развяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Распусціць, расслабіць канцы чаго‑н. звязанага. Развязаць хустку. □ [Стафанковіч] паклаў клунак на другі стол, які стаяў пасярод пакоя. Развязаў рагі прасцірадла, пачаў выцягваць з яго крысо сапраўды добрага футра. Чорны. // Вызваліць ад завязку ўпакоўкі што‑н. завязанае, звязанае. Развязаць мех з бульбай. □ [Яцук] развязаў свой рукзак, вывалак кілаграмовы кавалак сала. Лупсякоў. // Зняць тое, чым былі звязаны хто‑, што‑н., вызваліць ад вяровак і пад. — Мы развязалі арыштаваных, нам трэба было адразу ж рушыць адсюль. Чорны. [Тата] развязаў казлу ножкі і пусціў яго на падлогу. Брыль. Вартавы развязаў палоннаму вочы. Шамякін.

2. перан. Разм. Рашыць, вырашыць што‑н. заблытанае. — Зараз! — адмахнуўся Казік і зноў схіліўся над задачай, якую ніяк не мог развязаць да канца. Шыловіч. — О-о! — жартліва ўсклікнуў Яўген, Рыгоравіч. — Справа тут складаная, прычын сямейная, мне не пад сілу развязаць яе. Хадкевіч.

3. перан. Даць чаму‑н. развіцца, разгарнуцца, праявіцца ў поўнай меры. Развязаць ініцыятыву мас.

4. Разгрузіць ад скаплення транспарту (дарогу), збудаваўшы развязку (у 3 знач.).

•••

Развязаць вайну — пачаць вайну.

Развязаць вочы каму — прасвятліць каго‑н. палітычна, духоўна і пад.

Развязаць рукі каму — даць свабоду дзеянняў, вызваліць ад залежнасці, абмежавання ў чым‑н.

Развязаць язык каму — а) прымусіць разгаварыцца, расказаць сакрэт, тайну. — Каб развязаць табе язык, я дам табе паспытаць вось гэтага, — сказаў афіцэр. Ён узяў ад салдат шомпалы і, скруціўшы іх дротам па тры разам, загадаў старому класціся на снег. Галавач; б) разгаварыцца, пачаць шмат гаварыць (пасля маўчання). Віно развязала язык і Віктару. Асіпенка.

Хоць пуп развяжы — колькі хочаш, уволю (есці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стано́вішча, ‑а, н.

1. Месца знаходжання, размяшчэння каго‑, чаго‑н. у прасторы. Геаграфічнае становішча краіны. □ З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў яму крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо .. [Сяргей Карага] заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас. // Знаходжанне гукаў, складоў і пад. у пэўнай пазіцыі. Галосныя а, о, у, э, ы ў становішчы пасля зычных.

2. Пастава цела або яго частак; поза. [Ленін:] — Вам, таварыш, цяжка ўвесь час стаяць у адным становішчы. Вось табурэтка, сядайце. Мяжэвіч. Парашут трымаўся ў паветры неяк вельмі доўга. І зусім не ў тое патрэбнае месца пачынала [Марыю] зносіць. Што можна зрабіць у такім вісячым становішчы? Кулакоўскі.

3. Абставіны, выкліканыя якімі‑н. умовамі. Перайсці на нелегальнае становішча. □ Алёша павінен быў знайсці выхад з гэтага надзвычай цяжкага становішча. Навуменка. Становішча .. [Машы] было надзвычай крыўднае, абраглівае. Шамякін. // Спец. Умовы, у якія аўтар ставіць герояў для раскрыцця характараў, вобразаў або сюжэта. Аўтар гвалтоўна ставіць .. [людзей] у такое становішча, якое павінна ілюстраваць яго пэўную думку. Кудраўцаў. // Суадносіны сіл пры гульні ў шахматы (або шашкі), абумоўленыя колькасцю і размяшчэннем фігур на дошцы. Нічыйнае становішча.

4. Сукупнасць грамадска-палітычных адносін, абставіны грамадскага жыцця. Эканамічнае становішча працоўных мас. □ XX з’езд партыі даў .. аналіз сучаснага міжнароднага і ўнутранага становішча. «Звязда». Праўда аб становішчы ў краіне пранікла ў вёску праз бальшавіцкіх агітатараў, гарадскіх рабочых і салдат. «Весці».

