зірну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Кінуць позірк; глянуць, паглядзець. Старыя зірнулі адзін на аднаго, паківалі галовамі. Новікаў. Куды ні зірнеш — усюды іскрыстая бель, аж слепіць вочы. Машара. // Заглянуць куды‑н. Зірнуць за вугал. □ Бондар падышоў да акна, зірнуў на двор. Навуменка. // Глянуць, каб даведацца пра што‑н. [Сашка] яшчэ не ведаў, што гэта за шум такі на вуліцы, і выбег зірнуць. Чорны.

2. перан. Аднесціся да каго‑, чаго‑н. якім‑н. чынам, ацаніць як-небудзь. Другая падзея прымусіла.. [Максіма] яшчэ больш сур’ёзна зірнуць на самога сябе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіку́н, ‑а, м.

1. Чалавек з племені, якое знаходзіцца на ступені першабытнай культуры; нецывілізаваны чалавек. // Пра некультурнага, неразвітага, грубага чалавека. — Тупагаловыя дзікуны! Яны не разумеюць, што няма той сілы, якая знішчыла б народ. Шамякін. Я баяўся, што стычынскія хлапчукі зловяць мяне на вуліцы і адлупцуюць. Такія дзікуны могуць! Чарнышэвіч.

2. Разм. Нелюдзімы, дзікаваты чалавек. [Панне] Людміле цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які яшчэ аж дасюль не быў у Завітанках. Колас.

3. Разм. Пра чалавека, які адпачывае ў курортным месцы без пуцёўкі. — Люблю ездзіць адпачываць «дзікуном», — гаварыў.. Аляксей Пятровіч. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрат, ‑а і ‑у, М спраце, м.

Разм.

1. ‑а. Памяшканне, месца для захоўвання чаго‑н.; сховішча. Гаспадар сам выйшаў з хаты, Устрывожыўся ўвесь дом, Абышлі ўсе клеці, спраты.. Каб напасці хоць на след [хлопчыка]. Колас.

2. ‑у. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н.; прыстанішча. [Коласа] цешыла, што гэтае дрэва ўвачавідкі разрасталася і давала надзейны цень у спёку і спрат ад дажджу. Лужанін.

3. ‑а. Патаемнае месца для ўкрыцця чаго‑н.; тайнік. Тым больш, што цяпер.. [Алаізу] туды і моцна цягнула — паглядзець, ці ўсё там у парадку, ці не раскрыты яе спрат. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мэ́та, ‑ы, ДМ мэце, ж.

Тое, да чаго імкнуцца, чаго жадаюць дасягнуць. Мэта ўрока. Дасягнуць мэты. □ Міналі дні, ішлі гады. Ішлі і мы да нашай мэты. Бялевіч. [Свірын:] — Мэта ў нас з вамі адна — спакойна жыць, добра вучыцца і мірна працаваць. Пальчэўскі. // Пэўны намер, пастаўленая задача. Хацелася проста так, без мэты, паблукаць па вуліцы, паглядзець на людзей, на вітрыны, на рух машын. Карпаў. Ішла.. група з ранейшай мэтай — падбіраць для справы людзей у вёсках. Новікаў. // Загадзя намечаны пункт, мяжа. Тым самым тыднем, а можа, наколькі дзён раней, .. стары Нявада падышоў да мэты свайго доўгага падарожжа. Чорны.

•••

З мэтай чаго — для таго каб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наперарэ́з,

