтарыць просьбу. Паўтарыць загад. Паўтарыць паездку. □ — Цётка, чаго вы? — Старая прыціхла.. — Цётка, што з вамі? — паўтарыў .. [начлежнік] пытанне. Брыль. // Перадаць якія‑н. гукі (пра рэха, водгук і пад.). І толькі паўтарылі лозы Перадвясельнай песні гук, Як дзесь аклікнуўся з пагрозай Чырванабровы цецярук. Танк. // Аднавіць яшчэ раз у памяці раней завучанае. Заўтра экзамены, але ўсё, што трэба, Лёдзя і Кіра паўтарылі. Карпаў.

2. Поўнасцю ўзнавіць што‑н. Кожны крок наш легенда паўторыць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перада́ча, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. перадаваць — перадаць (у 1–8 знач.).

2. Тое, што перадаецца па радыё, тэлебачанню. Музычная перадача. □ — Таварышы радыёслухачы! Пачынаем нашу навагоднюю перадачу. Якімовіч.

3. Прадукты харчавання, рэчы, якія перадаюцца каму‑н. (у турму, бальніцу і пад.). Пакуль ішло следства, Анэта пасылала Марціну перадачы: харчаванне, тытунь, бялізну. Чарнышэвіч. Калісьці ў аддзяленні выпіскі яна прымала наведвальнікаў, збірала, адносіла ў палату перадачы. Грамовіч.

4. Спец. Механізм, які перадае рух ад адной часткі машыны, прыстасавання да другой. Шарнірная перадача. Ланцуговая перадача.

•••

Каробка перадач гл. каробка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́казаць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што.

1. Падаць у звязнай і паслядоўнай форме свае думкі, выявіць пачуцці і пад. Выказаць праўду ў вочы. Выказаць згоду. □ Кожны хацеў першы выказаць сваю думку. Карпюк.

2. і з дадан. сказам. Выявіць, выкрыць тое, што павінна было ўтойвацца ад іншых. Ніводнай рысачкай Вера не выказала свайго хвалявання. Мікуліч. // каго. Разм. Выдаць; удаць. Жаўнеры лаюцца апошнімі словамі, пагражаюць бізуном.., каб.. [ляснік] выказаў.. паўстанцаў. Чарот.

3. Перадаць словамі свае адносіны да каго‑, чаго‑н. Выказаць падзяку. Выказаць спачуванне. □ — Я слоў не знаходжу, каб выказаць жаль і вострую горыч [с]траты. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)