пажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. пажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.
1. Жыць, існаваць нейкі час. Не можа быць, каб.. [Карага] яшчэ не пажыў на свеце. Колас. // Пражыць яшчэ нейкі час. [Стафанковіч] думаў пра тое, што ён многа год пражыў на свеце, што ён стары, што доўга не пажыве. Чорны. Блажэвіч усміхнуўся: — Не шкадуйце мяне і не хавайце загадзя. Я яшчэ пажыву. Шыцік.
2. Прабыць нейкі час дзе‑н., у каго‑н. Пажыць у вёсцы. □ Пасля дэмабілізацыі Сяргей пажыў ва Узлессі мала. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
Вызваліць ад упакоўкі. — Ці не лепш было б усё ж распакаваць .. [прыёмнік] загадзя і .. пусціць у эксплуатацыю на вечары? Якімовіч. // Расклаўшы, выняўшы што‑н. спакаванае, апаражніць (чамадан, сумку і пад.); вызваліць ад упакоўкі. Пакуль Іра сядзела на дзяжы, я распакаваў чамадан і пачаў раздаваць падарункі. Сабаленка. [Вадзім Іванавіч] распакаваў свой рукзак і на здзіўленне ўсім дастаў адтуль не турысцкую амуніцыю, а паходную радыёстанцыю. Шыловіч. Урэшце [зямляк] устаў, распакаваў свой пак, дастаў раманаўскі кажух, зімовую шапку — ды на сябе. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жэст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Рух рукі, галавы, які суправаджае або замяняе чалавечую мову. Сонцаў дапаўняў свой расказ звыклымі жэстамі, бо яўна не верыў у сілу слова. Мележ. // Рух цела або яго частак наогул. Прывычным вокам Варанецкі агледзеў.. [дакументы], прывычным жэстам узяў асадку і падпісаў некалькі паперак. Скрыган. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, стары ўзняў галаву: — А ён што думаў? Брыль.
2. перан. Які‑н. наўмысны, загадзя разлічаны ўчынак. Знайшліся мецэнаты, якія пачалі рабіць апякун[скі]я жэсты, нават .. даходзіла да «салодкіх абяцанак наладзіць паездкі па Еўропе». У. Калеснік.
[Фр. geste.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камбіна́цыя, ‑і, ж.
1. Спалучэнне, злучэнне, узаемна абумоўленае размяшчэнне якіх‑н. прадметаў, з’яў (пераважна аднародных). Камбінацыя лічбаў. Камбінацыя гукаў.
2. перан. Хітрыкі, загадзя абдуманы манеўр для дасягнення карыслівай ці іншай нядобрай мэты. — Трэба было б знайсці чалавека, ды падаслаць да .. [партызан] нібы іх хаўрусніка .. Усім спадабалася такая камбінацыя, і яны сталі падшукваць адпаведнага чалавека. Колас.
3. Рад прыёмаў гульні, аб’яднаных агульнай мэтай — дасягнуць перавагі, перамогі. Шахматная камбінацыя. □ [Валя] лёгка разгадвала Паўлавы камбінацыі і выігрывала адно ачко за другім. Шыцік.
4. Жаночая сарочка, якую надзяваюць непасрэдна пад сукенку і пад.
[Лац. combinatio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пары́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Адбіць (адбіваць) (удар; першапачаткова — у фехтаванні). Можа, фашысты пранюхалі, што нашы збіраюцца наступаць на вышыню 145, дык загадзя агнявым налётам, які толькі што скончыўся, хацелі парыраваць удар. Сабаленка.
2. перан. Абвергнуць (абвяргаць) (чые‑н. довады, нападкі і пад. ў спрэчках). У яго, і толькі ў яго руках самае новае, самае свежае, самае неабвержнае. Гэта будзе такі ўдар, якога ні сам Шэмет, ні хто з яго адвакатаў не здолее парыраваць. Лобан. — Пра што людзі захочуць паслухаць, пра тое і раскажу, — парыравала .. [Ліда] напады бацькі. Шамякін.
[Фр. parer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надбудо́ва, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. надбудаваць.