1. прысл. Перасякаючы чын‑н. шлях, напрамак руху каго‑, чаго‑н. Славік завыў ад шаленства і не падхапіўся, а папоўз да стрэльбы. Тарас кінуўся наперарэз. Шамякін. // Перасякаючы што‑н. Забегалі вочы ў Тамаша, ён наперарэз цераз пляц хутка пайшоў, каб паглядзець кароў. Гурскі.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперарэз» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, шлях якіх хто‑, што‑н. перасякае. Бегчы наперарэз машыне. □ Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну. Колас. [Клямт] раптам кінуўся ў поле, стараючыся дапасці да кустоў, але заўважыў, што справа наперарэз яму бягуць два байцы. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ство́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Кожная з дзвюх рухомых палавінак дзвярэй, аканіц, варот і пад. Расчыняюцца створкі дзвярэй, з рашучым выглядам заходзіць жонка, на руках у яе ватняе паліто, зімовая шапка. Навуменка. Спадае зашчапка з крука, Мільгае зграбная рука, І пад яе прыгожым рухам Узбоч плывуць дзве створкі духам. Колас. Ганна адчыніла другую створку акна і перагнулася паглядзець на двор. Гартны. / Пра часткі люстэрка, шырмы і пад. // Кожная з дзвюх палавінак ракавіны некаторых беспазваночных. Калі па неасцярожнасці [людзі] траплялі нагамі ў расчыненыя створкі,.. патрывожаны малюск хутка закрываўся. Матрунёнак. // Кожная з палавінак каробачкі некаторых раслін, якая растульваецца пасля паспявання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сюды́, прысл.

У гэты бок, у гэта месца; проціл. туды. Артылерыйская кананада даходзіла сюды [на бераг Пцічы] прыглушаным громам. Чорны. Тры гады таму назад, прыйшоўшы сюды, пагранічнікі абралі месца пад заставу каля гэтай вось хаты. Брыль. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Колас. // Ужываецца ў простай мове пры запрашэнні, загадзе, закліку падысці, падаць, паглядзець і пад. Яшчэ здалёку .. [Толя] прыўзняўся і памахаў рукою: — Дзядуля, хадзіце сюды! Якімовіч. Гэй, сюды, муляры, Маляры, слесары, Цесляры, гантары! Будзе толк! Будзе лад! Бядуля.

•••

(І) туды і сюды гл. туды.

Ні туды ні сюды гл. туды.

То туды, то сюды гл. туды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

займе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Абзавесціся кім‑, чым‑н., набыць каго‑, што‑н. Займець дзяцей. Займець карову. □ Апанас займеў сваю хату і крыху паставіў на ногі гаспадарку. Кавалёў. // Набыць, здабыць. Там жа, на Урале, Сцяпан займеў спецыяльнасць шахцёра. І працаваў не абы-як. Гроднеў.

2. Завесці, устанавіць. — Вось такі займець парадак у калгасе ўсюды можна! Броўка.

3. Адчуць (жаданне, ахвоту і пад.). Іра сама спынілася ля старэнькай форткі, і я зразумеў, што яна займела намер паглядзець маё халасцяцкае жытло. Сабаленка. І па суровай постаці Нялёгка зразумець, Якія словы вострыя І думкі ён займеў. Панчанка.

•••

Займець моду — тое, што і узяць моду (гл. узяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак.

1. з каго-чаго, каму-чаму і без дап. Прыйсці ў здзіўленне, здзівіцца. Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці. Лынькоў. Косця зірнуў у той бок, дзе працавала Марынка, і падзівіўся яе смеласці. Шыцік. — А братка ж ты мой! — ціха падзівіўся нехта. Чорны.

2. на каго-што, з дадан. сказам і без дап. Паглядзець са здзіўленнем, захапленнем або з цікавасцю. Суседзі не раз прыходзілі падзівіцца на такі незвычайны ўраджай. Новікаў. Выйду я на ўзгорак, Стану, падзіўлюся, Песняю зальюся. Трус. Пры беразе тоўпілася нямала народу, былі тут дарослыя і дзеці — ведама, каму не цікава падзівіцца, як рака.. скідвае з сябе ледзяное покрыва. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парашы́ць, ‑рашу, ‑рашыш, ‑рашыць; зак., што, на чым і з інф.

Разм.

1. Прыняць якое‑н. рашэнне, рашыць, вырашыць. Гадзіны праз дзве маці парашыла паглядзець, што робіць яе сын, бо ніякіх гукаў з пакоя не чулася. Арабей. [Домна:] — От, сынок, што мы тут парашылі. Трэба табе падалей адсюль схавацца. Асіпенка. Усё астатняе Стасіка ўжо не цікавіла. Ён не чуў, пра што гаварылі хлопцы далей, на чым яны парашылі. Няхай.

2. Падумаўшы, разважыўшы, прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. — Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, — парашылі хлопцы. Маўр. Але па тым, як страляніна гусцела і набліжалася, .. Пракоп цвёрда парашыў, што немцы адыходзяць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)