страхо́ўка, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. страхаваць (у 1, 2 знач.).
2. Страхавая кампенсацыя. Да Шаманскага .. [Шаблонскі] паставіўся вельмі па-сяброўску. — Лён ты заары, Павел Паўлавіч, хоць страхоўку атрымаеш. Дуброўскі.
3. Разм. Страхавы плацеж, узнос. На самым днечку скрыначкі ляжалі даваенныя акладныя лісты і квітанцыі на аплату страхоўкі. Пальчэўскі.
4. перан. Сродак засцярогі ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. [Капітан:] — Для страхоўкі дзіця прыхапілі, каб больш верагоднай была версія. А што, калі мы не паверым у вашу версію. Сабаленка. Нават Андрэй, маўклівы канспіратар, не стрываў — пекануў дыскутанта адпаведным настрою матам, дадаўшы ў канцы, для страхоўкі, па-нямецку. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бе́днасць, ‑і, ж.
1. Адсутнасць або недастатковасць неабходных сродкаў для існавання; нястача. [Сіўцоў:] — Адышлі ў нябыт адвечная беднасць і галеча палешука, яго славуты «каўтун», яго бездапаможнасць у барацьбе з суровай прыродай. Краўчанка. Беднасць і малазямелле змушалі клінкоўцаў шукаць заработку на старане або каля дому, калі яны трапляліся. Колас.
2. Мізэрнасць, недастатковасць чаго‑н. Беднасць ідэалаў. Беднасць фантазіі.
3. Убоства, непрыгляднасць. Беднасць класнай абстаноўкі не расчаравала Любу. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гавары́цца, ‑варыцца; незак.
1. Выказвацца, расказвацца, паведамляцца. І тое, што далей гаварылася, ужо лёгка прасейвалася праз .. [Сашкаву] галаву. Чорны. // Вымаўляцца, выгаворвацца. Кожнае слова гаварылася шэптам. □ — Разумець трэба, для чаго якое слова гаворыцца... Лынькоў.
2. безас. Аб наяўнасці жадання, настрою гаварыць. [Астаповіч і Блецька] увайшлі, і Блецька моўчкі сеў. Нешта яму не гаварылася. Чорны.
3. Зал. да гаварыць (у 2 знач.).
•••
Як гаворыцца (у знач. пабочн.) — як прынята гаварыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вух, выкл.
1. Выказвае пачуццё здзіўлення, захаплення і пад. перад сілай, велічынёй, незвычайнасцю чаго‑н. — Метраў, напэўна, сто! — Ды, глядзі, усе трыста... — Бух ты! Ніводнага дрэва такога няма. От бы пабачыць! Ракітны.
2. Ужываецца як гукаперайманне для перадачы моцнага і глухога гуку ад удару, выстралу і пад. У тым баку былі пачуліся выбухі, як таўклі ўсё роўна дзе ў ступе: вух-вух, вух-вух... Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адшчапі́цца, ‑шчэпіцца; зак.
1. Адкалоцца, аддзяліцца. Трэска лёгка адшчапілася.
2. перан. Адысці, адступіцца ад каго‑, чаго‑н. [Пракоп].. чужы для ўсіх, лішні. Адшчапіўся ад грамады, ад сям’і, як пень тырчыць на іх дарозе. Колас. Перад.. [Кавалёвай] сядзеў Іван Лазоўскі і пераконваў, што з дачкою Лідай жыць не можа, раздзяліліся, а адшчапіцца няма куды. Дуброўскі.
3. Адкрыцца (пра кручок, зашчапку).
4. Адшпіліцца (пра што‑н. прышпіленае, зашпіленае). Адшчапіўся значок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акрапі́ць, акраплю, акропіш, акропіць; зак., каго-што.
Апырскаць, накрыць кроплямі чаго‑н. Акрапіць вадою. Акрапіць расою. □ Відаць, я пад сонцам цыганскім радзіўся, Ці, мо, акрапілі бягучыя воды, Што ўсе адпачынкі... Ў жыцці размяняў на вандроўкі, паходы. Танк. // Разм. Выпіўшы віна, адзначыць што‑н. Для завяршэння ладнай справы Хадыка выняў штось з-пад лавы, І ставіць ён на стол.. бутэльку. Каб акрапіць сваю зямельку. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абярэ́мак, ‑мка, м.
1. Такая колькасць чаго‑н., якую можна ўзяць, панесці, абхапіўшы рукамі; бярэмя, ахапак. Бацька штовосень сюды прывозіў з лугу бахматыя вазы зялёнага, духмянага мурагу.., а ўжо мы з дзедам ладавалі, парадкавалі — цягалі віламі і абярэмкамі сена на вышкі. Сачанка.
2. Становішча рук, калі чалавек нясе што‑н. у ахапку. Рыта вярнулася з суседняга пакоя, несучы ў абярэмку пасцель для Пратасевіча. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агля́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. агледзець (у 1 знач.).
2. Абследаванне якога‑н. аб’екта для выяўлення або праверкі яго стану. Тэхнічны агляд. Медыцынскі агляд.
3. Афіцыйнае інспектаванне войск камандаваннем на парадзе.
4. Грамадская праверка, наказ чаго‑н. Рэспубліканскі агляд мастацкай самадзейнасці.
5. Кароткае паведамленне пра з’явы, падзеі, факты, якім‑н. чынам звязаныя паміж сабою. Міжнародны агляд. Агляд творчасці пісьменніка. Агляд газет.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заразі́ць, ‑ражу, ‑разіш, ‑разіць; зак., каго-што.
1. Перадаць заразу каму‑, чаму‑н. Заразіць ангінай. // Напоўніць чым‑н., шкодным для жывога арганізма. Заразіць калодзеж. Заразіць паветра міязмамі.
2. перан. Перадаць каму‑н. сваё пачуццё, схільнасць да чаго‑н. Заразіць любоўю да музыкі. □ Сваім новым жаданнем Лясніцкі заразіў і Славіна. Зарэцкі. // Перадаючыся, распаўсюджваючыся, як зараза, ахапіць каго‑н. Глухнуць нават трубкі тэлефона. Заразіў футбол усіх, як грып. Макаль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кашо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Плецены выраб з лучыны, лазы і пад. для захоўвання і пераноскі чаго‑н. Сплесці кашолку. Накапаць кашолку бульбы. Збіраць грыбы ў кашолку. □ Пад акном, відаць з базару, прайшла з кашолкай Альбіна Сільвестраўна. Ракітны. Федзя, абняўшы левай рукою вялікі букет кветак і трымаючы ў правай добра наладаваную малдаўскую кашолку з чароту, кіраваўся да сваёй машыны. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)