2. Тое, што надбудавана. Прафесар паказаў рукой на будынак. — У гэтай палове сама станцыя, — сказаў ён, — а злева сушыльнае аддзяленне брыкетнага завода. Надбудова тая — элеватар для фрэзернага торфу, з якога мы робім брыкет. Галавач. // Закрытыя памяшканні на верхняй палубе судна, якія цягнуцца ад аднаго борта да другога. Страла ўпала з вышыні. Але на палубнай надбудова нікога не было. Значыць, яна кімсьці была, загадзя прымацавана і старанна нацэлена. Гамолка.
3. Паняцце гістарычнага матэрыялізму — сукупнасць ідэалагічных адносін, поглядаў і ўстаноў пэўнага грамадства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пільнава́ць, ‑ну́ю, ‑ну́еш, ‑ну́е; незак., каго-што.
1. Наглядаць, назіраць, вартаваць, сцерагчы. Коней папраўдзе не трэба было пасвіць, толькі пільнаваць ад ваўкоў, якіх у Маргах вадзілася шмат. Чарнышэвіч. Пільнуй гаспадаркі, будуць у гаршку скваркі. Прыказка.
2. Падсцерагаць, сачыць. Зноў пільнаваў Глушак, як Апейкавы вочы бегаюць па паперы, загадзя прагнуў уведаць свой лёс. Мележ. [Рыгор:] — Ці ж гэта ты знарок дагэтуль стаяў за плотам ды пільнаваў мяне? Гартны. Аднаго разу чатыры чалавекі па чарзе пільнавалі выдру шэсць тыдняў і не маглі злавіць. Маўр.
•••
Чужую хату пільнаваць — бавіць, траціць час у суседа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
1. Зрабіць, вырабіць што‑н. Прыгатаваць лякарства. Прыгатаваць цэментны раствор. // Зварыўшы або апрацаваўшы якім‑н. чынам, зрабіць годным для спажывання, яды; згатаваць. Прыгатаваць вячэру. □ — Пайшлі! Адпачнеш, паснедаеш, — вось радыскі са смятанай прыгатую. Кулакоўскі. Каву Алесь прыгатаваў духмяную, густую. Шыцік.
2. Прывесці ў стан годнасці для ўжытку; падрыхтаваць. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Колас. [Вэня:] — Прыгатуй мне ў дарогу сані, пакладзі пад салому ачышчаныя тушы. Чорны. // і чаго. Падрыхтаваць загадзя; нарыхтаваць. Трэба было прыгатаваць корму свінням нанач. Колас. [Іван:] — Табе маці мяшэчак прыгатавала — возьмеш з сабою. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызапа́сіць, ‑пашу, ‑пасіш, ‑пасіць; зак., што і чаго.
Зрабіць запас чаго‑н. Я трохі грошай прызапасіў і рашыў не марнаваць часу, а ваяваць за свой праект. Хомчанка. Не, на два тыдні — мала. Харчы трэба прызапасіць не менш як на два месяцы. Гурскі. Ты мне, Кузьма, падкінь які воз саломы, — просіць Птах. — А я табе к зіме трохі газы прызапашу. Навуменка. // Падрыхтаваць, зрабіць што‑н. загадзя. Мы ўжо даўно прызапасілі ёмкія кляновыя дручкі, нарэзалі гладкіх дубовых кацёлак. Якімовіч. — Брускоў і грабільнаў я прызапасіў раней, вунь тырчаць пад застрэшшам. Рылько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уціхамі́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Прымусіць супакоіцца, суняцца. [Васіль:] — Прымай, Янук, гасцей ды ўціхамір свайго барбоса! Зайсці трэба! Шашкоў. // Аслабіць, зменшыць сілу праяўлення чаго‑н. Цяпер яму [Кліму] захацелася ўціхамірыць гэтую злосць на Сідары. Галавач. У выканкоме вырашылі падзяліць [кватэры] загадзя, каб уціхамірыць непакой і хваляванне. Мележ.
2. Сілай супакоіць каго‑н.; задушыць (бунт, паўстанне і пад.). [Гена:] — Няхай пан не хвалюецца, мы ўціхамірым бунтаўшчыкоў. Жычка.
3. Падпарадкаваць сваёй волі; утаймаваць. Тры дні змагаліся геолагі і нафтавікі, каб уціхамірыць стыхію. В. Вольскі. Грознага [быка] ўсё-такі ўціхамірылі і зноў навязалі на ланцуг. Дайліда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)