разрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Рэжучы, раздзяліць на часткі, кавалкі. Як дарослы, [хлапчук] узяў з паліцы, з-за занавеска, бохан хлеба, разрэзаў вялікім нажом напалам, палавіну аддаў Шуру... Навуменка. У хаце Аня ўзяла са стала нож, разрэзала вузел і, прысеўшы на ўслон, пачала спрытна разгортваць зляжалую істужку бінту. Мележ. // Рэжучы, раздзяліць (старонкі кнігі, часопіса і пад.). Разрэзаць часопіс. // перан. Рассекчы (паверхню вады, паветра і пад.). Разрэзаць плынь ракі. □ Канчук .. са свістам разрэзаў паветра. Мурашка.

2. Падзяліць, расчляніць што‑н. на часткі. Франкісты стараліся авалодаць гэтай дарогай, каб разрэзаць рэспубліканскія часці. Кухараў.

3. Зрабіць надрэз на чым‑н. Разрэзаць нарыў. // Пашкодзіць чым‑н. вострым; парэзаць. Аб цвік, якім жалеза было прыбіта к тронку, [Сашка Стафанковіч] разрэзаў палец. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. раскіс, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пад дзеяннем вільгаці, вады ператварыцца ў вязкае месіва. Зямля ў стэпе адразу раскісла, набіралася цэлымі пудамі на боты. Даніленка. // Набраўшыся вільгаці, размокнуць, разбухнуць. Боты раскіслі, зняць іх было цэлае мучэнне. Карпюк.

2. перан. Расслабіцца, разамлець (ад гарачыні, выпіўкі і пад.). [Незнаёмец] адразу ж раскіс ад яды і цяпла, паваліўся спаць. Асіпенка. // Страціць волю, здольнасць дзейнічаць. — Ты прабач, але ты — баязлівец і панікёр! Пакрытыкавалі — і ты раскіс. Шамякін. Першая нягода — і раскіслі. Ніякая загартоўка не памагае... Навуменка. // Паддацца залішняй чуллівасці. Калі выйшаў Гаварушка, Зіначка нават заплакала, а Захарава з аддзела кадраў праборку ёй давала: — Раскісла! Перараджэнца гэтага шкада стала? Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыкме́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які цяжка заўважыць, прыкмеціць. Ішлі [хлопцы] вузкай, амаль непрыкметнай сцежкай. Шашкоў. Мне да болю жыццё падабаецца — Я нідзе ў ім не бачу драбніц: Мора бурнай вады сабіраецца З рэк, якія з крыніц пачынаюцца, З непрыкметных маленькіх крыніц. Непачаловіч. // Які не кідаецца ў вочы. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметпая сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч. Добрая палова поспехаў атрада грунтавалася на .. непрыкметнай падрыхтоўчай рабоце [сувязных]. Брыль. // Які ледзь адчуваецца, нязначны, невялікі. Непрыкметныя змены.

2. Які не вылучаецца сярод іншых; нявідны. Старастам быў пастаўлены ўпарты аднаасобнік Ларывон Бугай, вельмі маўклівы і непрыкметны чалавек. Шамякін. — Ціхі быў чалавек [Нічыпар], спакойны і ўжо, мабыць, залішне непрыкметны. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

1. Прынесці, прыцягнуць за некалькі прыёмаў у якой‑н. колькасці; нанасіць, назапасіць. Хату .. [Антось] уцяпліў, зрабіўшы прызбу да самых вокнаў, на столь нацягаў кастрыцы і пяску. Чарнышэвіч. Нявесткі скардзіліся: пакуль нацягаеш вады [у лазню] — рукі адвальваюцца. Караткевіч. Лявону стала прыкра на сябе, што ніколі ў яго не хапае часу, каб, як людзі, нацягаць дроў на зіму, нарэзаць, насекчы. Кудравец. // Выцягнуць адкуль‑н. у якой‑н. колькасці; налавіць. [Ёсіп:] — Чуеш, давай заўтра на рыбу падскочым. Палонкі прасекшы, пуды па тры нацягаць можна. Дуброўскі.

2. Разм. Украсці за некалькі прыёмаў у якой‑н. колькасці. [Гаспадыня], разгубленая, стаяла сярод хаты і не рада была свайму дабру, што нацягала са складаў. Няхай.

3. Разм. Пакараць, цягаючы за вушы, валасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачака́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак.

1. каго-што, чаго і без дап. Чакаць некаторы час. Пачакаць добрага надвор’я. □ Акрамя дзяцей на вуліцы нікога не было, але раптам у канцы яе паказаўся чалавек. Лявон вырашыў пачакаць яго. Чорны. [Толя] пачакаў яшчэ адзін дзень. Але і на трэці, і на чацвёрты дзень дзед не вярнуўся. Якімовіч. [Валодзя] рукой выканаў ямку, пачакаў, пакуль насачылася вады. Хомчанка.

2. з інф., з чым і без дап. Не пачынаць дзейнічаць; памарудзіць. [Андрэй:] — Ці не папярэдзіць нам хлопцаў? [Максім:] — З гэтым яшчэ пачакаем. Машара. — Пачакай злавацца, — перапыніў .. [Пракопа] Аляксееў. Карпаў. — Пачакайце, дзяўчаты, будзем па парадку гаварыць. Асіпенка.

3. заг. пачака́й(це)! у знач. выкл. Ужываецца як перасцярога, пагроза. — Ну, пачакай! — патрос Васіль .. кулаком у той бок, куды пайшоў ляснік. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаі́ць, стаю, стоіш, стоіць; зак., каго-што.

