шпаклява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.

Замазваць спецыяльным саставам шчыліны і няроўнасці на якой‑н. паверхні, падрыхтоўваючы яе для наступнай апрацоўкі (паліроўкі, фарбавання і пад.). У сярэдзіне школы яшчэ стукалі сантэхмантажнікі, маляры шпаклявалі дзверы. Грахоўскі. Пакуль дзед шпаклюе дно лодкі, я пераціраю трайнікі і гляджу на возера, залітае водбліскам вячэрняй зары. Шашкоў.

[Ад ням. spachteln.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экзамена́тар, ‑а, м.

Той, хто прымае экзамен, ацэньвае веды тых, хто яго здае. Асабліва радавала яго [Лабановіча] тая акалічнасць, што экзаменатарам назначаўся не інспектар народных вучылішч, сухі і бяздушны чынуша, а выкладчык, які ў свой час быў таксама настаўнікам пачатковай школы. Колас. Вазьміце білецік, — ледзь кіўнуў галавой строгі, з рудой бародкай экзаменатар. Аношкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падшэ́фны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад чыім‑н. шэфствам. Зося.. пасля заняткаў пісала з вучнямі калектыўныя пісьмы на фронт, збірала падарункі для франтавікоў, .. наведвала з дзецьмі падшэфны шпіталь. Карпаў. / у знач. наз. падшэ́фны, ‑ага, м., падшэ́фная, ‑ай, ж. Ідучы са школы, Толя спытаўся ў свайго падшэфнага: — Дзе будзем займацца — у вас ці ў нас? Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастарэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пастарэў, састарэў. У Дашынай хаце .. [Пятра] ніхто не пазнаў. Даведаўшыся, хто ён такі, пастарэлая гаспадыня, вохкаючы і божкаючы, замітусілася па хаце, пачала збіраць пачастунак. Ракітны. Жвіровая ўезджаная дарожка неўзабаве вывела на падворак школы — наперадзе высіўся пышны, у два паверхі, але ўжо пастарэлы і запушчаны, з трэснутай па фасадзе сцяною старасвецкі палац. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́быць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; заг. выбудзь; зак.

1. Выйсці са складу чаго‑н.; пакінуць службу, заняткі і пад. Выбыць з піянерскай арганізацыі па ўзросту. Выбыць са школы.

2. Разм. Прабыць, правесці нейкі час дзе‑н. [Магдалена] намервалася быць тут тры тыдні, а ледзьве выбыла тыдзень. Чорны.

•••

Выбыць са строю — па якой‑н. прычыне стаць непрыгодным для выканання якіх‑н. абавязкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абяззбро́іць, ‑зброю, ‑зброіш, ‑зброіць; зак., каго-што.

1. Адабраць зброю, зрабіць бяззбройным. Арыштаваныя зрабілі смелы налёт на канвой, абяззброілі яго. Лынькоў.

2. перан. Сваімі паводзінамі, учынкамі пазбавіць мажлівасці і жадання пярэчыць, рабіць насуперак. — Я — камуніст і дырэктар школы, — знешне спакойна адказаў Лемяшэвіч, і гэтая спакойнасць яго абяззброіла сакратара, які звычайна ўмеў знайсці выхад з любога, самага цяжкага, становішча. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́ўтрашні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да дня, наступнага за сягонняшнім; які будзе або адбудзецца заўтра. Заўтрашні дзень. Заўтрашняе чысло. Падрыхтавацца да заўтрашніх заняткаў. // перан. Які мае адносіны да недалёкага будучага. Заўтрашнія выпускнікі школы. / у знач. наз. за́ўтрашняе, ‑яга, н. — Заўтра заўтрашняе і будзе, Сашка, — сказаў прымірэнча Максім. Машара.

•••

Заглянуць у заўтрашні дзень гл. заглянуць.

Заўтрашні дзень гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зняве́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад знявечыць.

2. у знач. прым. Пакалечаны, абязвечаны. — У бальніцы стала больш знявечаных людзей. Новікаў. Жаночае сэрца робіцца вялікае, як свет, калі яно чуе боль знявечанага дзіцяці. Чорны. // Які атрымаў значныя пашкоджанні, прыведзены ў нягоднасць (пра рэчы, прадметы). Апустошаны і знявечаны будынак школы з вокнамі, забітымі накрыж дошкамі, стаяў, як сірата. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

персана́л, ‑у, м.

Асабовы склад супрацоўніку якой‑н. установы, прадпрыемства. Персанал лабараторыі. □ Шпітальны персанаж ледзь спраўляўся са сваімі абавязкамі. Дудо. // Група работнікаў установы, прадпрыемства, якія аб’ядноўваюцца па прафесійных або іншых адзнаках. Педагагічны персанал школы. Абслуговы персанал. Жаночы персанал установы. □ У бальніцы было зусім ціха, ні гуку, ні голасу. Здавалася, усе паснулі, і хворыя, і медыцынскі персанал. Арабей.

[Ад лац. personalis — асабовы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабі́на, ‑ы, ж.

1. Дрэва сямейства ружакветных, на якім гронкамі растуць аранжава-чырвоныя ягады. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.

2. часцей мн. (рабі́ны, ‑ін). Ягады гэтага дрэва. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі, і над намі спелі рабіны. Чорны.

•••

Чарнаплодная рабіна — куст сямейства ружакветных, які дае плады ў выглядзе вялікіх чорных ягад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)