абыва́цельскі, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які мае адносіны да абывацеля (у 1 знач.).
2. Які мае адносіны да абывацеля (у 2 знач.), характарызуецца адсутнасцю зацікаўленасці да грамадскага жыцця. [Галубовіч:] — А вось Лявонік — у ім я не ўпэўнены. Першае выпрабаванне, першая бура.. адвярнулі яго ад рэвалюцыі, ад народа, ён будзе шукаць у далейшым спакою і абывацельскага прытулку. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адамкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Адчыніцца; стаць незамкнутым. Замок адамкнуўся. Дзверы адамкнуліся.
2. Адчыніць памяшканне, у якім знаходзішся; зрабіць свабодным уваход да сябе. Дзікі, прарэзлівы голас, поўны роспачы, выгукваў: — Адчыні! Адамкніся! Колас.
3. перан. Стаць даступным, магчымым для каго‑н. Спяць дзяды — ім былое абрыўкамі сніцца: адамкнуўся для іх зачараваны сад. Дудар.
•••
Рай адамкнуўся каму гл. рай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
імправіза́цыя, ‑і, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. імправізаваць.
2. Імправізаваны твор, прадмет і пад. Тадорык, прысеўшы каля адчыненага акна, іграў на скрыпцы нейкія музычныя імправізацыі, цалкам аддаючыся ім. Колас. Размясціўшыся як дзе хто мог — на зэдліку, на перакуленым чамадане, на зложаным слупку кніг, — мы весела выпілі.. Галавачова жонка Ніна ўсё толькі прасіла прабачыць за такую імправізацыю. Скрыган.
[Іт. improvvisazione.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каду́к, ‑а, м.
Разм. Чорт, д’ябал. — А чаму ты не будзеш там? Куды цябе кадук схапіць пад той час. Машара.
•••
Кадук з ім (з ёй, з імі, з табой, з вамі) — хай сабе будзе і так, нічога дрэннага тут няма (быць не можа).
Кадук яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — нічога невядома (пра каго‑, што‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калашма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; незак., каго-што.
Разм.
1. Шматаць, кудлачыць, тармасіць. [Шолам Кац] доўга разгладжваў, калашмаціў клінок барады, быццам шукаючы ў ім прыдатнага слова. Сабаленка. // Моцна тузаць, цягаць, стараючыся разадраць, пашматаць. Усхапіўшыся, [Вайцех] сеў і аслупянеў адразу: недалёка, якраз насупраць яго, ля бярэзніку, дзесяткі два дзікоў калашмацілі мэдлікі пшаніцы, як толькі маглі. Пташнікаў.
2. Біць, калаціць. — Калашмаціць будзем гэтых паноў. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зага́та, ‑ы, М ‑гаце, ж.
Абл. Гаць, запруда. Радасна білася сэрца ад таго, што знайшоўся зусім магчымы ратунак. Раскапаць у многіх месцах раўчук уздоўж участка, зрабіць на ім загаты... Сабраную такім чынам ваду пусціць .. на лянок. Кулакоўскі. Вялікія, моцныя зубы бабра.. заядла і ўпарта скобляць альховы камель, пакуль не ляжа на ваду яшчэ адна зялёная загата. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здарэ́нне, ‑я, н.
1. Тое, што здарылася; падзея, выпадак (звычайна нечаканыя, непрадугледжаныя). Цікавае здарэнне. Здарэнне ў лесе. □ У жыцці чалавека бывае адзін такі выпадак, адно здарэнне, якое магчыма цягнецца ўсяго некалькі хвілін, але помніш аб ім усё жыццё. Шамякін.
2. Спрыяльны збег акалічнасцей, зручны момант. І калі бацька каго стрэне, Не прапускае ўжо здарэння Спытаць, праведаць аб зямельцы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бра́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Станавіцца пабрацімамі.
2. Праяўляць братнія пачуцці; уступаць у цесныя сяброўскія адносіны. Ад.. [Віктара] крыху патыхала бензінам. На перапынках [вучні] з ім не надта стараліся братацца, аднак не папракалі, бо ведалі, што калі.. бацька трактарыст, то хто.. вытрымае, каб не падысці да трактара. Кулакоўскі. // Спыняць ваенныя дзеянні, барацьбу і пад., заяўляючы аб узаемных братніх пачуццях, салідарнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бруі́цца, бруіцца; незак.
Цячы, пераліваючыся (пра ручай, крыніцу і пад.). Там фантан, як вадаспад, Не сціхаючы бруіцца. А. Александровіч. // перан. Разыходзіцца струменямі, хвалямі (пра паветра, святло, пах і пад.). І Лагода адчуў, што цяпло, якое бруілася з.. [Дашыных] вачэй, адразу пранікла ў самае яго сэрца, моцна завалодала ім. Васілевіч. Каласістыя мірныя палі, якія бруіліся пад ветрам, уціхамірвалі душу. Шарахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лазі́на, ‑ы і лазіна́, ‑ы́, ж.
Сцябло або галінка лазовага куста. З гушчару вылез стары гадоў сямідзесяці, узброены адным сцізорыкам ды зрэзанай лазінай. Шамякін. // Абл. Лазовы куст. Варановіч сеў на травяністую броўку пад разгалістай лазінай, апусціўся за ім і Шалюта. Дуброўскі. // Лазовы дубец. Наганяць каня лазінай. Пугаўё з лазіны. □ [Ціток] згамтаў .. [паддзёўку] у камяк, перавязаў кручанай лазіной і панёс. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)