хто́сьці, кагосьці, камусьці, кагосьці, кімсьці, аб кімсьці, займ. неазначальны.

1. Невядома які чалавек; нехта. Вечарам, калі Аня, падаіўшы карову, выходзіла з хлява, яе хтосьці ціха гукнуў з цемры. Мележ. На дарозе глухой Палявой Ён [хлопчык] убачыў з сястрой Кімсьці кінуты воз. Куляшоў. // Адзін з прысутных (не ўказваючы хто). — Вады! — крыкнуў хтосьці з гурту дзяцей. Якімовіч. Хтосьці з хлопцаў ступіў крок наперад і гучна спытаў: — А што тут будзе? Шыловіч.

2. Які‑н. чалавек, усё роўна хто. Толькі часамі ім апаноўвала ажыўленне, у .. [Міхала] з’яўлялася патрэба штосьці камусьці расказваць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сціх1 ’супакой, цішыня’ (Барад., Юрч. Вытв.), ’спакой, канец’ (Сцяц. Сл.), стіх ’кароткі адрэзак часу’; у значэнні прысл. стіха́мічасамі’: стіхамі мніе голова боліт (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стих, стиг ’міг’, ’хвілінка, момант’, стих ’урок’ (Шымк. Сл.), рус. стих ’дзіўны стан, блазенства, нечаканы ўчынак’ у выразе стих нашёл, славац. stih ’вольны час, вольная хвіліна’. Няясна з-за разнастайнасці значэнняў. Хутчэй за ўсё, дэвербатыў ад сціхаць (гл.), падобна да міг ад мігаць; развіццё значэння ад ’раптоўная ціша’ да ’нечаканасць’ і ’момант’. У ЕСУМ (5, 414) дапускаюць сувязь з укр. сти́гнути (гл. засцігнуць); вывядзенне слова Зубатым (Studie, 163) з балцкіх моў лічыцца менш верагодным. Праабражэнскі (2, 387) выводзіць рускі выраз са стих ’палоска пры пляценні, радок лыка пры пляценні лапцей’, што, на думку Вінаградава (Этимология–1968, 167), сумніўна; не менш сумніўнай бачыцца і яго прапанова звязаць з грэч. στίχος ’радок у вершы’ (гл. сціх2) праз стадыю ’замова’. Сюды ж, відаць, і сціш ’цішыня’ (Ласт.).

Сціх2 ’верш’ (Сл. ПЗБ), сцішо́к ’вершык’ (Бяльк.). Запазычана з рус. стих, стішо́к ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзеся́так, ‑тка, м.

1. Адзінка падліку, роўная дзесяці (пра аднолькавыя прадметы). Дзесятак яец. □ Пад Рагачовам у іх палку засталося не больш трэці байцоў і каля дзесятка танкаў. Мележ. // Дзесяць год узросту. Яму пайшоў шосты дзесятак.

2. толькі мн. (дзеся́ткі, ‑аў). Назва другой ад канца лічбы мнагазначнага ліку. Клас адзінак, дзесяткаў, соцень.

3. толькі мн. (дзеся́ткі, ‑аў). Пра вялікую колькасць чаго‑н. Таццяна заўважыла, што з кожнага двара праз шчыліны за .. [Лясніцкім] сочаць дзесяткі пар вачэй. Шамякін. Часамі адзін чалавек даражэй за цэлыя дзесяткі людзей. Колас.

•••

Не з баязлівага (пужлівага) дзесятка — пра смелага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́трыка 1, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

1. Раздзел тэорыі літаратуры, які вывучае вершаскладанне і намер верша. // Сукупнасць памераў верша. Інверсія, якой карыстаўся вопытны паэт-перакладчык, дапамагла яму перадаць і сэнс і метрыку шаўчэнкаўскага верша. Палітыка. Хоць у Багушэвіча і сустракаюцца часамі нягладкія, неадшліфаваныя вершы, хоць яго некаторыя вершы збіваюцца на сілабічную метрыку, усё ж па паэтычнаму майстэрству ніхто з беларускіх паэтаў XIX ст. не можа зраўняцца з Багушэвічам. Івашын.

2. Вучэнне аб метры ​2 (у 2 знач.).

[Грэч. metrikē.]

ме́трыка 2, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

Выпіска з метрычнай кнігі аб даце нараджэння; пасведчанне аб нараджэнні.

[Лац. matricula.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нішчы́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Не прыпраўлены скаромным, без скаромнага; посны. Мы атрымлівалі толькі агульную норму хлеба і два разы на дзень у сталоўцы нішчымны .. крупнік. Сяргейчык. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. А меншы наварыў капусты, ды і то нішчымнай. Якімовіч.