5. Месца ў грамадстве, роля ў грамадскім жыцці. Сацыяльнае становішча. Службовае становішча. □ На працягу некалькіх соцень год Лейпцыг займае становішча горада сусветных кірмашоў. «Маладосць». // Роля, месца ў сям’і, ва ўстанове, у якой‑н. галіне дзейнасці. [Міхась:] — Яшчэ, брат, далёка да таго, каб запоўніць у спіску графы аб сямейным становішчы. Лынькоў. Усяго тыдзень назад, працуючы энергетыкам,.. [Дзімін] быў у падначалены ў Максіма Сцяпанавіча і цяпер ніяк не мог прывыкнуць да свайго новага становішча. Карпаў.

6. Рэжым, распарадак дзяржаўнага, грамадскага жыцця, устаноўленага ўладай. Ваеннае становішча. □ [Вайскавікі] адразу перайшлі на лагернае становішча. Казлоў. Наша мясцовасць на ваенным становішчы. Жычка.

•••

Казарменнае становішча — пастаяннае знаходжанне ў воінскай часці або на прадпрыемстве людзей, пераведзеных на ваеннае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ць, ламлю, ломіш, ломіць; пр. ламаў, ламала; заг. ламі; незак., каго-што.

1. Згінаючы, удараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго‑н. або раздзяляць што‑н. на часткі; крышыць. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. Капельмайстар узяў з абознай фурманкі паўбулкі хлеба і ламаў яе па кавалку таварышам. Брыль. / у безас. ужыв. Ад ракі далятаў няроўны гул: ламала лёд па парогах. Савіцкі.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць. Ламаць крылы. Ламаць рэбры.

3. Здабываць, разбіваючы, разломваючы якой‑н. прыладай. Ламаць вапняк ломам.

4. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць. Ламаць плот. Ламаць дзверы. // перан. Парушаць, змяняць без патрэбы. Ламаць план. □ [Начальнік:] — Будзеш ведаць, як саставы затрымліваць, графікі ламаць. Нядзведскі.

5. (ужываецца звычайна ў форме інфінітыва або прошлага часу); перан. Разбураць, знішчаць што‑н. аджыўшае, традыцыйнае, прывычнае. Гістарычны прагрэс народных мас ламаў векавыя асновы, разбураючы ўсё тое, што перашкаджала руху наперад. Пшыркоў. Старую тэхналогію нам трэба ламаць неадкладна. «Звязда». // Рэзка, крута змяняць (характар, прывычкі, паводзіны чалавека). [Карызна:] — Трэба ламаць сябе, трэба выкрышваць з сябе гэтыя закамянелыя парасці дробнабуржуазнай псіхікі. Зарэцкі. // Разбураць, змяняць у горшы бок. Ламаць сям’ю. □ [Ляшчэня:] А можа сапраўды не трэба ламаць жыццё, калі кахаеце адзін другога? Губарэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты. Гуло, звінела ў галаве, і рэзкі, тугі боль ламаў паясніцу. Сачанка. / у безас. ужыв. Было так ціха, што ламала скроні. Мележ.

7. Разм. Запрашваць за што‑н. высокую цану. Калі якая баба і вынесе на рынак кухан або піражок.., дык ломіць за яго без .. сораму і сумлення. Мехаў.

•••

Ламаць галаву над чым — біцца над рашэннем якой‑н. задачы, якога‑н. пытання; старацца зразумець што‑н. Доўга трымаў .. [генерал] Сцяпанава на сваім камандным пункце. Ламаў галаву, што зрабіць з гэтым вісусам. Алешка. Ніколі .. [Лене] яшчэ не даводзілася так ламаць галаву над жыццёвымі пытаннямі. Няхай.

Ламаць (разыгрываць) камедыю — прыкідвацца перад кім‑н., крывадушнічаць.

Ламаць коп’і — спрачацца аб чым‑н.; з запалам адстойваць што‑н., змагацца за што‑н.

Ламаць рукі (пальцы) — аб жэсце, якім выражаецца вялікае гора, ўзрушэнне. — Што ж гэта будзе?.. — ламала сабе рукі маладзіца. Нікановіч.

Ламаць хрыбет каму — пераадольваць каго‑н. у барацьбе.