1. Утаіць, зрабіць невядомым, нябачным для іншых. У апошнюю .. кампанію, калі складалі спісы зямлі і жывёлы, Ключынскі запісаў васемнаццаць дзесяцін зямлі, а дзевяць дзесяцін стаіў. Галавач. [Вера:] — Не, я стаіла, што я архітэктар. Навошта? Каму і гэта патрэбна ў такі час? Мікуліч.

2. Не выказаць, не даць магчымасці заўважыць іншым (думкі, пачуцці і пад.). Глушко анямеў. Але ўзрушанасць стаіў, сеў за стол, зняў шапку. Навуменка. — Маня! — крыкнуў .. [Тамаш], стараючыся стаіць хваляванне. — Прынясі кубак вады. Краўчанка.

3. перан. Захаваць, зберагчы ў таямніцы (пра тое, што знешне не прыкметнае або яшчэ не вядомае). Яго [Капыля] старыя курганы Мо’ не адну стаілі быль. Астрэйка.

•••

Стаіць дыханне — перастаць дыхаць (ад напружання, пры чаканні і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трава́, ‑ы; мн. травы, траў; ж.

Расліна з аднагадовымі зялёнымі неадзеравянелымі парасткамі і сцяблом. Сонца яшчэ не схавалася, але раса ўжо густа пакрапіла апавітую тонкай густой сеткай з павуціння высокую траву. Мурашка. Яшчэ над Нёманам Лугі не скошаны, Яшчэ над Нёманам Трава, як шоўк. Шымук. // Зялёнае покрыва зямлі з такіх раслін. Зямля была пакрыта высокімі духмянымі і сакавітымі травамі. В. Вольскі. Сёмка .. падышоў да Петруся і прылёг побач з ім на траву. Брыль.

•••

Трава травой — пра нясмачную яду.

Травой зарасці — тое, што і зарасці (парасці) быллём (гл. зарасці).

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Хоць трава не расці — пра зусім абыякавыя адносіны каго‑н. да чаго‑н.

Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тынк, ‑у, м.

Аддзелачны раствор з сумесі вяжучых рэчываў (вапны, цэменту, гліны, пяску, вады і пад.), які наносяць на паверхню будынкаў, унутраных сцен памяшканняў і пад. Пытаюся ў будаўнікоў: — Мо’ прымеце ўжо навасёлаў? — Рыхтуем пірагі для вас, А вы не падаяце вестак, — Дзяўчына кажа мне ў адказ І тынк замешвае, як цеста. Аўрамчык. // Цвёрды слой такога раствору на паверхні будынкаў, на ўнутраных сценах. Тынк у розных мясцінах быў абабіты, з-пад яго свяціліся пераплёты дранак, прыбітых да сцен. Колас. Тынк на сценах даўно ўжо змылі дажджы, і дом пачарнеў. Чорны. Падлога страсянулася, са столі і сцен пасыпаўся тынк. Мележ.

•••

Сухі тынк — будаўнічы матэрыял у выглядзе вялікіх тонкіх лістоў, які выкарыстоўваецца замест раствораў для аддзелкі памяшкання з сярэдзіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́ха,

1. Прысл. да ціхі.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць цішыні дзе‑н., ціхае надвор’е. Было ціха і цёпла. Здавалася, яшчэ дзень-другі — і ў ліловых алешніках зацёхкаюць галасістыя салаўі. Ігнаценка.

3. безас. у знач. вык. Пра спакойнае, мірнае жыццё. Гора ў прорву нябыту сплыло. Шчасце зведалі дзеці. Толькі б ціха на свеце было, Толькі б ціха на свеце... Гілевіч. // Пра адсутнасць спрэчак, сутыкненняў паміж кім‑н. [Жанчына:] — Маўчыць [Пятро], як вады ў рот набраўшы. Кажа: «Абы ў хаце ціха было». Пальчэўскі. // перан. Пра душэўны спакой, уціхаміранне. На душы было ціха.

4. у знач. вык. Ужываецца як загад не шумець, замаўчаць. — Ціха-а, — шапнуў Косцік, — гэта вавёрка. Брыль. — Ціха, хлопцы! Памаўчыце хоць адну хвіліну. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Талакно́ ’мука з ачышчанага пражанага аўса; страва з такой мукі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Серб. Вічын, Шат., Бяльк., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ’страва з аўса’ (Жд. 3), ’кісель з аўсянай мукі’ (полац., ЛА, 4), ’зацірка з цёртага канаплянага семені’ (Мат. Гом.), ’страва, прыгатавала з грэцкай мукі і кіслага малака’ (лях., Сл. ПЗБ), талакно́, толокно́ ’страва з аўсянай мукі або патоўчанага канаплянага семені’ (Лекс. Бел. Палесся), толокно́ ’страва з аўсянай мукі’ (ТС). Параўн. укр. толокно́ ’мука з падсушанага аўса, тоўчаных сухароў’, рус. толокно́ ’тоўчаная аўсяная мука, каша з гэтай мукі’, польск. tłokno ’ежа з аўсянай мукі, гарачай вады і малака’. Паводле Сноя (гл. Бязлай, 4, 187), сюды ж славен. *tlakno ’нейкая мучная ежа’, рэканструяванае на падставе запазычання ў ням. бавар. Talken ’аўсяныя крупы’, што да *tolkъno, з якога праз усходнеславянскія мовы было запазычана фін. talkkuna ’аўсяная каша’ (Фасмер, 4, 73). Звязана з таўчы (гл.), паколькі рэдкая словаўтваральная мадэль з суф. ‑ъno (параўн. сукно, валакно і пад.) характэрна для старых назваў вынікаў дзеяння, выражаных зыходным дзеясловам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)