2. Без нічога, без якіх‑н. дабавак. [Хана] такая худая, што мне робіцца шкада яе, і я аддаю ёй усе грушы, а на перапынку елі нішчымны хлеб. Каліна. // Пусты. Часамі ў гумно ўрываўся лёгкі ветрык, паварушваючы звіслыя са страхі нішчымныя каласкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. каго. Расстраляць, забіць усіх, многіх. Коннікі пачалі страляць, маючы адзін намер пастраляць арыштаваных, якія не ведалі, што гэта робіцца, і, ашаломленыя, стаялі. Чорны. Праз які тыдзень у вёсцы не мяўкаў ні адзін кот, не гаўкаў ні адзін сабака — усіх іх пастраляў Пэпік. Сачанка.

2. Страляць некаторы час. Часамі хадзіў Лабановіч у лес, каб пастраляць у цэль з гэтага рэвальверчыка. Колас. Да балота падбегла некалькі эсэсаўцаў.. Пастралялі, пастралялі, колькі лічылі патрэбным, павярнулі назад. Шамякін.

3. што. Расходаваць пры стрэльбе. — Вінтоўка ў нас была, толькі без патронаў. Пастралялі здуру.. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спява́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спецца.

2. Выконвацца, узнаўляцца голасам. [Ладымер:] — Вы [маладое пакаленне], думаеце, на тое гэта калыханка спявалася, каб дзіця заснула? Чорны. // Гучаць. У галаве песня спяваецца, а на язык не ідзе. Якімовіч. // Быць зместам песні, песень. Аленка ведала, што часамі хлопцы і дзяўчаты любяцца, што ёсць на свеце каханне, нават і ў песнях аб ім спяваецца. Колас.

3. безас. Пра наяўнасць жадання, настрою пець. Ды і наогул на дзяўчат нібы які мор пайшоў: ім не спявалася, не гулялася. Паўлаў.

4. Зал. да спяваць (у 1, 2 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шна́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Шукаць навобмацак. Той [чалавек] ужо сам шнарыў рукою па комінку. Чорны. У вузкім пакойчыку на другім паверсе гаспадар падаў госцю крэсла, а сам зняў пінжак, павесіў яго ў шафу і пачаў заклапочана шнарыць у тумбачцы. Брыль. // Заходзіць, заглядваць у розныя месцы, шукаючы каго‑, што‑н. Немцы шнарылі па лесе, шукалі партызан у вёсках, а знайсці не маглі. Васілеўская. [Казуля] амаль не адыходзілася ад Алёшкі, бегала за ім па хаце, а калі часамі заставалася адна, то шнарыла па ўсіх закутках, шукала свайго апекуна. Ляўданскі.

•••

Шнарыць вачамі — пільна ўглядацца; шукаць позіркам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абма́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Пакратаць што‑н., дакрануцца да чаго‑н. Мікіта Мінавіч.. нагнуўся, абмацаў збоку сухую купіну і апусціўся правым каленам на яе. Кулакоўскі. // перан. Уважліва агледзець. [Толя:] — Павер мне, старому газетнаму прайдзісвету.. Я гэту кандыдатуру абмацаў і знізу і зверху. Чыгрынаў.

2. Абшукаць, абшарыць, мацаючы. Дзеці з цікавасцю кінуліся да торбачкі, уважліва абмацалі яе і сумныя адышліся. Якімовіч. // перан. Знайсці, намацаць, выявіць, шукаючы. Знойдзеш-абмацаеш яблыка і ўвап’ешся зубамі ў кіславата-салодкую смакату... Брыль. // перан. Высачыць, выведаць. Тут стрэльбы нашы ў галавах — Пяццю патронамі набіты, Каб не было часамі швах, Калі абмацаюць бандыты. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́ташна, безас. у знач. вык., каму.

1. Млосна, нядобра (пра стан здароўя). Накурыўся так, што моташна стала. □ Зірнуў яшчэ ўніз Мішка і моташна яму стала — нязручна быць лётчыкам без прывычкі. Лынькоў. Калыхаўся [хлопчык], пакуль не рабілася моташна, дамоў прыходзіў з асалавелымі вачыма. Хомчанка.

2. перан. Агідна, прыкра. [Паліна:] — Ды не дрыжы ты ўжо так!.. Глядзець моташна... Новікаў. Часамі абураўся і Уладзік. — Кінь ты, Лазар, цягнуць лазара! Слухаць моташна! Колас.

3. перан. Аб адчуванні тугі, адзіноты. Не варта было пакідаць .. [Зіну] сёння адну. Ёй адно горка і моташна. Васілёнак. — Моташна там на абрыве тарчаць, — уздыхнуў Мірон Патапавіч. — У сяло б перабрацца. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)