Ламаць шапку перад кім — уніжацца, ліслівіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «да» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, да якіх скіравана дзеянне, рух. Падысці да акна. Плысці да берага. □ Да хаты падымчаўся жарабок, запрэжаны ў маляваныя драбіны. Чорны. Наталька павярнулася да бацькі, азарыла яго светлай усмешкай. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры абазначэнні мяжы, да якой пашыраецца дзеянне, з’ява і пад. Падкасаць штаны да каленяў. Давесці справу да канца. □ Канцы башлыка, якімі хлопец абвязаны ледзь не да носа, запацелі і падмярзаюць на ветры. Брыль. // Ужываецца пры абазначэнні меры, велічыні чаго‑н. Шынель да пят. Вады ў рацэ да пояса.

3. Ужываецца пры абазначэнні мяжы той адлегласці, прасторы, якая аддзяляе адзін пункт ад другога. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры чатыры. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, з’ява і пад. Ад бурнай Віслы да Урала — Чырвоных ведалі ваяк. Чарот. Што ні скажа — Маслам мажа з плеч да лытак. Вось дык крытык! Крапіва.

Часавыя адносіны

4. У спалучэнні з назоўнікам служыць для абазначэння моманту, да якога працягваецца дзеянне, стан і пад. А цяпер, глядзі, зіма якая І якія на шляхах вятры, Што ледзь чутна, як гармонік грае У калгасным клубе да зары. Танк. Да сярэдзіны мая Рыгорава жыццё кацілася новай каляінай. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, з’ява і пад. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы. З вясны да восені — даволі-такі часу. Крапіва.

5. Ужываецца пры абазначэнні падзеі, з’явы, якім папярэднічала пэўнае дзеянне; адпавядае па значэнню словам: перад чым небудзь, раней чаго-небудзь. Выканаць план да ўстаноўленага тэрміну. □ За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, Хутчэй асядлаў баявога каня. Танк.

Колькасныя адносіны

6. У спалучэнні з лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні колькаснай мяжы чаго‑н. Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака. Брыль. // Ужываецца пры ўказанні на магчымасць якой‑н. колькасці, меры; адпавядае па значэнню словам: каля, прыблізна. У аўтобусе змяшчаецца да сямідзесяці пасажыраў. □ Прамінуўшы да дзесяці падвод, .. [Сідар] апамятаўся і спыніўся. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» і другім лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні велічынь, якія абмяжоўваюць што‑н. Дзеці ад трох да пяці год.

Аб’ектныя адносіны

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы і пад., да якіх што‑н. далучаецца, дабаўляецца. Да пяці прыбавілі два. □ Рыгор прыстаў да першага рада і з асаблівым захапленнем убіваў у рыхлую зямлю востры жалязняк. Гартны. / У выразе: да таго ж. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Колас.

8. Ужываецца пры абазначэнні групы або катэгорыі людзей, з’яў, прадметаў і пад., да якіх належыць, адносіцца хто‑, што‑н. Былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга. Колас. [Чарнавус:] Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду вы адносіце сваю знаходку? Крапіва.

9. Ужываецца пры абазначэнні матыву, мэты якога‑н. дзеяння. Імкнуцца да новых поспехаў. Рыхтавацца да экзаменаў. □ Голіцца .. [Ян] штодня, пакідаючы толькі адны вусы, каб паказаць сваім дочкам прыклад ахайнасці і прывучыць іх да парадку. Лынькоў.

10. Ужываецца пасля назоўніка пры абазначэнні асаблівасцей або прызначэння прадмета, з’явы і пад. Пісьмо да запатрабавання. □ Сігнал да працы ўмомант падняў на ногі рабочых. Гартны.

11. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі звязана якое‑н. дзеянне, стан, прымета, якасць. Шапка .. [Крулеўскага] сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Колас. Стары ўжо, відаць, прывык да такіх кампрэсаў і адчуваў сябе больш-менш зручна. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., да якіх праяўляюцца якія‑н. адносіны, пачуцці. Любоў да радзімы. Схільнасць да разважанняў. □ У Віцькавым голасе замілаванне і шчырая любоў да маці. Асіпенка. Слоў не знаходзіў дзед Талаш, каб выказаць усю гэту навалу свайго абурэння і нянавісці да акупантаў. Колас.

12. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, у дачыненні да якіх выяўляецца прыгоднасць, прыдатнасць каго‑, чаго‑н. Галена Прыбыткоўская была і рухавая, і спрытная да ўсяго. Чорны. Яська — майстар на ўсе рукі: Як да сярпа, так і да кнігі. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, да якіх ёсць або адсутнічае патрэба, зацікаўленасць. Прыйшло да ахвоты пагаварыць. Маю да цябе справу. □ Колькі дзён не да рыбы было Сілівону. Лынькоў. Грамадзе было не да смеху над спалоханай кабетай. Бядуля.

13. (у спалучэнні са словамі «падобны», «мець падабенства»). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, з якімі параўноўваецца хто‑, што‑н. За сталом сядзяць Таня і хлопчык год трох, вельмі падобны да самога Лясніцкага. Шамякін. Азірніся, падзівіся — Мірты, лаўры, кіпарысы Не падобны да сябе. Панчанка. Вялікае селішча мела падабенства да сабраных разам хутар[оў] ці да зборных выселак. Чорны.

14. Ужываецца ў загалоўках пры абазначэнні тэмы твора або падзеі, з’явы, з якімі звязан змест твора. Да пытання аб развіцці маністычнага погляду па гісторыю. Да пытання аб правапісе назоўнікаў.

15. Ужываецца пры абазначэнні таго, да чаго заклікаюць, пабуджаюць. Наперад, да новых перамог! □ Рэй вядзе Рыжы. — Да зброі! — ціха камандуе ён. Колас. Жыві ж, красуйся, горад стольны, З руін да славы ўставай! Глебка.

16. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы і пад., да якіх скіравана дзеянне. Прыступіць да работы. Прыслухоўвацца да голасу народных мас. □ Цяпер разгорнем часаў шаты, Бліжэй прыгледзімся да хаты, Да Міхася і да Антося, Як там вялося, як жылося. Колас. Ці ты, мілы, спіш, не чуеш, Што да мяне не гаворыш? З нар. песні. // Ужываецца пры абазначэнні выніку дзеяння. Прыйсці да згоды. Сеавольства да дабра не даводзіць.

17. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, з якімі сутыкаецца хто‑н., змацоўваецца што‑н. Прывязаць каня да плота. Прымацаваць партрэт да сцяны. □ Кавалачак дроту быў моцна прыпаяны да ланцужка. Лынькоў. Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. // Пры паўтораным назоўніку служыць для ўтварэння прыслоўных спалучэнняў, якія абазначаюць, што асобы ці прадметы узаемна сутыкаюцца, судакранаюцца. Хлопцы са страху прытуліліся адзін да аднаго. С. Александровіч. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой. Асіпенка.

Акалічнасныя адносіны

18. Ужываецца пры ўказанні на ступень, якой дасягае дзеянне, стан. Працаваць да поту. Начысціць да бляску. Кранаць да душы. □ Раптам паляцела грузавая машына і, рэзка, ажно да піску, затармазіўшы, спынілася. Броўка. Пах хвоі рабіўся яшчэ больш густым, ядраным, ён цадзіўся ў грудзі, распінаў іх да салодкай стомы. Лынькоў. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для абазначэння найвышэйшай ступені якога‑н. дзеяння, стану. Прамокнуць да ніткі. Стаміцца да смерці. □ Рэзкі сівер падыхае, Да касцей праймае. Крапіва. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для ўказання на паўнату колькаснага ахопу; адпавядае па значэнню словам: усё, цалкам, поўнасцю. Разведаць усё да драбніц. □ Анцыпік са здзіўленнем глядзеў, як Лабановіч узяў поўную шклянку і, не адрываючыся, выпіў да дна. Колас. — Я табе сплачу доўг, Сімон. На будучую восень я разлічуся да капейкі. Самуйлёнак. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры ўказанні на поўны ахоп якіх‑н. прадметаў, якасцей і пад. Зацікавіць усіх — ад малога да старога.

•••

Ад дошкі да дошкі гл. дошка.

Ад слова да слова гл. слова.

Ад часу да часу гл. час.

Давесці да ручкі гл. давесці.

Да пабачэння гл. пабачэнне.

Да пары да часу гл. пара.

Да часу гл. час.

Прыбраць да рук гл. прыбраць.

Што да каго-чаго гл. што.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)